Чаму нам патрэбная моўная дыскрымінацыя. Тлумачыць Валера Руселік

Як вы думаеце, ці існуе ў Беларусі сапраўдная моўная роўнасьць? У нас жа «кто как хаціт, той так і гаварыт» — ну то павінна быць роўнасьць, праўда? Дык а чаго тады пра моўную дыскрымінацыю ў нашай краіне найчасьцей і найгучней крычаць тыя, хто ўласна душыць родную мову беларусаў? Абсурд нейкі. У сваёй рубрыцы «Прыдарожны пыл» Валера Руселік расстаўляе ў гэтых пытаньнях усе кропкі над «і» й пагатоў тлумачыць, чаму нам бяз моўнае дыскрымінацыі — анікуды.

 Валера Руселік. Фота аўтара

Ведаеце, бывае, што сьмех да сьлёзаў, а бывае — і сьмех скрозь сьлёзы. Здавалася б, гучыць падобна, але ж азначае ледзьве не супрацьлеглыя эмоцыі, праўда?

І пры гэтым, здараецца, што гаворка вядзецца пра адное і тое ж.

Ну вось вам прыклад. У Горадні новыя транспартныя карткі зрабілі  па-расейску. На пытаньне грамадзянаў, чаму ж не на роднай мове, як тое было раней, начальства мясцовага аўтобуснага парку... спаслалася на Канстытуцыю: маўляў, у нас жа дзьве дзяржаўныя мовы, а мы — за роўнасьць!

Ну вось што тут абраць — сьмех да сьлёзаў ці сьмех скрозь сьлёзы?

Дадатковага флёру гэтай да болю знаёмай сытуацыі дадае тое, што ў спаборы, арганізаваным аўтобусным паркам летась, перамог дызайн карткі як раз-ткі зь беларускай мовай. З 41 дасланай прапановы праз анлайн-галасаваньне мясцовыя жыхары абралі, на іх думку, найбольш удалую, створаную 17-гадовым гарадзенцам Русланам Бубновічам. Аўтар якраз і патлумачыў, што перашапачатковы беларускамоўны дызайн быў зрасейшчаны на патрабаваньне замоўцы.

То-бок уласна адміністрацыі аўтобуснага парку, якая гэтак самааддана — і ўдзень і ўначы — «дбае» пра канстытуцыйную моўную роўнасьць у нашай краіне.


Дызайн праязной карткі, які перамог у спаборніцтве. Фота: ap1.by

Як беларускамоўнага беларуса асабіста мяне гэткія адсылкі да моўнае роўнасьці, якія традыцыйна суправаджаюць абсалютна ўсе праявы расеізацыі нашае краіны, надта ж раздражняюць. Ну выйдзіце вы на вуліцу й пакажэце мне гэтую роўнасьць! Вакол — усё спрэс па-расейску: адукацыя, праца дзяржаўных інстытуцыяў, мэдыя, надпісы на вуліцах, сфэра абслугоўваньня і г.д. За што ні вазьміся, куды ня тыцкніся — расейшчына! Дык дзе яе хто прыціскае?

Божа, ды пакажэце мне хаця б адну з 42 гарадзенскіх школ — беларускамоўную! Шыльда на будынку мясцовага аўтапарку — і тая расейскамоўная!

Пакажэце мне хаця б адзін прыклад, калі б нейкі беларускі чыноўнік заяўляў пра тое, што «расейская мова — бедная мова, у сьвеце існуюць толькі дзьве вялікія мовы — ангельская і беларуская». Згадайце хаця б адну кпіну ў бок расейскамоўнага выразу «скоростной режим» і патрабаваньне неадкладна замяніць яго на нармальны «хуткасны рэжым».

Ну альбо знайдзіце мне хоць якога-небудзь небараку, каторага зачмырылі, сьмеючыся зь яго «калгаснай расейскай» і патрабуючы размаўляць «нармальна, па-людзку — па-беларуску». Ну давайце! Хоць што-небудзь з таго, з чым штодня сутыкаемся мы, беларускамоўныя. Ня можаце? Тады пра якое дбаньне моўнае роўнасьці для расейшчыны наагул выпадае гаварыць?

2.jpgМоўная «роўнасьць» па-беларуску. Найбольш распаўсюджаная мова зносінаў насельніцтва Беларусі, паводле перапісу-2019: зялёны колер — беларуская, чырвоны — расейская. Схема: belstat.gov.by

Дык а ці магчымая наагул моўная роўнасьць у нашай краіне? Вядома ж, магчымая — дзякуючы... дыскрымінацыі расейшчыны.

Ну вось вам прыклад. У Горадні — 42 школы, усе расейскамоўныя. Як тут дасягнуць роўнасьці? Зрабіць палову з тых школ беларускамоўнымі, бінга! Вось 21 школа па-расейску, вось 21 школа па-беларуску — раўней і быць ня можа!

І гэтак ува ўсім:

  • аніякае адсутнасьці беларускамоўных блянкаў на пошце,

  • палова ўсіх паседжаньняў у выканкамах і палаце прадстаўнікоў — па-беларуску,

  • абавязковая беларускамоўнасць для міліцыянтаў і аўтаінспэктараў у размове зь беларускамоўнымі грамадзянамі,

  • магчымасьць вывучаць фізыку і мэдыцыну па-беларуску і г.д.

Зусім іншая краіна вымалёўваецца, праўда? І гэта ж нават без татальнае беларусізацыі — папросту моўная роўнасьць, пра якую гэтак дбаюць розныя амбасадары расейшчыны. І гэта мы яшчэ не краналіся хаця б сымбалічнае перавагі для мовы тытульнае нацыі.

Між тым калі дзяржава абавязаная трымацца дэкляраванае ёй жа роўнасьці, то пытаньне, якая мова будзе гучаць у беларускіх дамах, на беларускіх вуліцах і ў тыхсама аўтобусах — гэта справа найперш нашая з вамі, сябры і суграмадзяне.

Тут сапраўдная роўнасьць як раз-ткі пачынаецца не з загаду чыноўніка, а з асабістае адказнасьці. Калі б хаця б тыя з нас, хто дэкляруе сваю прыхільнасьць да роднае мовы, пачалі б карыстацца ёю штодня й паўсюль, нашая краіна зьмянілася б увадначасьсе!

Замест тысячы расейскіх словаў пра «яшчэ не прысьпеў час», «я мову ведаю ня надта добра», «не хачу гаварыць з памылкамі» — папросту сказаць адзін адному «вітаю», «дзякуй», «калі ласка», «кахаю», «да сустрэчы». 

І гэтак — крок да кроку, слоўца да слоўца — і дойдзем з вамі да сапраднае роўнасьці. І — да самапавагі. Безь якой, як і безь беларускае мовы, аніякае роўнасьці папросту быць ня можа.

Валера Руселік, Budzma.org

*Меркаванне аўтараў рубрыкі «Калумністыка» можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Калі вы таксама хацелі б выказацца па актуальнай для Беларусі тэме, пішыце нам на razam@budzma.org