Прыкладна ў 1926 г. захоплены постаццю Францішка Скарыны паэт-маладняковец Сяргей Дарожны напісаў:
У пажоўклых палёх шырокіх
Хай сумуе аплаканы вецер
Быў друкар, ня спыняў свое крокі…
Ўсьлед пайшло аж чатыры сталецьці.
Той друкарскі станок даўно згніў,
І старэнькая Біблія зжоўкла…
Новы век залацістыя дні
Парассыпаў цяпер навокала.
І заляскала тройчы машына
Песьняй сталі на белай паперы
Пра мінулую постаць Скарыны
Што з краінаю ў новае верыў.
Тады, у 1920-я гг., актыўна праводзілася беларусізацыя, рэспубліка была ахопленая вялікім культурным уздымам, імкліва развівалася і выдавецкая справа. Тагачасныя літаратары, выдаўцы, друкары адчулі сябе спадкаемцамі Скарыны, прадаўжальнікамі ягонай справы, а раннесавецкі друкарскі варштат выводзіў свой радавод ад скарынаўскага станка чатырохсотгадовай даўніны. Таму не асабліва і здзіўляешся, калі сустракаеш у архіўных дакументах звесткі, напрыклад, пра тое, што Гомельская філія “Маладняка” планавала ў нядзелю 24 студзеня 1926 г. у межах аднаго мерапрыемства сумясціць “вечар памяці Скарыны” і 7-ю гадавіну абвяшчэння БССР (Беларускі дзяржаўны архіў літаратуры і мастацтва. Ф. 225, воп. 1, адз. зах. 12, арк. 11). Тэма, вядома ж, мае сваю прыцягальнасць для даследчыкаў. У інтэрнэце можна пазнаёміцца з цікавымі артыкуламі “Францыск Скарына – пралетарскі першадрукар. Як у БССР святкавалі 400-годдзе беларускага друку” Уладзіміра Садоўскага і “Чатырохсотлецьце”: як беларусы святкавалі юбілей кнігадруку 90 гадоў таму” Канстанціна Касяка.
У класіка нашай літаратуры Максіма Багдановіча ёсць вершы “Летапісец” і “Перапісчык” – гэта пра старадаўнія, яшчэ даскарынаўскія часы, калі ніякіх друкарскіх машын не было, а кнігі перапісваліся ад рукі:
На чыстым аркушы, прад вузенькім акном,
Прыгожа літары выводзіць ён пяром,
Ўстаўляючы паміж іх чорнымі радамі
Чырвоную страку; усякімі цьвятамі,
Рознакалёрнымі галоўкамі зьвяроў
І птах нявіданных, спляценьнем завіткоў
Ён пакрашае скрозь – даволі ёсьць знароўкі –
Свае шматфарбныя застаўкі і канцоўкі,
І загалоўкі ўсе, – няма куды сьпяшыць!
(“Перапісчык”)
Прыйшла новая эпоха – і ў літаратуру прыйшоў новы герой, той самы друкар першага савецкага дзесяцігоддзя і адначасова – спадкаемца Скарынавай справы. Паэт-урбаніст Андрэй Александровіч з захапленнем пісаў:
І дзень і ноч дрыжыць ліхтар,
сьвінцовы пыл у вочы звоніць.
над касай весела друкар
трымае літары ў далоні.
Кладзе ў радкі, бы мосьціць брук:
за словам слова, так артыкул
вясёлай песьняй творыць друк,
але баліць рука-матыка.
(“Друкар”)
Гэта быў “вольны друк” на роднай мове, пашырэнне беларускай адукацыі, культуры, навукі. Прафесія друкара сапраўды стала шанаванай і запатрабаванай. Праўда, не ўсё тады яшчэ ў выдавецкай справе ішло гладка – як можна зразумець з таго верша Александровіча, звычайнай справай былі і вытворчыя траўмы:
І дзень і ноч машынаў гул
цалуе горача рабочых.
Таму руку, таму нагу
прыцісьне й радасна рагоча.
Але нават гэта друкара не засмучае – ён аптымістычна глядзіць у будучыню і верыць у трыумф тэхнічнага прагрэсу:
Варстат заменіць соткі рук, –
што робіш ноч, ён дасьць хвілінай…
Гэй ты, крылаты вольны друк,
цябе вітаю я, машына!
А вось як апеў яшчэ адну прафесію, звязаную з выдавецкай справай, Янка Відук (Скрыган), які сам у тыя гады працаваў у газетах “Вясковы будаўнік” і “Чырвоная Полаччына”:
Стаіць над касаю, –
напяты зрок вачэй.
Гранёных літараў
насыпаны пячуркі.
Рука прывычная,
скачы спрытней, ямчэй,
стаўляй у строгасьці
каравыя фігуркі.
Радок адзін,
радок другі – яшчэ…
Шпагатам скручана
высокая калёнка
(А за сьцяной
гудзе машынны цэх –
газэтных аркушаў
друкуюцца старонкі.)
Ад наборшчыка ў кніжнай вытворчасці сапраўды залежыць вельмі шмат. Некаторыя выданні 1920-х гадоў яскрава дэманструюць тагачасныя магчымасці набору. Скажам, у паэтычнай кнізе ўжо згаданага А. Александровіча “Прозалаць” (1926) ёсць вершы, набраныя ў выглядзе трыкутніка і шасцікутнай зоркі, а ў ковенскім беларускім часопісе “Крывіч” многія вершы яго рэдактара Вацлава Ластоўскага набраныя паводле восі сіметрыі. Чыім прыкладам натхняўся Ластоўскі? Вядома ж, Скарынавым: першадрукар таксама надаваў заканчэнням некаторых сваіх прадмоваў і пасляслоўяў сіметрычную форму. А яшчэ дастаткова зірнуць на вокладку “Крывіча”, каб пабачыць такі знаёмы шрыфт… Дарэчы, менавіта Ластоўскі адзін з першых прапанаваў адзначыць 400-годдзе беларускага друку.
З перыядам актыўнай папулярызацыі асобы Францішка Скарыны – “першага беларускага вучонага і друкара” супала выданне серыі “Кніжніца “Маладняка”, ініцыятыва стварэння якой належала вядомаму паэту Уладзіміру Дубоўку. Усяго ў серыі выйшла каля 60 кніг паэзіі і прозы сяброў аб’яднання. Сярод іх – Міхась Чарот, Міхась Зарэцкі, Язэп Пушча, Адам Бабарэка, Кузьма Чорны, Алесь Дудар, Кандрат Крапіва, Паўлюк Трус… Друкаваліся і творы замежных аўтараў: “Баляда Рэдынгскае турмы” Оскара Ўайлда і “Антыгона” Сафокла ў перакладах адпаведна Міхася Дуброўскага і Юльяна Дрэйзіна. Афармленне вокладак распрацаваў мастак Анатоль Тычына.
Найбуйнейшай жа выдавецкай установай рэспублікі стала Беларускае дзяржаўнае выдавецтва, створанае ў ліпені 1924 г. у выніку аб’яднання “Белтрэстдруку” (Дзяржаўнага трэста выдавецкай справы і паліграфічнай прамысловасці Беларусі) і кааператыўнага выдавецтва “Савецкая Беларусь”. У Заходняй Беларусі дзейнічалі “Беларускае выдавецкае таварыства”, выдавецтвы Б. Клецкіна і У. Знамяроўскага, Выдавецтва ТБШ і іншыя.
Натуральна, што развіццё выдавецкай справы пацягнула за сабой і развіццё кніжнай, часопіснай і газетнай графікі. Кнігу – і міжваеннага перыяду, і сучасную – цяжка ўявіць без яшчэ адной важнай асобы – мастака. У 1920 – 1930-х гг. афармленнем кніг займаліся такія майстры графікі, як Аляксандр Ахола-Вало, Павел Гуткоўскі, Валяр’ян Дваракоўскі, Генадзь Змудзінскі, Барыс Малкін, Анатоль Тычына, Міхась Філіповіч і іншыя. Аднак на многіх кнігах прозвішчы мастакоў не пазначаныя, і хто афармляў выданні – дагэтуль застаецца таямніцай. Стылістыка афармлення была самая разнастайная: хтосьці арыентаваўся на ранейшыя класічныя традыцыі, а хтосьці на супрэматызм і “левае мастацтва”.
Радасна-захопленае пачуццё аўтара, які здаў новую кнігу ў набор, адлюстраваў у вершы “Кніга” Алесь Дудар. Аднак разам з гэтым выказаў і скептычную думку, што літаратурныя прызнанне і вядомасць – з’явы не вечныя, а чаканая ўчора кніга можа заўтра трапіць у забыццё:
Змора ня хіліць, ня вабіць яда
ад вобразаў, слоў і форм.
Поэта нарэшце скончыў і здаў,
і кніга пайшла ў набор.
Гарэла вітрына у сотні фарб.
Кніг столькі – глядзі ды глядзі!..
Поэта-ж убачыў поўны чар
маленькі томік адзін.
За годам год – чарада прайшла.
Шмат кніг – вялікіх, малых…
Хто ўспомніць, канчаючы дальні шлях,
слупоў прыдарожных лік.
І там, на асфальце, пад шэрай сьцяной,
дзе кнігі расклаў букініст,
вялікі поэта штурхнуў нагой
забытага томіка ліст.
У часы, калі кніга запанавала, ператварылася ў звыклую з’яву, калі кніг стала шмат, як тых прыдарожных слупоў, пачало яскравей заўважацца, як хутка змяняюцца літаратурныя пакаленні…
Віктар Жыбуль