27 лістапада 6-я рота 1-га Слуцкага палка пад камандаваннем падпаручніка Кернажыцкага сутыкнулася с бальшавіцкай разведкай каля в. Васільчыцы (на поўдзень ад Капыля). Праціўнік быў разбіты, адзін чырвонаармеец узяты ў палон. У той самы дзень адбыліся сутычкі каля вёсак Дашнава, Лютавічы, Мацкевічы, без бою было занятае мястэчка Цімкавічы. Самым значным сутыкненнем стаў бой ля Капыля, ў якім загінулі 12 чырвонаармейцаў і быў цяжка паранены адзін случчак. Першыя перамогі і трафеі істотна ўзнялі баявы дух. Менавіта 27 лістапада з цягам часу пачалі ўважаць за пачатак Слуцкага збройнага чыну і адзначаць як Дзень Герояў.
На наступны дзень у Семежаўскай царкве адбылося набажэнства “за ўдачы аружжа войск Беларускай Народнай Рэспублікі ў змаганні іх з ворагамі нашай Бацькаўшчыны-Беларусі”. А 29 лістапада ў той жа царкве прайшла паніхіда па першым загінулым жаўнеру брыгады. Шараговец Піліп Валодзька, цяжка паранены ў адным з папярэдніх баёў, памёр у шпіталі. Яго пахавалі каля царквы, насыпаўшы над магілай курган. Крыж упрыгожылі вянкамі і жалобным сцягам.
Жаўнеры і афіцэр 1-й Слуцкай брыгады. Рэканструкцыя Віктара Ляхара
У той жа дзень, 29 лістапада, аддзелы брыгады зноў атакавалі варожыя пасты, захапілі палонных і занялі мястэчка Вызну на самым ускрайку нейтральнай паласы. Гэтыя дзеянні выклікалі занепакоенасць савецкага камандавання. 1 снежня на Вызну былі накіраваныя рэгулярныя часткі. Рота Слуцкага палка з цяжкасцю прабілася скрозь кулямётны агонь, страціўшы блізу паловы людзей забітымі і палоннымі. Але больш, чым баявыя акцыі, бальшавікоў палохаў рост папулярнасці беларускай улады ў нейтральнай паласе. Прыхільнае стаўленне насельніцтва да Рады Случчыны адзначаюць і польскія, і савецкія рапарты. Каб назаўсёды скончыць са случчакамі, камандаванне 16-й арміі вырашыла ўвесці ў нейтральную зону 8-ю і 17-ю стралковыя дывізіі. Кіраўніцтва аперацыяй было даручанае Рэўваенкамітэту, у падпарадкаванне да якога перайшлі чэкісцкія атрады. Савецкія дыпламаты атрымалі згоду польскага боку на правядзенне аперацыі ў паласе размежавання.
У гэты ж час камандзір 1-га Слуцкага палка Павел Чайка быў адхілены ад камандавання і перабег да праціўніка. На допыце ў ЧК ён сцвярджаў, што быў гвалтоўна мабілізаваны ў брыгаду. Зрэшты, гэта не ўратавала яго ад расстрэлу. Пасля ўцёкаў Чайкі начальнік контрвыведкі паручнік Мірановіч і камбрыг капітан Анцыповіч былі адхіленыя ад пасад. Камандаванне палком прыняў падпалкоўнік Ахрэм Гаўрыловіч, а камандзірам брыгады стаў капітан Антон Сокал-Кутылоўскі.
Антон Сокал-Кутылоўскі. Партрэт-рэканструкцыя Віктара
Ляхара
Перамены ў камандным складзе адбыліся 3 снежня, а раніцай 4-га пачалося савецкае наступленне. 17-я дывізія, якая дзейнічала на левым флангу, не сутыкнулася з беларускімі аддзеламі. Яе часткі бесперашкодна дайшлі да дэмаркацыйнай лініі, затрымаўшы некалькі дзясяткаў дэзерціраў і захапіўшы ў якасці трафеяў 2 лёгкія гарматы, кінутыя невядомым атрадам каля р. Прыпяць. Іначай выглядала становішча на ўчастку 8-й дывізіі. У раёнах Капыля, Вызны і Семежава беларуская брыгада аказала жорсткае супраціўленне. У гэтых баях часам было цяжка разабрацца, дзе тыл, а дзе фронт, хто наступае, а хто абараняецца. Напрыклад, рота Слуцкага палка прабілася з-пад Семежава на Ражан, дзе сутыкнулася з харчовым атрадам, які праводзіў рэквізіцыю жывёлы. У кароткім баі чырвонармейцы былі разбітыя, а каровы і коні – вернутыя сялянам.
Але ў цэлым становішча брыгады было кепскім. Адчуваўся недахоп зброі і боепрыпасаў, адсутнасць вопытных афіцэраў. 6 снежня каля вёскі Ёдчыцы (у розных крыніцах – Ядчыцы, Подчыцы, Ветчыцы) вялікі атрад случчакоў, каля 400 чалавек, расстраляўшы патроны, перайшоў на польскі бок, дзе быў вымушаны скласці зброю. У Ёдчыцах да 7 снежня апынуліся рэшткі абодвух палкоў і Рада Случчыны. Польскія гісторыкі З. Карпус і В. Рэзмер лічылі, што на гэтым барацьба случчакоў скончылася. А савецкія аўтары “Историко-стратегического очерка 16-й армии”, складзенага неўзабаве пасля тых падзей, пісалі, што трохдзённая аперацыя дала нязначныя вынікі. Беларусаў “выціснулі” з нейтральнай паласы, але не разбілі. А значыць, наперадзе былі новыя баі.
Рэквізіцыі, баі, расстрэлы
У Ёдчыцах брыгада і Рада Случчыны прабылі літаральна дзень, пасля чаго пераехалі ў в. Грыцэвічы, далей ад дэмаркацыйнай лініі. На думку некаторых даследчыкаў, з гэтым месцам звязанае з’яўленне т.зв. “слуцкіх марак”. Гэта былі стандартныя польскія паштовыя маркі (2,5х2 см) з выявай арла, на якія наносіўся чорны чарнільны штэмпель з гербам Пагоня, літарамі “Ч.Р.Сл.” (Часовая Рада Случчыны) і наміналам у 25 і 50 грошаў. Ініцыятарам выпуску і аўтарам штампаванай выявы, магчыма, быў сябра Рады Васіль Русак. Наўрад ці маркамі насамрэч меркавалася аплачваць лісты. Хучэй за ўсё такім чынам рабіўся сімвалічны крок, які мусіў паказаць з’яўленне беларускіх органаў улады і спрыяць распаўсюджванню інфармацыі пра паўстанне. Даследчык філатэліі В. Баціеўскі лічыў, што “слуцкія маркі” з’явіліся якраз у Грыцэвічах. У свой час ягоную думку падзяляў і аўтар гэтых радкоў. Але супастаўленне ўсёй інфармацыі, а яна вельмі скупая, дазваляе меркаваць, што падзея з большай доляй верагоднасці магла адбыцца ў Семежаве. У Грыцэвічах кіраўнікам Рады было не да пошты.
Маркі Часовай Рады Случчыны
Галоўнай праблемай на новым месцы стала харчовая. За папярэднія тыдні інтэндатура не стварыла належных запасаў, і цяпер жаўнераў не было чым карміць. Насельніцтва ў гэтых мясцінах жыло не так заможна, як на ўсходзе Случчыны, ды і нацыянальны рух не набыў тут шырокага размаху, таму давялося пачаць рэквізіцыі. Абапіраючыся на Загад №1 Рады, які забараняў вываз харчоў за межы павета, жаўнеры канфіскавалі нават абоз з харчаваннем для польскай арміі. Нягледзячы на ўмяшальніцтва жандармерыі і цывільных уладаў, прадукты не вярнулі, размеркаваўшы іх сярод сваіх. Яшчэ адной праблемай стала адсутнасць лекаў ва ўмовах эпідэміі сыпнога тыфу.
Нягледзячы ні на што, у брыгаду прыходзілі добраахвотнікі. Напрыклад, з’явіліся 18 “зялёных” партызан з вінтоўкамі і патронамі. Як прыгадваў паўстанец Антон Бачко, акрыяўшы пасля паразы, жаўнеры былі гатовыя ісці на бальшавікоў “хоць з каламі”. З 9 снежня пачаліся рэйды на савецкую частку нейтральнай паласы, а ноччу з 13 на 14-га аддзел капітана Самусевіча атакаваў Семежава. Захапіўшы абоз са збожжам і некаторую ваенную маёмасць, случчакі адступілі. У камунікатах штаба брыгады сцвярджаецца, што адбіты правіянт вярталі насельніцтву. Але ўлічваючы, што кіраўнікі Рады, па іх уласных словах, пастаянна “круціліся ў пошуках хлеба”, у гэта цяжка паверыць.
Савецкія дакументы паведамлялі, што беларускія войскі “делают нападения на мелкие воинские части 64 и 65 полков”, “…вмешиваются в управление территориями восточнее государственной границы, производят реквизицию скота, уводят с собой активистов”. Слуцкі рэвалюцыйны камітэт адзначаў: “Шайки Белорусской армии занимаются грабежом и насилиями над гражданским населением нейтральной зоны”. Такія выпадкі сапраўды здараліся, але з імі эфектыўна змагалася камандаванне брыгады. Калі група жаўнераў, сярод якіх былі людзі з крымінальным мінулым, абрабавала сялян (забралі грошы, коней, харчаванне і больш-менш каштоўныя рэчы), пацярпелыя звярнуліся са скаргай у штаб. Неадкладна было праведзенае следства і знойдзеныя злачынцы. Суд адбыўся ў прысутнасці пацярпелых. Камандзіра, які дапусціў такія паводзіны падначаленых, разжалавалі ў шарагоўцы, дваіх ініцыятараў рабунку расстралялі, астатнія атрымалі па 25 бізуноў.
Пячатка Часовай Рады Случчыны
Асобна трэба сказаць пра стаўленне да палонных. Палітычнае кіраўніцтва случчакоў усяляк падкрэслівала, што беларусы ваююць не з шараговымі байцамі, а з “камісарамі і чэкістамі”. Яшчэ падчас фарміравання брыгады была складзеная адозва да чырвонаармейцаў, у якой гаварылася:
“Чаму ж гэта вы ідзеце з вайной і насільствам супроць нас, беларусаў? Мы ня хочам з вамі ваяваць. Далоў вайну! Пара спыніць гэтае трохгодняе бязглуздае праліццё крыві. Наладзім сваё жыццё так, як хоча кожны народ, а ня так, як хочуць тыя гвалтоўнікі, якія накіроўваюць вас ісці з вайною на нашых братоў. Хай жыве самаазначэнне народаў, супакой і братняе жыццё і далоў аружжа, скіруйце яго на вашых камісараў, майстроў чэрэзвычаек і гэтаму падобных палачоў – ворагаў людскасці. Мы працягіваем вам сваю руку і заклікаем да супольнай барацьбы з нашым агульным ворагам – камуністамі”.
Паводле камунікатаў беларускага камандавання, за месяц баёў было захоплена ад 120 да 250 палонных, у асноўным нядаўна мабілізаваных. Нейкі час да іх ставіліся лаяльна, рэгістравалі ў штабе і накіроўвалі на працу ў сялянскія гаспадаркі. Пры адыходзе брыгады з Семежава гэтыя людзі самі пайшлі за ёй. Аднак неўзабаве стала вядома, што чырвоныя да захопленых беларусаў ставяцца іначай. Іх нібыта вадзілі па вуліцах Слуцка жорстка збітымі, з адрэзанымі насамі і вушамі. Невядома, ці было такое насамрэч, але стаўленне да чырвонаармейцаў змянілася. Цяпер шарагоўцаў перадавалі палякам для адпраўкі ў лагеры, камісараў і савецкіх актывістаў расстрэльвалі. Паводле сведчання старшыні Рады Ул. Пракулевіча, ваенна-палявы суд вынес 18 смяротных выракаў. Але да суда даходзілі не ўсе. Савецкая ўлада таксама не ліберальнічала. У адну вёску з’явіўся карны атрад і запатрабаваў выдаць усіх, хто звязаны з паўстанцамі. Калі такіх не знайшлося, проста расстралялі двух найбольш падазроных сялян.
Андрэй Блінец, budzma.org
Працяг будзе...