У дзяцей каронавірусная інфекцыя, абумоўленая штамам «амікрон», як правіла, пачынаецца з высокай тэмпературы. Пра гэта паведаміла начальнік аддзела медыцынскай дапамогі маці і дзецям камітэта па ахове здароўя Мінгарвыканкама Кацярына Янушчык, перадае карэспандэнт агенцтва «Мінск-Навіны».
— Тэмпература можа быць і 39,6, і да 40 градусаў (па Цэльсіі), — адзначыла Я. Янушчык. — Ліхаманіць дзіця некалькі дзён. Але трэба не панікаваць, а вымяраць тэмпературу кожныя тры гадзіны. Пры гэтым тэмпературу вышэй за 38,5 градуса збівайце гарачкапаніжальнымі прэпаратамі. Можна яшчэ абціраць хворае дзіця вільготнымі прахалоднымі ручнікамі.
Па словах спецыяліста, уздым тэмпературы цела — гэта нармальная рэакцыя арганізма на любую вірусную інфекцыю. Такім чынам ён змагаецца з вірусамі — выпрацоўвае інтэрферон. Таксама Я. Янушчык патлумачыла, што тэмпературу да 38 градусаў збіваць не трэба, бо ў гэтым выпадку (калі будзеце збіваць тэмпературу) інтэрферон будзе выпрацоўвацца ў меншых колькасцях, адпаведна — у арганізма будзе менш сіл для супраціву вірусам. Сярод іншых сімптомаў — рыніт, заложенность носа, кан’юктывіт, часам далучаецца кашаль. У любым выпадку трэба пракансультавацца з лекарам.