Дзень пралятае незаўважна і безвынікова: нічога не зроблена, а сіл няма нават нармальна павячэраць. Знаёма? І звычайна парады, як гэтага пазбегнуць, гучаць прыкладна так:
— гуляць на свежым паветры не менш за 2-3 гадзіны на дзень;
— спаць не менш за 8-9 гадзін кожны дзень;
— займацца спортам (фітнес, пілатэс і г. д.) не меней за 3-4 разы на тыдзень;
— бавіць дзень на прыродзе і ў спакоі хаця б раз на тыдзень;
— кожную гадзіну працы за маніторам рабіць перапынак, гімнастыку для вачэй і г. д.;
— менш часу бавіць з тэлефонам і ў сацсетках і да т. п.
Гэта, безумоўна, дапаможа, калі ў вас ёсць некалькі гадзін вольнага часу штодня. А што рабіць тым, каму рытм жыцця пакуль не дазваляе выдаткоўваць столькі часу на аднаўленне сваіх энергетычных запасаў?
Прапануем 5 падказак па аднаўленні і захаванні энергіі.
Падказка 1: прыбіраемся!
Так, вядома, «прыборка ў хаце адбірае столькі сілаў і часу, якіх і так ні на што не хапае! А праз дзень усё адно ўсюды бруд, рэчы не на месцах». Калі вы жывяце не адзін/адна, то захаваць парадак сапраўды вельмі цяжка. Але выйсце ёсць! Прывядзіце да ладу (і падтрымлівайце там чысціню пастаянна) адзін куточак — на гэта не трэба шмат сілаў і часу. Абярыце «сваё» месца і заўжды трымайце яго ў чысціні. Зрабіце там усё, як падабаецца вам: расстаўце любімыя (патрэбныя) рэчы, падбярыце колеры. І сачыце, каб у гэтым кутку заўжды было чыста і прыгожа — так, як падабаецца вам.
Будзьце гатовыя да таго, што першы час на гэтае месца будуць «спакушацца» ўсе, хто жыве побач: намагацца прысесці, паляжаць, раскласці свае рэчы і г. д. Але праз пару тыдняў настойлівых тлумачэнняў, што гэты куток ваш, там маюць права знаходзіцца толькі вашыя рэчы, што пасядзець/паляжаць там, вядома, можна, але абавязкова трэба ўсё за сабой прыбраць і расправіць, дадуць свой плён. І падтрымліваць парадак там будзе нескладана. Гэты куток будзе вашым «месцам сілы»: праводзьце там пэўны час штодня, і вы адчуеце станоўчыя змены.
Падказка 2: успамінаем!
Знайдзіце ў сваім шчыльным графіку хвілін 15-20 і складзіце спіс таго, што вы задумалі/паабяцалі камусьці зрабіць і не выканалі дагэтуль. Справы накшталт «сустрэцца з сябрамі за кубкам гарбаты» сюды таксама варта ўнесці.
Псіхолагі і коўчы сцвярджаюць, што незавершаныя справы, нявыкананыя абяцанні цягнуць з нас вельмі шмат энергіі: мы пастаянна звяртаемся ў думках да іх і шкадуем: «Ах, зноў не зроблена...» Натуральна, з цягам часу актуальнасць некаторых «абяцанак» змяншаецца. Для гэтага і трэба складаць спіс: уважліва пераглдзьце ўсе пункты і вырашыце, ці сапраўды вам так трэба прагледзець суполку па развядзенні хатніх фіялак, якую параіла вам сяброўка. Усе справы, якія страцілі актуальнасць для вас, выкрэслівайце: і са спісу, і са свайго жыцця! Усё, што застаецца пасля «рэвізіі», пачынаем паступова выконваць. У залежнасці ад актуальнасці і «рэсурсазатратнасці» расстаўляем прыярытэты і плануем, напрыклад, што кожны тыдзень будзе выкананая адна справа з гэтага спісу.
І кожны раз, як адчуваеце адсутнасць сілаў і жадання што-небудзь рабіць, звяртайцеся да гэтай практыкі і «чысціце» свой спіс.
Падказка 3: робім!
Спіс абяцанак і патрэбных справаў складзены і пачышчаны, а энергіі на выкананне ўсяго, што там напісана, усё роўна няма? Яшчэ 15 хвілін вашага часу — успомніце адну сваю «хацелку», якую рэальна выканаць, але якую вы пастаянна адкладаеце: часу няма, грошай не хапае і г. д. Тут важна абраць менавіта з пункта «хачу», а не «трэба/варта было б». Напрыклад, гэта можа быць даўняе жаданне раздрукаваць прыгожыя здымкі з вандровак ці іншых прыемных момантаў. Альбо сустрэча са школьнай сяброўкай ці паход на кніжную выставу. Рэалізацыя асабістага жадання дадае энергіі і натхняе на выкананне больш складаных задач. Паспрабуйце!
Падказка 4: шукаем!
Зноў звернемся да парадаў псіхолага. Каб мець жаданне (калі яно ёсць, знаходзяцца і магчымасці) штосьці рабіць, важна знайсці ў сваім жыцці месца для... сябе! Так, яшчэ раз на 15 хвілін трэба задумацца. Прааналізуйце свой штодзённы расклад — ці ёсць у ім час і прастора на вас? Не на жыццёва неабходнае (паспаць, паесці і да т. п.), а на вашу асобу. Ад чаго вы атрымліваеце асалоду? Пачытаць цікавую кнігу, паглядзець серыял, пагуляцца з коцікам ці абмеркаваць у сацсетках сённяшняе надвор’е? Проста вылучыце ў сваім раскладзе час (колькі вам дазволіць лад жыцця і знешнія абставіны) і месца, калі вы будзеце займацца выключна тым, што любіце. Няхай гэта будзе 15 хвілін штодзень і пару гадзін на выходных, але вы мусіце ведаць, што яны належаць толькі вам. Тут важныя два прынцыпы: гэты час і месца мусяць быць сістэматычнымі (штодзень, штотыдзень, штомесяц), і, абіраючы сабе занятак на гэты час, вы мусіце быць шчырым. Тут няма «правільных» і «няправільных» рэчаў. Гэты час і прастора не мусяць быць патрачаныя дзеля карысці (чытаць разумныя кніжкі ці вучыць замежныя мовы, калі вам гэта не падабаецца, абсалютна не варта), гэта час на тое, каб атрымаць асалоду ад жыцця.
Падказка 5: вочы ўгару!
Гэтай практыкай падзяліўся са мной калісьці трэнер — трэба часцей глядзець на неба. Неабавязкова «завісаць» на некалькі хвілінаў, углядаючыся ў сінь (шэрань, блакіт і г. д.), хапае і некалькіх імгненняў. Паглядзіце на неабсяжную прастору, заўважце, якога колеру неба, ці ёсць на ім аблокі (гэта важна: не механічна падняць вочы ўгару, а менавіта паглядзець на неба). Уявіце, наколькі вялікі наш свет, зразумейце, што ў ім знойдзецца месца і магчымасць на здзяйсненне ўсіх вашых мараў, рэалізацыю планаў... І — наперад, здзяйсняць і рэалізоўваць! Толькі, выконваючы гэтае практыкаванне, не забывайцеся на тэхніку бяспекі: не варта ўглядацца ў неба пасярод дарогі, напрыклад.
Натхнення і сілаў кожнаму з нас!
Вікторыя Лебедзева, budzma.by