Грамадская арганізацыя «Годна» разам з гуртом @nochyband выпусцілі адмысловы кліп да Міжнароднага дня роднай мовы.
«Гэта не проста песня — гэта моцны адказ усім, хто спрабуе прымусіць нас забыцца, саромецца або маўчаць», — напісалі пра сваю працу стваральнікі.
Кліп паказвае, з чым сутыкаюцца беларускамоўныя. У ім выкарыстаныя рэальныя каментары, якія людзі чуюць ці чытаюць ледзь не штодня.
«Але гэта не гісторыя пра хейт — гэта гісторыя пра нашую сілу! Бо замест таго, каб апусціць рукі і прамаўчаць, мы гаворым: мы тут, мы ёсць і нас не спыніць».
«Мова — гэта не толькі сродак камунікацыі, але і частка нашай ідэнтычнасці. Нам увогуле здаецца, што, калі мы перастаем гаварыць на сваёй мове, мы губляем частку сябе. Нас натхніла на ўдзел у праекце разуменне таго, як важна захоўваць і перадаваць яе наступным пакаленням. Былі радыя спрычыніцца да гэтага важнага працэсу. Гэта быў не толькі творчы працэс, але і духоўны момант, калі кожнае слова набірае асаблівае значэнне», — кажуць музыкі гурта Nochy.