Смажаны карп пад смятанна-часночным соусам. Гатуем з «Будзьма!»

Карп — рыба, якую лавілі і елі круглы год нашыя продкі. Самы просты варыянт прыгатавання карпа — пасмажыць. Мы прапануем падаць карпа пад смятанна-часночным соусам. Калі любіце рыбу, зрабіце сабе такую страву на абед ці вячэру — і абавязкова зноў захочаце пакаштаваць гэты просты старадаўні ласунак.



Карпа лавілі і елі спрадвеку

У беларускіх вадаёмах карпа здабывалі нашыя продкі спрадвеку, а ўжо на пачатку ХІІІ стагоддзя карпаў нават сталі адмыслова разводзіць. Карпа любілі есці і заможныя людзі, і простыя. Быў нават выведзены адмысловы від карпа — каралеўскі, ці люстэркавы.

Розніца паміж звычайным карпам і каралеўскім у будове і колькасці лускі. У каралеўскага карпа луска нашмат буйней і размешчана на спіне і баках усяго ў некалькі шэрагах, што палягчае працэс чысткі і трыбушэння рыбы.

Смажаны карп — смачная страва, якая карысталася ў кухні нашых продкаў выключнай папулярнасцю. Яго падавалі і на святочны стол, і елі ў звычайныя дні, маглі ўжываць у пост. Раней да карпа падавалі смажаную цыбулю, хрэн, або тушаную капусту з грыбамі, асабліва ўвосень такі гарнір карыстаўся папулярнасцю.

Чытайце яшчэ: Печаны карп на бульбяной падушцы — страва для каляднага стала


Як правільна пасмажыць карпа

Вычышчанага карпа нарэзаць на порцыі, або зрабіць надрэзы на рыбіне, калі асобіна не надта вялікая, як у нас. Расцерці ў ступе прынады, больш за ўсё пасуе сумесь перцаў з каляндрай і соллю. Рыбу нацерці прынадай, лепш даць прамарынавацца рыбе каля 30 хвілін. Нацерці мукой, выкласці на патэльню і абсмажыць з абодвух бакоў да залацістага колеру. Потым рыбу варта паставіць у духоўку ці печ пры тэмпературы 150 градусаў на 20 хвілін. За 10 хвілін да гатоўнасці у якасці гарніру можна выкласці на патэльню цыбулю, нарэзаную кольцамі.

Пры смажанні не варта шкадаваць алею, паколькі паніраваная рыба, смажаная ў невялікай колькасці алею, моцна падгарае, губляючы пяшчотны і тонкі смак.

Згатуем соус — у смятану нацерці крыху часнаку і дадаць насечаны кроп, перамяшаць і лепш даць настаяцца каля 20–30 хвілін. Гатовую рыбу змазаць соусам, а як дадатак да карпа пад такім соусам і печанай цыбуляй вельмі пасуюць грэнкі з белага хлеба. Іх варта падсмажыць да залацістай скарыначкі на малой колькасці алею ці масла і для пікантнасці нацерці зубчыкам часнаку пры жаданні.

На порцыю ў 800 грамаў нам спатрэбяцца:

Карп — 700 грамаў

Цыбуля — 150 грамаў

Мука — 100 грамаў

Алей — 40 мілілітраў

Часнок — 4 зубчыкі

Смятана — дзве сталовыя лыжкі

Пук кропу

Перац і соль — па смаку

Калі вам падабаюцца нашыя відэапраекты і аўтарскія артыкулы, вы можаце падтрымаць рэдакцыю «Будзьмы», набыўшы нам кубачак кавы. Гэта дапаможа нам стварыць больш цікавых відэаролікаў і арыгінальных артыкулаў.