Пра ўсмешку Кастуся Каліноўскага, будаванне сваёй ідэнтычнасці і жыццё ў Партугаліі, «Салідарнасці» распавяла беларуска Соня Дубчынская, трэвел-блогерка і чэмпіёнка свету па спачане, японская філасофія якога ратуе ў эміграцыі.
Фоты прадастаўленыя суразмоўніцай «Салідарнасці»
— Соня, у вас вельмі пазітыўны інстаграм пад дэвізам «Беларускі дух на партугальскіх хвалях». Як апынуліся ў Партугаліі?
— Я з’ехала з Беларусі ў пачатку 2022-га, яшчэ да вайны. І больш за два гады жыла ў Польшчы, дзе ў маёй кампаніі на той момант быў ужо офіс.
Але па вялікім рахунку я не выбірала Польшчу — выбірала не быць у Беларусі, бо небяспечна. І ўвесь час у Польшчы, дзе мне было добра, не пакідала думка, што штосьці ўсё ж ня тое.
Напрыканцы 2022-га ўпершыню паляцела ў Партугалію — у сёрф-кэмп. Так і пазнаёмілася з гэтай краінай. Людзі, прырода, сонца, акіян — я закахалася з першага погляду. Мне хацелася энергіі акіянскай, свежага паветра, прасторы. З’ездзіла яшчэ два разы і... пераехала.
— Спачатку планавала жыць у Пенішы (партугальская сталіца сёрфінга і самы заходні горад кантынентальнай Эўропы — С.) Але дзеля легалізацыі прыйшлося змяніць працу і пераехаць у Сетубал, пяты па велічыне горад Партугаліі. Тут я хаджу ў офіс.
— Мо, нават беларускай кампаніі?
— Вельмі б хацелася, але не. Гэта маленечкі стартап, уладальнік ірландзец, які таксама перабраўся ў Партугалію, бо яго прывабіла падаткавая сістэма. А яшчэ ён закахаўся ў партугальскую дзяўчыну і прыроду.
Зразумела і тут ёсць нейкія мінусы. Я чытала каменты пра тое, што усё доўга, што чакаць ВНЖ можна год, а то і тры.
Мяне нічога не расчаравала, кайфую ад акіяна, паветра, сонца, ладу жыцця. Такога вельмі спакойнага, ніхто нікуды не спяшаецца, усе задаволеныя і ўсміхаюцца.
Але ж пра тое, што ўсё доўга — гэта праўда. У Польшчы можна што заўгодна замовіць і табе на наступны дзень прывязуць. У Партугаліі так не працуе.
Я вучуся спакойна да гэтага ставіцца. Але пакуль галоўны боль, што ўжо два месяцы немагчыма атрымаць партугальскія нумары на набытую машыну, што прыгналі з Францыі. Негледзячы на тое, што гэта Эўразвяз, здавалася б адна эканамічная зона і ўсё такое, але ўсё адно працэс растаможкі, паперак і бюракратыі вельмі марудны.
— Пра тое, што вы адважная, сведчаць не толькі пераезд у Партугалію і заняткі сёрфінгам, але і тое, што вы сталі ў Токіа чэмпіёнкай свету па спачане...
— У мяне былі два медалі за адно спаборніцтва. Спачан лічыцца бяспечным відам спорта, гэта японскае традыцыйнае баявое мастацтва. Не вельмі папулярнае ў свеце, але ў Японіі яго ўсе ведаюць.
Першапачаткова, з самага дзяцінства, я займалася ушу, гэта кітайскае адзінаборства. У нашу віцебскую школу, калі я была ў другім класе, прыйшоў трэнер, паказаў фотаздымкі з Джэкі Чанам і нешта яшчэ растлумачыў. Мне спадабалася, што гэта не толькі пра фізічную сілу, а больш пра дух і мысленне.
Шмат хто думае, што гэта пра агрэсію, але сэнс усходніх адзінаборстваў у тым, што ты абараняешся і вучышся вырашаць канфлікт мірным шляхам. Трэніруеш дух, выкарыстоўваючы моц для абароны.
Ушу я займалася 8 гадоў, потым трэнер з’ездзіў у камандзіроўку па абмену досведам і прывёз для нас і для ўсёй Беларусі новы спорт — спачан. Я шмат разоў была чэмпіёнкай Беларусі па ушу, але на міжнародныя выезды не было фінансавання. І я пераключылася на спачан.
Больш за ўсё спачан падобны да фехтавання, але зброя не металічная, якой трэба кагосьці калоць. Сэнс у тым, што гэта меч, ён пнеўматычны, то бок напампоўваецца, і ўнутры гэтага мяча паветра.
Мне казалі, хто бачыў: «Вы там б’ецеся палкамі!» То гэта не палкі. Паколькі ўнутры паветра, меч мяккі. Ім можна біць у поўную моц, і не пакінеш слядоў, наогул нічога. Але гук ад удара моцны, і гэта залічваецца, як добры ўдар.
— Прызавыя за чэмпіёнку свету былі добрыя?
— А не было ніякіх прызавых, бо гэта амаль аматарскі від спорта. Вялікім шчасцем было, што спонсары пакрылі пералёт з Менску да Токіа. Людзі па ўсяму свету, па ўсёй Эўропе, займаюцца за свой кошт. У Італіі трошку ёсць падтрымка ад міністэрства спорта, але большасць займаецца на энтузіязме і гэта ўвогуле не пра грошы.
А з плюшак — я на той момант, калі стала чэмпіёнкай свету, вучылася ў БДУІР. Чэмпіянат свету адбыўся напярэдадні сэсіі, і на адным суперскладаным экзамене мае медалі трошкі спрацавалі: мне паставілі шасцёрачку, а я адчула сябе свабодным чалавекам.
— У эміграцыі спачан і японская філасофія дапамагалі?
— Агулам, калі займацца спортам, быць упартым, нешта рабіць — абавязкова нешта атрымаецца. Зразумела, цяжка было і на трэніроўках заўсёды, і ў жыцці цяжка. Але трэба памятаць, што гэта не назаўсёды. І што толькі ты можаш зрабіць нешта: як у жыцці, так і на трэніроўках. Ніхто апроч цябе.
І ў выніку асабліва прыемна, калі ты заваёўваеш медалі, разумеючы колькі за імі стаяла слёз і пота. Не здавацца і рабіць сваю справу. Тады ўсё будзе.
— Я скончыла школу і захварэла на інфекцыйны монануклеёз. Вірус моцна б’е па печані, тэмпература — 40, тыдзень я ляжала ў шпіталі. Лекар сказаў, што аднаўляцца буду доўга і забараніў на тры месяцы любы спорт і актыўнасць.
Для мяне, чалавека, які амаль усё жыццё займаўся 5 разоў на тыдзень, на гэтым будуючы сваю ідэнтычнасць, — гэта быў жах.
Праз два гады я стала чэмпіёнкай свету. Але ж да таго, пасля захворвання, атрымаўся такі адкат, які я сёння параўноўваю з нашай эміграцыяй: калі мы з’ехалі, і ў нас нічога не было, а цяпер будуем ад пачатку сваё жыццё, кар’еру, бізнэс.
— Летам 2022-га, ужо ў эміграцыі вы перайшлі на беларускую мову і вельмі добра ёю валодаеце. Тады і напісалі пост у інстаграме: «Проста памятайце, што з кожным вашым маленькім «дзякуй» дзесьці пасміхаецца Васіль Быкаў, Цётка, Кастусь Каліноўскі, якія змагаліся за нашу свабоду».
— У эміграцыі ў любым разе паўстае пытанне: хто ты? У Беларусі такога пытання быццам няма, мы ўсе там былі беларусы.
А зараз, калі ты адарваны ад сваёй зямлі, сваіх каранёў, часам не разумееш, хто ты. Я не полька, я не партугалка. Вучыла мовы абедзьвух краін, але за што ўчапіцца і што зразумець — што тваё і на чым будуецца твая ідэнтычнасць? І родная мова моцна ў гэтым дапамагае.
Калі я выехала з Беларусі, то шмат падарожнічала. У Грэцыі аднойчы падыйшоў грэк, прафесар, які нейкі час працаваў у Маскве. Пачаў расказваць як ён захапляецца расейскай літаратурай, культурай, як яму гэта блізка. І дадаў: «Для меня неважно — вы все русские: и украинцы, и беларусы! Вы ж все говорите на русском! Вы — один народ».
Мяне гэта настолькі абурыла і закранула, я была ў шоку. І з таго вечера размаўляю толькі па беларуску.
— Вы 8 месяцаў з валізкай падарожнічалі по Эўропе. Якія самыя моцныя ўражанні?
— Насамрэч такі план быў яшчэ да таго, як пачалася вайна. Пажыць у Эўропе ў розных странах па месяцу і вярнуцца ў Беларусь.
Але калі ўсё змянілася, стала зразумела, што з Беларусі трэба з’яжджаць і хутка. Я пару месяцаў была ў Грузіі, потым месяц у Польшчы, два — ў Чарнагорыі, месяц у Харватыі, два — у Грэцыі.
А самыя моцныя мае ўражанні пра тое, што негледзячы на праблемы і ўвесь трэш, які адбываўся, я думала, што жыву жыццё сваёй мары.
Яшчэ ў падлеткавым узросце я глядзела на розныя карцінкі ў сацсетках — падарожжы, скокі з парашутам, сёрфінг — і складаліся вялікія мары пра мае жыццё. Што буду падарожнічаць, рабіць тое, што захачу, плаваць у моры ды акіяне...
І вось гэта спраўдзілася. Я вельмі ўдзячна бацькам за тое, што ўкладалі грошы не ў маю будучую кватэру ў Менску, а ў мяне, маё развіццё, заняткі спортам. Таму што кватэра ў Менску мяне прывязала б да гораду і, магчыма, я нікуды б і не з’ехала.
— Вы казалі, што ў эміграцыі час ад часу адчуваеце сябе не на сваім месцы, але пры гэтым жывяце сваё лепшае маладое жыццё. За што трымаецеся, калі накрывае?
— Зразумела, што такія моманты здараюцца. Здаецца, як і ва ўсіх, накрывае. Пасля таго, як навіны пачытаеш, дык іншы раз не ведаеш навошта гэтае жыццё, груба кажучы.
Трымаюць падарожжы і змена абстаноўкі. Дастаткова на адзін дзень ці на выходныя кудысьці з’ехаць. Змена месца максімальна добра ўплывае і на мазгі, і на фізічны стан. Прыязджаеш, у цябе ўсё новае, трэба разабрацца куды ісці, як ад вакзала паехаць туды, а потым пайсці ў іншы бок.
Калі яшчэ іншая краіна і мова, пачынае і мозг працаваць у іншым рэжыме. І душа спявае, і проста хочацца як дзіцёнак, з такім імпэтам і натхненнем, вывучаць усё новае і паглынаць інфармацыю вакол сябе.
Трэба ўмець бачыць свой прагрэс, нават маленечкі, і радавацца яму. Трэба адкрываць сэрца для новых прыгод, жыць жыццё і ні пра што не шкадаваць.