У той час, калі паваенныя беларускія эмігранты толькі пачыналі ўладкоўвацца на сталае жыхарства з розных краінах Захаду, а ў БССР частка твораў Янкі Купалы была пад забаронай або выдавалася з адмысловай цэнзурай, у нямецкім Мюнхене намаганнямі некалькіх энтузіястаў пабачыў свет больш як 500-старонкавы том збору паэзіі беларускага класіка.
Кніга “Спадчына: выбраная паэзія Янкі Купалы” з біяграфічнай прадмовай на ангельскай, нямецкай, французскай і іспанскай мовах, выдадзеная ў 1955 г., стала значнай з’явай не толькі для асяроддзя беларускай эміграцыі. Яна дазваляла рэпрэзентаваць беларускую літаратуру, культуру і Беларусь наогул шырокім колам заходніяга грамадства. Як удалося скласці і выдаць гэткае грунтоўнае выданне выгнаннікам-эмігрантам без доступу да архіваў і бібліятэк метраполіі, без дзяржаўнага фінансавання і акадэмічных інстытуцый — пра тое распавядаюць архівы.
Станіслаў Станкевіч, “галоўны” купалазнаўца на эміграцыі, у сваёй кнізе, прысвечанай паэту, пісаў: “Якраз тады, калі выдаваўся ў Менску першы паваенны “Збор твораў у шасьці тамах” Янкі Купалы, у Нью Ёрку Беларускі Інстытут Навукі й Мастацтва зрыхтаваў на 563 бачыны вялікага фармату кнігу выбраных твораў Янкі Купалы “Спадчына”, а выдавецтва “Бацькаўшчына” ў Мюнхэне выдала яе ў 1955 годзе. А коратка перад тым, у 1953 годзе ў тым-жа выдавецтве “Бацькаўшчына” выйшла асобнай кнігай Купалава п’еса “Тутэйшыя”. Дык у сувязі з гэтым асаблівая каштоўнасьць выданьня на Захадзе п’есы “Тутэйшыя” й выбраных твораў “Спадчына” ў тым, што яны забясьпечылі, хоць і вонках бацькаўшчыны, у замежжы, цягласьць у друку забароненых у БССР твораў Янкі Купалы”. Тыя выданні: “адыгралі пачэсную ролю ў гісторыі выданьня літаратурнае спадчыны Янкі Купалы — ролю, пераацаніць якой ніяк нельга”.
Станіслаў Станкевіч хоць і нярэдка памыляўся ў сваіх літаратуразнаўчых высновах, тут меў рацыю. Мюнхенскі том Купалавых твораў паказаў не толькі эмігрантам сапраўднага свайго найвялікшага песняра, але, увабраўшы ў сябе забароненыя ў БССР цэнзураю рэчы, вымусіў афіцыйнае купалазнаўства пайсьці, няхай павольна, неахвотна, да іх “рэабілітацыі”.
Чаго не сказаў былы рэдактар газеты “Бацькаўшчыны” і выдавец тома — дык што выданне сталася сапраўдным учынкам эміграцыі, і ўчынкам бадай геройскім. У першай палове 1950-х, калі яшчэ не ўсе выехалі з Нямеччыны, калі жыццё прыватнае, асабістае не ўсталявалася, сабраць — пры тагачаснай нішчымнасці заходніх бібліятэкаў на беларускія выданні — і ўкласці том з 302 твораў ды выдрукаваць накладам — якому могуць пазайздросціць сучасныя выдаўцы — у дзве тысячы асобнікаў былі здольныя толькі моцна апантаныя ідэяй людзі.
Афіцыйна падавалася, што “Спадчыну” рыхтавала адмысловая камісія Беларускага інстытута навукі і мастацтва, але фактычна яе не было. Уклаў зборнік сам дырэктар БІНіМа Вітаўт Тумаш, перадрукоўвала тэксты, хутчэй за ўсё, Наталля Арсеннева. Напрыканцы “Уводнага слова” да Купалавай кнігі выказвалася падзяка Міколу і Ніне Абрамчыкам, Міколу Панькову, Наталлі Арсенневай, Чаславу Будзьку, А. Валюшка, Леаніду Галяку, а. Льву Гарошка, Язэпу Гладкаму, Аўгену Каханоўскаму, Янку Ліманоўскаму, Пётры Манькоўскаму, Міхасю Наўмовічу, Чаславу Сіповічу, Антону. Шукелойцю. Падзяка, як можна зразумець з пераліку імёнаў, належыла за дапамогу ў пошуку тэкстаў, іх падрыхтоўку ды за фінансаванне. (З Абрамчыкам — справа асобная, пра яе далей.)
У адным з нумароў газеты “Бацькаўшчына” напярэдадні выхаду кнігі быў выдрукаваны змест і структура яе раздзелаў з тлумачэннямі прынцыпу ўкладання і сутнасці назвы. А ў наступным нумары, таксама на першай старонцы, быў змешчаны артыкул, а фактычна зварот да эміграцыі — “Кажнаму Беларусу — зборнік Купалавых твораў”:
“Як укладальнікі зборніка, гэтак і ягоныя рэдактары ды выдаўцы кіраваліся пры гэтым выключна патрыятычнымі матывамі: паказаць сьвету запраўднага Купалу, паказаць такім, якім дагэтуль ён ня быў яму ведамы, а так-жа даць нашым суродзічам, адарваным ад роднай Бацькаўшчыны й раськінутым па цэлым сьвеце, тую духовую страву, якая ўзмоцніць іх на духу й дапаможа ператрываць цяжкія гады выгнаньня. Кіруючыся тады гэтымі чыста патрыятычнымі матывамі й бязінтэрэсоўна ўкладаючы ў гэтае выданьне шмат цяжкай працы й матар’яльнай ахвярнасьці, мы верылі, што і ўсе беларускія арганізацыі на чужыне і ўсё грамадзянства, належна ацаніўшы гэтую справу, прыйдзе нам з належнаю помаччу. Помач гэтая будзе заключацца ў пашырэньні кнігі, ейным рэклямаваньні й зьбіраньні перадплатнікаў наперад. Такое вялікае й багатае выданьне, адказваючае ўсім вымаганьням заходняй друкарскай і выдавецкай тэхнікі, якім ёсьць Купалаўскі зборнік, будзе каштаваць вялізарныя, як на нашыя ўмовы й магчымасьці, грошы. Грошаў гэтых Выдавецтва “Бацькаўшчына” ня мела. Але Друкарня, ведаючы аб дасюлешняй сумленнасьці Выдавецтва “Бацькаўшчыны” і пераканаўшыся, што выдадзеныя дагэтуль ім кніжкі добра разыходзяцца, згадзілася надрукаваць том Купалавых твораў на раты. Але таксама на раты можна будзе і атрымліваць з Друкарні надрукаваны зборнік. Было-б тады вельмі прыкрым, калі-б гэтак патрэбная кніжка і з такім вялікім укладам працы выдадзеная, у вялікай часьці сваіх экзэмпляраў доўгі час валялася ў Друкарні замест таго, каб апынуцца ў руках даслоўна кожнага нашага эмігранта.
Вось чаму зьяўляецца вельмі важным, каб усе нашыя арганізацыі на эміграцыі, усе нашыя кальпартэры дагэтуль выдадзеных кніжак Выдавецтва “Бацькаўшчыны”, як і наагул усе тыя, што хацелі-б памагчы гэтай важнай справе, ужо цяпер пачалі зьбіраць перадаплату на Купалаўскі зборнік яшчэ перад ягоным выхадам. Цана кнігі наступная:
- На добрай друкарскай паперы — 9 даляраў ЗША за адзін эгзэмпляр, а ў іншых краінах іхная раўнавартасьць у мясцовай валюце.
- На люксовай бліскучай паперы — 10 даляраў ЗША, а ў іншых краінах іхная раўнавартасьць у мясцовай валюце.
Трэба ведаць, што ў параўнаньні з выдавецкімі коштамі кнігі, як і ейнай вартасьцю ды ўложанай у яе зусім дармовай працай укладальнікаў, рэдактароў і выдаўцоў, гэтая цана зьяўляецца вельмі нізкая. Яна аблічаная так, каб хаця пакрыць кошты самога выданьня, а не каб мець з гэтага прыбытак. Пры гэтым Выдавецтва мае на мэце й тое, што пасьля зьвярненьня коштаў выданьня Купалавага зборніка, яно такім-жа самым спосабам зможа прыступіць і да выданьня іншых манумэнтальных твораў нашай літаратуры і навуковых працаў аб Беларусі.
Нам ведама, прыкладам, што некаторыя нашыя суродзічы ў Амэрыцы купляюць на сплату багата выдадзеную Біблію й плацяць за яе аж 45 даляраў! Дык на колькі-ж таньней абыйдзецца тады вялікі зборнік твораў Купалы, пры гэтым твораў нашых, найбольш нам дарагіх!”.
Той самы Станіслаў Станкевіч, аўтар тэксту, свядома не напісаў, з якіх менавіта фондаў былі знойдзеныя неабходныя на выданне грошы. Бо калі б прызнаўся, што галоўная роля тут належыць Міколу Абрамчыку, прэзідэнту БНР, расколатае на палітычныя групоўкі і партыі грамадства паставілася б да кнігі як да палітычнай акцыі, і значная частка беларускай эміграцыі сабатавала б яе распаўсюд, нягледзячы на імя самога Купалы.
Цана кнігі, зраўнянуй у рэдакцыйным тэксце па значнасці з Бібліяй, была насамрэч немалая. У 1954 г., напрыклад, прыватны дом у сярэднім каштаваў 10 250 даляраў, новая машына — 1700, месячная рэнта кватэры складала 85 даляраў, квіток у кіно — 70 цэнтаў, “Life Magazine” — 20. Жаночыя пантофлі Gypsy Oxford style прадаваліся за $8,95, жаночы габардзінавы касцюм (“wrinkle resistant”!) — за $12,98, а сафу можна было набыць за $9,88. Але вартасць Купалы для беларусаў была таксама немалася.
Нарэшце ў нумары за 24 красавіка 1955 г. “Бацькаўшчына” абвясціла пра выхад у свет кнігі, што з’яўляецца “ўзаўпраўды вялікім нашым нацыянальным здабыткам”: “Ужо паводля свайго імпазантнага разьмеру, мастацкага афармленьня й тэхнічнага выкананьня кніга гэтая вырозьніваецца ня толькі спасярод усяго таго, што дагэтуль было выдадзена Беларусамі на эміграцыі, але й мае вельмі мала сабе роўных сярод кніжных выданьняў эміграцыяў іншых народаў, колькасна большых і багацейшых за нас”, — ганарыліся выдаўцы.
Кнігу належна прынялі і віталі. “Бацькаўшчына” друкавала вытрымкі з лістоў вядомых дзеячаў. Так, Пётра Татарыновіч пісаў: “А чым сумней нам было глядзець на гэту пэрфідную русыфікацыю нашай мастацкай душы, з тым большай радасьцю і ўдзячнасьцю вітаем штораз прыгажэйшыя сукцэсы нашага арыгінальнага шчыра-беларускага эміграцыйнага выдавецтва. Запраўды, заслугі дзеячоў ды ўстановаў, ініцыюючых ды зьдзейсьніваючых яго, аграмадныя! Сяньня, у змагальнай сумятні, мы мо’ й ня ў стане яшчэ ўсеналежна адчуць і ацаніць іх — гісторыя скажа аб гэтым больш із свае пэрспэктывы.
Ужо даволі паказная колькасьць выйшла з гэтага выдавецтва рознага роду кніг. Але ні адно мо’ выданьне ня выклікала гэткай уцешнай сэнсацыі, як нядаўна выдадзеная ў люксусова-саліднай якасьці “Спадчына””.
Кампазітар, прафесар Мікола Куліковіч: “Атрымаў тутака Купалаўскую “Спадчыну”. Не магу, каб не адцеміць тае ўцехі й глыбокіх пачуцьцяў, якія яна мне прынесла, захоўваючы вобраз Купалы такім, якім я добра яго ведаў у мінулым жыцьці”.
Айцец Часлаў Сіповіч: “Выданьне зборніка “Спадчына” ёсьць для нас, Беларусаў, справай прынцыповай. Мы ня можам задаволіцца савецкімі выданьнямі нашых клясыкаў, дзе сьвятое-сьвятых топчыцца й перакручваецца”.
Кастусь Мерляк: “Выхад у сьвет выбраных твораў Я. Купалы, сабраных у “Спадчыне”, мае надзвычайную вагу ў нашым нацыянальным змаганьні як навонкі, сярод чужынцаў вольнага сьвету, так ня менш сярод нас, Беларусаў, раськіданых па ўсім сьвеце”.
Былі водгукі і ў небеларускамоўнай прэсе на Захадзе, у славяназнаўчых часопісах ад Мадрыда да Дэтройта.
Тым часам набіраў рух і кальпартаж. У архіве БІНіМа, перададзеным у Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва, захоўваюцца “лісты з месцаў”:
“9.2.54.
Le Creusot, Францыя.
Вельмі паважанаму Сп. Рэдактару “Бацькаўшчына”.
Ветліва прашу прыслаць на мой адрас для нашай калёніі наступныя кніжкі:
- “Раськіданае гняздо”.
- “Тутэйшыя”.
- “Запіскі Самсона Самасуя”.
- “Спадчына”.
Тут ёсьць шмат беларусаў, якія хацелі-б набыць гэтыя кніжкі, аднак нашыя абставіны матэрыяльныя немагчымыя. Заробкі тут ня вельмі. Напрыклад, “Спадчына”, што каштуець 10 даляраў, у Амэрыцы работнік можаць зарабіць за адзін дзень, а для нас гэто выносіць 3 500 Fr. На гэту суму трэба рабіць чатыры дні. Ня ведаю, чы ўжо Вас аб гэтым хто-небудзь інфармаваў.
З глыбокай пашанай, Мікола Булыга”.
“New Brunswick, 1.11.55.
Вельмі Пав. Сп. Запруднік!
Ветліва прашу неадкладна выслаць на мой адрас 10 (дзесяць) кнігаў “Спадчына” першага гатунку (11 дал.) і 10 (дзесяць) другога гатунку (па 9 дал.) з вокладкай малінавага або калі няма малінавага, дык зялёнага колеру. Можа быць на палавіну.
Першага гатунку ўжо ўсё разышлося (15). Другога гатунку разышлося (7), а трэцяга толькі адна, і думаю, што гэтак і застанецца. Грошы за кнігі перасылаю др. Тумашу згодна інструкцыі. Яшчэ раз прашу, каб “Спадчыну” выслалі як найхутчэй. Тым людзям, аб якіх пісаў, ужо “Спадчыну” выслаў.
З пашанай, Б Даніловіч”.
“
Паважаны сп-р Запруднік.
Прашу перадаць адміністрацыі такую просьбу: неадкладна выслаць сюды кніжкі на продаж. Нашы людзі ня купяць, пакуль не пабачаць. У нас тут няма ні “Спадчыны”, ні іншых, пазьней выданых кніжак. Няхай прышлюць 4 “Спадчыны” на люксусовай паперы, рэшта шэсьць на добрай паперы з палатнянай вокладкай. Тут я ўжо атрымаў ліст ад Вас, каб напісаў уражаньні аб “Спадчыне”, якой я яшчэ ня бачыў. Шлюць xай на мой адрас для Л. Вернай.
З пашанаю, К Акула”.
“Клыўланд, 17.11.56.
Паважаны сп. Тумаш!
Перасылаю Вам грашовы пераказ на 95 дал. за кніжкі “Спадчына”. Я атрымаў з выдавецтва 10 кніжок па 11 дал., 10 па 9 дал. і 20 па 7 дал., усяго разам 40.
Прадаў 8 па 11 дал. асталося 2.
8 па 9 дал. асталося 2
і 1 па 7 дал. асталося 19.
Усяго 17 — 167 дал.
Спадзяюся прадаць больш, але гэта забірае крыху часу, бо трэба з кожным пагутарыць, падахоціць і г. д.
Бывайце!
Жыве Беларусь!
З глыбокай пашанай да Вас, Ул Дунец”.
Атрымаўшы ўяўленне пра выгляд кнігі, час адгарнуць і вокладку, кінуць вокам, што ж пад ёю. Як “Спадчына” была збудаваная, якія творы змешчаныя, а якія — і чаму — адкінутыя? Дзеля гэтага трэба звярнуцца да “Уводнага слова” ад імя Беларускага інстытута навукі і мастацтва, а насамрэч напісанага адным Вітаўтам Тумашам — тым самым амаль аднаасобным укладальнікам тома:
“У кнігу ўвайшла, як сказана, толькі найлепшая й найхарактэрнейшая часьць паэзіі Янкі Купалы, затое вельмі важны й ня менш характарыстычны разьдзел ягонае мастацкае творчасьці — драматычная проза была поўнасьцю апушчаная. Зроблена гэта таму, што два найважнейшыя Купалавы творы гэтага жанру — “Раськіданае Гняздо” і “Тутэйшыя” былі выдадзеныя летась асобнымі кніжкамі Выдавецтвам “Бацькаўшчыны” і зьяўляюцца даступнымі эміграцыйнаму чытачу.
За назоў кнігі прыняты назоў Купалавага верша й зборніка — “Спадчына” — назоў, які сваім значэньнем якнайлепш адказвае галоўнай ідэі кнігі: даць для беларускага чытача на выгнаньні выбар усёй найважнейшай паэтычна-духовай спадчыны песьняра-прарока беларускага адраджэньня. Падзагаловак “Выбар паэзіі Янкі Купалы” адрозьнівае дастаткова кнігу ад зборніка таго-ж назову.
Сваім абсягам кніга ня выходзіць за тую канцавую, замыкаючую вольную песьнярову творчасьць мяжу, якую сам Купала сваёй-жа рукою й крывёй правёў у часе гаракіры ў чэрвені 1930 году. Хоць кніга пры сваіх не малых разьмерах і зьмяшчае галоўнае з Купалавай паэтычнай творчасьці, аднак усё-ж далёка ня ўсё, што было плянавана даць. Каб не перакрочыць шмат зарысаванай Выдавецтвам мяжы 500 бачынаў, давялося адмовіцца ад улучэньня некаторых вершаў і зусім выпусьціць прыгатаваны ўжо да друку разьдзел — выбар Купалавых перакладаў з чужых літаратураў”.
Тумашава “Уводнае слова” цікавае яшчэ і тым, што агучвае погляд значнай часткі беларускай інтэлектуальнай эміграцыі што да Купалавай творчасці пасля 1930 г. Яшчэ да выхаду “Спадчыны” Аўген Каханоўскі ва ўспамінах пра Купалу пісаў пра восень 1930 г. як сімвалічную дату духовай смерці паэта. Ва ўступным біяграфічным артыкуле Станіслава Станкевіча выказвалася тая ж думка: “Пад далейшым настойлівым ціскам, пад прэсіяй маральнага тэрору, вымушваюцца напасьледак ад Купалы патрэбныя дыктатару й Маскве панэгірычныя радкі. Усё напісанае ад пробы самагубства ў 1930 годзе аж да пазьнейшай самагубнай сьмерці ў 1942 годзе мізэрнае колькасна, няшчырае, адчэпнае і бязвартаснае з мастацкага гледзішча. Вымушаныя брутальнаю сілаю хвальшывыя хваласьпевы нічога супольнага ўжо ня маюць з папярэдняю палымянаю ідэёва творчасьцю песьняра-прарока беларускага народу. Як вобразна й трапна выразіўся Р. Склют , гэта ўжо быў Купала — нявольнік і Купала — не паэта, Купала — запраўды “жывы нябожчык”, рукою якога, як чужою, чужая-ж рука вадзіла па паперы аж пакуль свая собская рука ня вызваліла з глуму ў другім, удалым замаху 1942 году”.
Зразумела, не ўсе падзялялі гэткі погляд на спадчыну песняра, і адным з такіх нязгодных быў колішні старшыня БІНіМа Янка Ліманоўскі. А між тым менавіта ён спачатку меўся пісаць прадмову да “Спадчыны”. Аднак погляд “усходніка” Ліманоўскага на біяграфію і творчасць Купалы не супаў з ідэямі выдаўцоў: ягоны тэкст не прынялі, а пакрыўджаны літаратуразнаўца надрукаваў свой артыкул ва ўкраінскай газеце, дэманстрацыйна выйшаў з Інстытута і з часам абарваў усе сувязі з беларускай грамадой.
Варта адзначыць, што працэс пошуку тэкстаў, укладання і выдання “Спадчыны” заняў амаль тры гады, а праца была размеркаваная паміж Нью-Ёркам (дзе Вітаўтам Тумашам у вольны ад прафесійнай лекарскай працы час збіраліся тэксты) і Мюнхенам (дзе намаганнямі Станіслава Станкевіча друкавалася кніга). Дзякуючы гэтай геаграфічнай падзеленасці ў архіве БІНіМа (сёння перададзеным у БДАМЛМ) захавалася вялікае ліставанне Вітаўта Тумаша і Станіслава Станкевіча. Яно дае магчымасць прасачыць не толькі храналогію працы, але і ўсе нюансы адбору тэкстаў. Карэспандэнцыя выдаўцоў адлюстроўвае стаўленне да Янкі Купалы і яго творчасці на эміграцыі, наяўнасць розных падыходаў і ацэнак, а таксама ўсе складанасці, з якімі сутыкаліся ўкладальнікі. Дзеля ўнікальнасці згаданага выдання было вырашана выдаць таксама і тое звязанае з ім ліставанне. Яно ўяўляе сабой мо адзін з найцікавейшых эміграцыйных кніжных тэкстаў і з’яўляецца каштоўным матэрыялам да гісторыі інтэлектуальнага жыцця беларускай эміграцыі, ды, акрамя ўсяго, хіба першай айчыннай кнігай пра кнігу.
Выданне “Як укладалі “Спадчыну” мае выйсці ў падсерыі “Спадчына: агледзіны” серыі “Бібліятэка Бацькаўшчыны” ў 2018 г.
Лявон Юрэвіч
Наталля Гардзіенка