Ліхадзей савецка-польскага памежжа

Сёння 120-я гадавіна з дня нараджэння слыннага прадстаўніка польска-беларускай літаратуры Сяргея Пясецкага. Самы час прыгадаць лёс і найлепшыя творы пісьменніка, кантрабандыста, злачынца і разведчыка.

Пазашлюбны сын збяднелага шляхціца

Сяргей Пясецкі нарадзіўся 1 красавіка 1901 года ў мястэчку Ляхавічы. Будучы пісьменнік быў пазашлюбным сынам збяднелага шляхціца Міхаіла Пясецкага і сялянкі Клаўдзіі Кулаковіч. Бацька мала цікавіўся сынам, і большую частку дзяцінства будучага пісьменніка выхоўвала мачаха Філамена Грушэўская. У сям’і ўсе размаўлялі па-руску, што ў будучыні сыграе важную ролю ў працы пісьменніка. Яшчэ ў падлеткавым узросце Сяргей трапіў у турму праз бойку ў школе, паводле іншых крыніц — за спробу ўзброенага нападу на інспектара гімназіі. Тэрмін аказаўся кароткім, бо свабоду прынесла рэвалюцыя 1917 года. Так Сяргей Пясецкі апынуўся ў Маскве.

Сведка крывавых падзей

Стаўшы сведкам крывавых рэвалюцыйных падзей, Пясецкі на ўсё жыццё ўзненавідзеў ідэалогію бальшавікоў. Вярнуўшыся праз ахопленую тэрорам і анархіяй краіну ў Мінск, Сяргей трапіў у мясцовае крымінальнае кола. На той час Мінск быў сапраўднай крымінальнай сталіцай. Праз тое што, ніводная ўлада, якая прыходзіла ў Мінск ў перыяд 1918–1920 гг., не паспявала ўсталяваць свае законы, у сталіцу сцягнуліся крымінальныя элементы з Масквы, Вільні, Варшавы, Кіева і Адэсы.

Мінская трылогія

Зборнік з трох кніг «Яблычак», «Гляну ў аконца», «Ніхто дабром не дасць збаўлення». Кнігі атрымалі свае назвы паводле песень, якія спяваліся ў крымінальных колах таго часу. Былі напісаны Сяргеем Пясецкім у 1946–1947 гг.

У кнігах апісаныя падзеі 1918–1919 гг., калі ў прыфрантавы горад з усіх куткоў былой Расійскай імперыі пачалі сцякацца бандыты, махляры і прастытуткі ў пошуках лёгкага заробку. У вір падзей і жыццё горада ўпісанае лірычнае жыццё галоўнага героя, злачынца Аліка Барана. Пульс падзей трымае чытача ад першага да апошняга радка трылогіі.

2) Менская трылогія.png

Серыя кніг з “Мінскай трылогіі”

Праз нейкі час Пясецкі далучыцца да шэрагаў беларускай паўстанцкай арганізацыі «Зялёны дуб». Калі атрад будзе разбіты, наступным фармаваннем стане Літоўска-Беларуская дывізія, якая ў той час удзельнічала ў польска-бальшавіцкай вайне. Пасля вайны дваццацігадовы юнак апынуўся на польскім баку мяжы. Без грошай, прафесіі і сям’і. Тады ён трапіў на вока агентам 2-га аддзела польскага генштаба, які займаўся разведкай. Дзякуючы таму, што Пясецкі добра валодаў рускай і беларускай мовамі, ён без ваганняў прымае іх прапанову аб супрацоўніцтве.

Па абодва бакі мяжы

Веды, атрыманыя ў мінскіх злачынцаў, Пясецкаму вельмі спатрэбіліся. Яму давяралі перавод грошай для дзейнасці агентаў на ўсходзе. Кіраўніцтва разведкі плаціла няшмат, таму Пясецкі заняўся кантрабандай, якая прыносіла значна большы даход. Падтрымліваючы кантакты з савецкімі афіцэрам, Сяргей даволі часта спажываў какаін для іх вярбоўкі. Праз гэта ў яго развілася залежнасць, і яго вызвалілі ад разведкі.

Памежжа жыло асаблівым жыццём. Тут квітнела кантрабанда, а неафіцыйнай сталіцай гэтага віру падзей стала мястэчка Ракаў. Сотні людзей займаліся тым, што перапраўлялі па абодва бакі мяжы разнастайныя тавары. Будучы кантрабандыстам. Пясецкі мог 30 разоў за месяц незаконна перасячы мяжу. Часцей за ўсё гэта адбывалася ўначы. Мінаючы памежныя перашкоды і пасткі, кантрабандысты за ноч праходзілі шлях ад Ракава да Мінска і назад.

«Каханак Вялікай Мядзведзіцы»

Першы выдадзены твор Сяргея Пясецкага. Аўтабіяграфічны раман расказвае чытачу пра насычанае жыццё кантрабандыстаў з Ракава. Асабістыя перажыванні, характэрныя героі, каларытныя апісанні і начныя памежныя прыгоды пад пільным наглядам Вялікай Мядзведзіцы.

3) Каханак вялікай мядзедзіцы.jpg

Пад уздзеяннем наркотыкаў Пясецкі здзейсніў напад з рэвальверам на двух яўрэйскіх гандляроў. Пазней з паплечнікам ён нападзе на пасажыраў вузкакалейкі. Паліцыя, абапіраючыся на данос каханкі паплечніка, арыштуе іх у Вільні. У 1926 годзе суд прыгаворвае Пясецкага да смяротнага пакарання, але яго ўратавала мінулае разведчыка, таму вырак змянілі на 15 гадоў турмы.

«Лепш няхай піша, чым арганізоўвае чарговы бунт»

Першапачаткова Пясецкі адбываў пакаранне ў Лідзе, пасля чаго быў этапаваны ў самую жорсткую вязніцу Польшчы — «Святы крыж», дзе праз два гады захварэў на сухоты. Неаднаразова Пясецкі арганізоўваў бунты і ўтрымліваўся ў адзіночнай вязніцы за свае паводзіны ў турме. Менавіта ў няволі пачынаецца творчая будучыня пісьменніка.

У турэмнай бібліятэцы Пясецкі пачынае вывучаць літаратурную польскую мову, якой ён не ведаў. Аднойчы яму у рукі выпадкова трапіў абрывак газеты з аб’явай пра літаратурны конкурс. Маючы велізарны жыццёва-прыгодніцкі вопыт, вязень вырашыў удзельнічаць у конкурсе. Пясецкаму нават выдалі чысты сшытак. «Лепш няхай піша, чым арганізоўвае чарговы бунт». Даволі хутка з’явілася аўтабіяграфічная аповесць «Пяты этап», героямі якой былі кантрабандысты і разведчыкі. Але турэмная цэнзура не дазволіла даслаць яе на конкурс. Тое ж было і з другой аповесцю «Дарога да сцяны».

Толькі трэці твор — «Каханак Вялікай Мядзведзіцы» — трапіў да чытачоў. Гэты твор змяніў лёс аўтара. У 1937 годзе кніга была выдадзеная і даволі хутка стала бэстсэлерам. Яе перавыдавалі некалькі разоў, а таксама пераклалі на замежныя мовы. Калі чытачы даведаліся, што аўтар знаходзіцца ў турме, была разгорнутая шырокая грамадская кампанія за вызваленне пісьменніка.

У жніўні 1937 года ён выйшаў на волю. Нобелеўская прэмія Праз некалькі гадоў пачаліся размовы пра намінаванне Сяргея Пясецкага на Нобелеўскую прэмію, але выбухнула вайна. У 1942 годзе ён ажаніўся з Ядвігай Вашкевіч, прыняўшы каталіцтва. У 1944 годзе ў іх народзіцца сын Уладзіслаў. Падчас Другой сусветнай вайны Пясецкі быў байцом Арміі Краёвай і ўваходзіў у шэрагі асобнай групы Віленскай акругі. Далучэнне Заходняй Беларусі да БССР і падзеі вайны на тэрыторыі Беларусі таксама знайшлі месца ў творчасці аўтара.

«Запіскі афіцэра Чырвонай арміі»

Сяргей Пясецкі пачаў працу над раманам у 1946 годзе, але выдадзены твор быў толькі ў 1957-м. Раман напісаны ў форме дзённіка афіцэра Чырвонай арміі Міхаіла Зубава, што трапіў у Заходнюю Беларусь падчас «вызвалення» ў верасні 1939 г. Кніга напісаная простай мовай, тым самым аўтар паказвае свет вачыма тыповага прадстаўніка homo sovieticus. Па кнізе можна адсачыць лёс і паводзіны афіцэра, які трапіў у вір ваенных дзеянняў.

5) Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі.jpg


Пасля вайны Пясецкі перабраўся ў Італію, адтуль эміграваў ў Англію, дзе працягваў творчую дзейнасць. Нягледзячы на тое, што яго раманы перакладаліся на розныя мовы і выдаваліся ў розных краінах, пісьменнік жыў небагата, бо выдавецтвы не вельмі рупіліся пра перасылку аўтару ганарараў. Сяргей Пясецкі памёр ад раку 12 верасня 1964 года. Ён пахаваны ўдалечыні ад Беларусі, у якой нарадзіўся, — у горадзе Гастынгс у Вялікабрытаніі.

На жаль, толькі цяпер яго творы пачалі актыўна перакладаць на беларускую мову, і беларускі чытач мае магчымасць прачытаць прыгодніцкія раманы аўтара з Ляхавіч. Але лепш позна, чым ніколі.

Антон Шаранкевіч, budzma.by