Вядомы гісторык Яўген Красулін кажа пра відавочныя паралелі з 20-мі гадамі мінулага стагоддзя і нашым сёння ў беларуска-літоўскіх стасунках. «Праблемы ўтвараюцца тады, калі вораг разбівае саюзы. Трэба вельмі далікатна ставіцца да саюзаў, якія існуюць. Трэба рабіць усё, каб гэтыя саюзы захаваць, іначай траекторыя паляціць і невядома куды нас яна потым завядзе».
У нядзелю, 3 сакавіка, у гасцёўні Беларускай Рады культуры ў Вільні адбылася лекцыя-гутарка з гісторыкам Яўгенам Красуліным на тэму Беларускага асобнага батальёна, які дзейнічаў у складзе Літоўскага войска і быў сфармаваны акурат 105 гадоў таму ў Коўне.
Гісторык Яўген Красулін. На экране сцяг Беларускага асобнага батальёна Літоўскай арміі
Лекцыі папярэднічаў прагляд літоўскага фільма, прысвечанага Беларускаму асобнаму батальёну, які пераклалі актывісты віленскай філіі «Руху беларускіх нацыяналістаў» — яны ж і арганізатары лекцыі-дыскусіі.
Гімн Беларускага асобнага батальёна
Распавядаем пра найбольш цікавыя моманты выступу Яўгена Красуліна, якія тычацца непасрэдна дзейнасці беларускіх вайскоўцаў у складзе Літоўскай арміі.
Расійская імперыя пасля трох гадоў удзелу ў Першай сусветнай вайне рушыцца, нацыянальныя эліты разумеюць, што гэта шанец на здабыццё незалежнасці. «Літоўцы першымі пабеглі ў гэтыя адчыненыя дзверы. Чаму ў іх быў шанец на поспех? Бо тэрыторыя Літвы была акупаваная немцамі. Немцы былі за любыя дзеянні, якія вядуць да паразы Расіі. Польшча таксама спяшаецца здабыць незалежнасць», — кажа Яўген Красулін.
Гісторык Яўген Красулін
16 лютага 1918 года Рада Літвы падпісвае Акт аб незалежнасці, які абвяшчаў стварэнне незалежнай дэмакратычнай Літвы са сталіцай у Вільні.
Беларусы глядзяць на суседзяў і таксама схіляюцца да незалежнасці. 18 снежня (5 снежня па старым стылі) 1917 года ў Мінску праходзіць Першы Усебеларускі з’езд. Пачынаецца палітычная кар’ера Кіпрыяна Кандратовіча, генерала расійскай арміі з багатым баявым досведам, які становіцца адказным за стварэнне беларускіх вайсковых адзінак.
Генерал Кіпрыян Кандратовіч
«Але Кандратовіч нерашучы. Другі дзяяч, Кастусь Езавітаў, быў больш амбітны, пазней ён Кандратовіча, з усім яго досведам, адштурхнуў у бок і ўзяў ужо на сябе шмат што ў фармаванні беларускага войска», — зазначае гісторык.
Кастусь Езавітаў у форме літоўскага ўзору
«Расійскія губерні, у якія ўваходзілі тэрыторыі Літвы і Беларусі, зрабіліся тэмай для натхнення ўдзельнікаў Усебеларускага з’езду. Напрыклад, у якой жа канфігурацыі існаваць далей? З формай можна вызначыцца: аўтаномія, незалежнасць, але ж і ў аўтаноміі, і ў незалежнай дзяржавы мусяць быць у першую чаргу межы. Дзе іх правесці? Па губернях? Гэта даволі складана, яны нарэзаныя так, што там апынуліся розныя народы, складана іх прылучыць да канкрэтнай краіны, — зазначае Яўген Красулін. — Літоўская Рэспубліка ў гэты момант таксама ідзе да свайго фармавання. Літоўцы не прэтэндавалі тады, прыкладам, на балтыйскае ўзбярэжжа, якое было ў немцаў. А вось Вільня і Віленскі край — гэта мэта, усё ж старажытная сталіца Вялікага Княства. (...)
Акрамя літоўцаў, па меншай меры, на гэтую тэрыторыю прэтэндавалі яшчэ і палякі. Гарадзенская і Віленская губерні — там большасць беларусаў, і яны мусяць быць нашымі, гучала на Усебеларускім з’ездзе. Калі возьмем Віленскую губерню, то там абсалютная большасць насельніцтва — беларусы. Пры гэтым Віленская губерня не роўная Віленскаму краю. Мы часцяком упускаем гэтую розніцу. Віленская губерня ішла далёка на ўсход, Глыбоччына, прыкладам, гэта таксама Віленская губерня, якая ішла амаль пад Полацк. (...) Але рэальная сіла перайшла на той момант у рукі Саветаў. І Саветы, як ведаем, паставілі кропку ў паседжаннях Усебеларускага з’езду».
Пачатак незалежнай ваеннай беларускай гісторыі
Пасля абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі ў сакавіку 1918 года пачынаецца фармаванне першага Беларускага палка, ідзе фармаванне першых беларускіх дружын, «па меншай меры, адна з іх — 800 чалавек — утворана ў Віцебску». «Але патрэбныя зброя, харчаванне, абмундзіраванне, жыллё. Няма сродкаў. Таму Першы Беларускі полк і не быў тады сфармаваны», — кажа гісторык.
«З гэтымі палкамі гісторыя ўвогуле складаная. 27 лютага ў даваеннай Літве адзначаўся Дзень беларускага войска, бо ў гэты дзень ўтварыўся Першы Беларускі асобны батальён. Але калі была другая гадавіна ўтварэння, то міністр па беларускіх справах Літоўскай Рэспублікі Язэп Варонка адзначыў, што не, насамрэч першая беларуская вайсковая частка была ўтворана 20 лютага 1918 года, то-бок калі была спроба стварыць Першы Беларускі полк у самой Беларусі, які праіснаваў літаральна некалькі дзён, пасля чаго быў расфармаваны і раззброены. Але для нашага будучага календара — чаму б не скарыстаць дату 20 лютага?», — лічыць Яўген Красулін.
Цяжкасці з утварэннем свайго войска прымушаюць увесну 1918 года шукаць варыянты, як можна абараніць, узмацніць беларускую прагу да незалежнасці: «І вось тады ўзнікаюць розныя варыянты. Хтосьці бачыць Польшчу як гаранта нашай незалежнасці. У Польшчы, як вядома, асаблівая сітуацыя, усё ж такі польскае пытанне — гэта даўняе пытанне. Усе заходнія краіны ў курсе гэтага пытання. І Захад не супраць незалежнасці Польшчы, для іх гэта зразумела, зразумела, чаму польская дзяржава павінна існаваць — яна ўжо існавала. А вось Украіна, Беларусь, Літва... Тут пытанні.
І таму ўкраінцам, беларусам, літоўцам трэба шукаць варыянты, як утрымацца, каб не падзялілі іншыя, больш моцныя гульцы. Адзін з варыянтаў — супольныя дзеянні, нейкія агульныя канцэпцыі, якраз тое, што абмяркоўвалася ў красавіку 1918 года на перамовах прадстаўнікоў БНР і Літоўскай Рэспублікі. І вось тут нараджаецца ідэя з апеляцыяй да мінулага, да агульнай дзяржавы ВКЛ. Нарадзілася канцэпцыя стварэння новай версіі ВКЛ — агульнай дзяржавы беларусаў і літоўцаў. Кастусь Езавітаў быў якраз прыхільнікам гэтай ідэі. І гэта ідэя і прыводзіць да нараджэння ў 1919-м беларускай вайсковай адзінкі ў літоўскім войску».
Між тым увосень 1918 года нямецкае войска вяртаецца дадому пасля капітуляцыі і лістападаўскай рэвалюцыі, затое прыходзяць расійскія бальшавікі: «Бальшавікі спачатку не супраць ні аўтаноміі, ні незалежнасці, ні нават беларускага войска. (...) Бальшавікі проста чакалі моманту. (...) Насамрэч яны хацелі адраджэння імперыі, няхай у новай вокладцы, але імперыі. Што яны і пачалі рабіць. (...) Праходзіць сход беларускіх бальшавікоў, там у тым ліку ёсць і вядомыя дзеячы беларускага руху, якія абралі не літоўскі, не польскі, а менавіта бальшавісцкі варыянт, пабачыўшы менавіта ў ім рэсурс для пабудовы незалежнасці».
А ў Літве назіраецца катастрафічны дэфіцыт кадраў у сваім войску: «І тут узнікае думка: чаму б не пазычыць у суседняга брацкага беларускага народа вось гэтыя кадры. Тады Кіпрыян Кандратовіч трапляе на пазіцыю віцэ-міністра па вайсковых справах Літвы, але ён нядоўга там пратрымаўся, ён быў непапулярны сярод літоўскіх афіцэраў. У літоўскіх крыніцах няшмат пазітыўнага пра яго. Кандратовіча абвінавачвалі, у першую чаргу, у наравістасці, у кепскім стаўленні да літоўцаў, нелюбові да літоўскай мовы, прыкладам, ён настойваў, каб загады і каманды аддаваліся па-расійску».
Літоўцы звяртаюцца не толькі да афіцэраў, але шукаюць і байцоў-беларусаў. У тагачасных медыя з’яўляюцца абвесткі, якія заклікаюць беларусаў далучацца, каб разам ваяваць за незалежнасць.
Абвестка аб наборы байцоў у беларускія вайсковыя часткі
«У выніку ў Гродне ў лютым 1919 года фармуецца вось гэтая самая беларуская адзінка.
Чаму Гродна? Гэты горад заставаўся адзіным вялікім, што не быў акупаваны бальшавікамі. І гэты горад разглядаўся літоўцамі — пры ўмове рэалізацыі праекта новай супольнай дзяржавы — у складзе аб’яднанай дзяржавы Літвы і Беларусі. Потым гэтая адзінка была расфармаваная і раззброеная палякамі. У выніку некаторыя афіцэры апынуліся пад арыштам, некаторыя, пераважна каталікі, пад уплывам агітацыі польскіх афіцэраў уступілі ў Польскую армію. Частка перабазавалася ў Коўна, дзе на падмурку пятай роты Беларускага палка ствараецца Першы Беларускі асобны батальён, — распавядае Яўген Красулін. — Беларускі батальён існаваў не самастойна, яго ўключылі ў склад Другога палка Літоўскай арміі. Другі і Трэці палкі накіравалі на поўнач Літвы для ўдзелу ў баявых дзеяннях».
Начальнік Беларускага вайсковага бюро ў Коўна Віталь Казлоў. На мундуры — бел-чырвона-белая стужка, якая вызначала байцоў беларускіх частак. 9 лістапада 1919 г.
Калі казаць пра баявы шлях Беларускага батальёна (у яго ўваходзіла дзесьці каля 800 чалавек), то зона яго адказнасці была ў кірунку ад Панявежыса да Даўгаўпілса.
6 ліпеня 1919 года беларусы ўступілі ў баявыя дзеянні. 7 ліпеня — першая страта, адзін са стральцоў быў забіты, пры гэтым удала адкінуўшы бальшавікоў. Бальшавікам не атрымалася пайсці на Коўна, беларусы і літоўцы — з поўначы ім дапамагалі латышы — адбілі націск.
Байцы Беларускага асобнага батальёна на Даўгаўпілскім фронце, лета 1919 г.
«Пасля таго, як Беларускі батальён дайшоў да Даўгаўпілса і адкінуў бальшавікоў за Дзвіну, батальён быў адпраўлены на тэрыторыю цяперашняй Беларусі — пад Браслаў. Далей яны спусціліся ў раён Друскенікаў. Варта пачытаць успаміны афіцэра Аляксандра Ружанцова, тады становіцца зразумелым, што ў складзе літоўскага войска беларусы ваявалі менавіта за Беларусь супраць бальшавіцкай навалы. Дарэчы, Ружанцоў апісвае і прабеларускую дзейнасць батальёна — як ставілі беларускамоўныя спектаклі і распаўсюджвалі беларускую газету ў месцах дыслакацыі. Ружанцоў — кавалер Крыжа Віціса, найвышэйшай вайсковай узнагароды Літвы, як яшчэ 50 беларусаў», — зазначае гісторык.
Крыж Віціса
Канец батальёна
А вось далей было «ўсё складаней». «РСФСР улетку 1919 года пасля няўдалых для сябе дзеянняў на поўначы Літвы дамаўляецца з Літоўскай Рэспублікай аб спыненні баявых дзеянняў. Потым на падмурку гэтага пагаднення падпісваецца Маскоўская дамова паміж РСФСР і ЛР, па якой Вільня і Віленскі край адыходзяць Літве, Гродна з Гродзенскай губерняй — таксама. Далей завяршаецца вайна паміж Польшчай і РСФСР — тым, што статус-кво фіксуецца Рыжскай дамовай 1921 года, праводзіцца мяжа паміж Савецкай Расіяй і Польшчай (ледзь не пасярод Беларусі), Вільня і Віленскі край захоўваюцца за Літвой. Потым польскі генерал Жалігоўскі праводзіць свой «бунт», ён кіраваў літоўска-беларускай дывізіяй у Польскім войску, бярэ Вільню, аб’яўляе дзяржаву Сярэдзінную Літву, а потым ўз’яднанне гэтай дзяржавы, то-бок Вільні і Віленскага краю, з Рэччу Паспалітай. У 1940 годзе Літва вымушаная ўвайсці ў склад СССР, вярнула сабе Вільню, але не атрымала Гродна», — нагадвае Яўген Красулін.
Паводле гісторыка, пасля вайны з Саветамі Беларускі батальён у Літоўскай Рэспубліцы быў акружаны пашанай, першы прэзідэнт Літвы Антанас Смятона выразіў беларусам падзяку за іх удзел у барацьбе за літоўскую незалежнасць.
Беларускі асобны батальён у складзе Літоўскага войска
«Падавалася, усё добра. Але на небе ўжо хмарыцца. Войны скончыліся, мірная дамова падпісаная, але засталіся людзі, ідэі, матывацыі — і яны вельмі рознанакіраваныя. Вось ёсць Польшча, ёсць Літва, ёсць БССР — і паўсюль ёсць беларусы, і сярод іх таксама — розныя мары, розныя скіраванасці, рознае бачанне, як заваяваць сваю незалежнасць. Рыжская дамова, якая падзяліла Беларусь, была вельмі раздражняльным фактарам як для беларусаў, так і для літоўцаў, — распавядае Яўген Красулін. — Паказальная гісторыя са стварэннем Саюза беларускіх стральцоў па аналогіі з літоўскім. Туды ўваходзіла да 200 чалавек. Бралі ўдзел у вайне, а пасля завяршэння вайны пачалі здзяйсняць дыверсіі на беларускіх тэрыторыях, якія адышлі да Польшчы. Палякі ў адказ сталі фармаваць свае атрады і засылаць іх на тэрыторыю Літвы. Хто цярпеў ад гэтага? Усе. Мірныя жыхары Літвы, Беларусі і Польшчы. Лёс атраду беларускіх стральцоў быў даволі сумным. Калі літоўцы пачалі прыкрываць ягоную дзейнасць (бо іх дыверсійная актыўнасць нікому ўжо не была патрэбная — нестабільнасць, страты і г. д.), частка стральцоў з боем прайшла на тэрыторыю БССР. Іх пераканалі савецкія агітатары так вось вярнуцца ў Беларусь, маўляў, ні Польшча, ні Літва не дадуць сапраўднай незалежнасці».
Трэба адзначыць, што па мірнай дамове з Саветамі Літва абавязвалася прыбраць са сваёй тэрыторыі ўсе антыбальшавіцкія ўтварэнні, у тым ліку і Раду БНР. Што праўда, літоўцы не выконвалі гэты пункт — да 1924 года Рада БНР працавала ў Літве.
Знаёмая гісторыя
«І вось, як і цяпер, дзесьці з 1923 года ў літоўскіх наратывах пачалі з’яўляцца тэмы, што «беларусы ўсе — бальшавікі, а калі не бальшавікі, дык палякі, і гэта пятая калона, якая пры пэўных абставінах можа нарабіць шмат шкоды нашай маладой Літоўскай Рэспубліцы». І вось гэтыя наратывы нарасталі-нарасталі і прывялі да таго, што літоўцы, моцна напалохаўшы самі сябе, у 1923 годзе расфармавалі Першы асобны Беларускі батальён. Паставілі такім чынам кропку на гісторыі стварэння і існавання беларускіх нацыянальных частак у складзе Літоўскага войска.
А ў 1924 годзе ўтвараецца такая невыносная сітуацыя, што і Рада БНР вымушаная пакінуць Літву і пераязджае ў Прагу. Тут шмат версій, чаму літоўцы абралі такую палітыку, — кажа Яўген Красулін. — Можа, яны і сапраўды баяліся, што беларусы такія маюць дрэнныя намеры да Літвы. Ёсць і іншая версія, што Савецкая Расія, а потым і СССР разглядаліся літоўцамі як аб’ект, з якім не трэба варагаваць і якога не трэба раздражняць. Дарэчы, літоўская выведка ледзь не адзіная ў Еўропе спецслужба, якая актыўна супрацоўнічала з савецкай выведкай».
На думку гісторыка, для нас, цяперашніх беларусаў, «гэта гісторыя з Беларускім батальёнам і іншымі беларускімі структурамі мусіць працаваць на будучыню».
«Мы мусім утвараць такія фактары, спрабаваць іх фармаваць загадзя, каб наш рух не пераўтварыўся ў вечны бег па коле. І каб мы ў выніку вырваліся з гэтага зачараванага кола і адсутнасці незалежнасці, і суверэнітэту, і дыктатуры, — лічыць Яўген Красулін. — Праблемы ўтвараюцца тады, калі вораг разбівае саюзы. Трэба вельмі далікатна ставіцца да саюзаў, якія існуюць. Трэба рабіць усё, каб гэтыя саюзы захаваць, іначай траекторыя паляціць і невядома куды нас яна потым завядзе.
Таму ў нас цяпер задача захаваць вось гэтыя добрыя адносіны паміж беларусамі і літоўцамі дзеля таго, каб будаваць сумесную будучыню, сумесную не ў адной дзяржаве, зразумела, але як добрых суседзяў».
Рыгор Сапежынскі, budzma.org
Фота аўтара, архіўныя з адкрытых крыніц у Сеціве, са збораў Нацыянальнага музея гісторыі Украіны, Кіеў.
Чытайце яшчэ: Як беларусы змагаліся за незалежнасць Літвы стагоддзе таму