Англа-Беларускае таварыства выклала для вольнага карыстання англамоўны часопіс «Belarusian Chronicle», які выдаваўся штоквартал пад рэдакцыяй вядомага брытанскага даследчыка беларускай культуры Гая Пікарды з 1997 па 2002 гг.
Першыя 7 з 18-ці нумароў ужо даступныя для прагляду і спампоўваня на сайце Беларускай бібліятэкі і музея імя Францішка Скарыны ў Лондане. У бліжэйшы час будуць даступныя і астатнія нумары.
Гай Пікарда быў адным з ініцыятараў стварэння Англа-беларускага таварыства, менавіта ў ягоным доме адбыўся першы сход таварыства.
Пікарда даследаваў беларускую царкоўную музыку і культуру. Выдаў «Беларускі царкоўны спеўнік. Св. Літургія» (кн. 1–2, 1979–91), «Беларускі духоўны спеўнік» (Вільня, Лондан, 1989), склаў даведнік пра Беларускую бібліятэку імя Ф. Скарыны ў Лондане (1971), анталогію беларускіх шматгалосых песнапенняў «Залатая Беларусь» (1998). Цягам некалькіх дзесяцігоддзяў Гай Пікарда дапамагаў у арганізацыі лекцый па беларуазнаўстве, адыгрываў ключавую ролю ў выданні часопіса The Journal of Byelorussian Studies. Узнагароджаны медалём Францыска Скарыны (2000), дыпломам UNESCO (2006).