Трапіў на вайну, а знайшоў каханне. Успаміны пра Беларусь паляка, які ваяваў пад Мінскам у Першую сусветную

Гісторыя Стэфана Падстольскага, этнічнага паляка, моцна закруцілася з пачаткам Вялікай вайны 1914 года ў Еўропе. Лёс закінуў яго на фронт у Цэнтральную Беларусь, якую Стэфан апісваў у дзённіку. Тады хлопец яшчэ не здагадваўся, што нашая краіна падаруе яму самае істотнае: каханне ўсяго жыцця.


Польская дарога да Беларусі

Piknik u Nalibockaj puščy
 Пікнік у Налібоцкай пушчы галоўных герояў артыкула. 1927 год. Фота з сямейнага архіва

Стэфан Падстольскі нарадзіўся ў 1897 годзе ў Паўднёвай Польшчы, недалёк ад Кельцаў. Ён быў шостым дзіцём у сям’і цесляра Людвіка і шляхцянкі Вінцэнты з дому Каліцінскіх. У 1912 годзе скончыў чатыры класы мужчынскай прагімназіі і быў прыняты ў лясную школу. Аднак неўзабаве пачалася Першая сусветная вайна, і яго сям’я прыняла рашэнне эвакуявацца ўглыб імперыі.

15 траўня 1916 года Стэфан быў прызваны ў царскую армію шарагоўцам і прызначаны ў 4-ты гусарскі полк. 1 верасня 1916 года ён стаў вайсковым ураднікам і ў гэтай якасці служыў у 7-й інжынернай дружыне, будаваў дарогі і вайсковыя ўмацаванні. Штаб гэтай вайсковай часткі знаходзіўся ля Маладзечна.

Stefan Padstoĺski z bratam
Стэфан Падстольскі з братам напярэдадні адпраўкі на вайну. 1916 год. Фота з сямейнага архіва

«Я ўжо ў дружыне. Там не так шмат працы. Сяджу ля вакна і пішу. Я жыву ў пана Гайковіча, тут вельмі добры вялікі пакой, нас пяцёра. Цяпер я сяджу за сталом і думаю, што тут адбываецца. Вялікі Божа! Жадаецца як мага хутчэй дадому, бо гэтае блуканьне сталася такім стамляльным. Хацеў на Каляды ў Менск, ды, відаць, ня выйдзе. Верагодна, правяду Раство ў адзіноце». (Вёска Забалацце, 11 снежня 1916 года).

«Калі я гэта пішу, як грымоты чуюцца гарматныя стрэлы, бразгаюць вокны, кулямёт грукоча бы машына, і нямецкія самалёты кружаць над Маладэчнам. Нэрвы ў мяне вельмі напружаныя, нібы чакалі, што скончыцца вайна. Кулямёт, цяпер яшчэ некалькі кулямётаў тра-та-та-тра... І зноў гук бомбы, якая вырываецца з самалёта, усе сьцены трасуцца.

Самалёт, у хмарках ад шрапнэлі, павольна плыве над Маладэчнам, зьніжаецца і раптам чуем бам, бам... і ён паварочвае да нямецкіх пазыцый.

Цікава, як яны там дома Каляды будуць сьвяткаваць, там свабода. Дома, мабыць, зноў будзе плакаць мама, бо яны ўжо другія Каляды бяз нас сьвяткуюць, а мы бязь іх. Балюча, але што зробіш?».

1917

«Учора ўвечары мы разьвітваліся са старым годам. Напрыканцы была невялікая бойка праз дзяўчатаў. Божа мой, можа, мама думае, што я ў войску, альбо забіты, а я пакуль тут сяджу спакойна, а можа, дасьць Бог, як-небудзь усё гэта перажыву.

Ці думаў я два гады таму, што праз два гады буду ў Беларусі, як усё зьмянілася. Чалавек дома быў дзіцём, а цяпер тут самастойны, кіруецца і сам змагаецца з усімі цяжкасьцямі.

Кажуць, што вайна хутка скончыцца, таму што ў Маскве есьці няма чаго і ўсюды галеча. Дай Бог, каб наступнай зімой я быў дома».

Stefan Padstoĺski
Стэфан Падстольскі падчас пазнейшай службы ў лясніцтве. Фота з сямейнага архіва

«Я буду памятаць гэтыя акопы і гэтую Беларусь»

«Ужо трэці дзень трымаецца моцны мароз, дасягае 25-28 градусаў. І ўсё адно, што людзі робяць вакол, а мне ўжо да халеры халодна. О! Я буду памятаць гэтыя акопы і гэтую Беларусь.

23 лютага 1917 года нешта нядобрае ў паветры, нейкія шалёныя падрыхтоўкі, раз-пораз зьмяняюцца загады. Надыходзіць вясна, прыйдуць бітвы і наступ адной з армій. Некалькі дзён таму немцы газ пусьцілі. На наступны дзень нам усім выдалі францускія маскі, так што цяпер мы ў бясьпецы ад газаў. Учора ў абед зноў былі газы, і іх ахвярамі сталі 15 буратаў.

Надвор’е цяпер добрае, сонца грэе, але мароз добры. У кірунку Нарочы з самай раніцы чуваць моцная страляніна».

Stefan Padstoĺski ŭ Nalibakach sustrakaje prezidenta Poĺščy Ihnacyja Mascickaha. 1929 hod
Стэфан Падстольскі ў Налібаках сустракае прэзідэнта Польшчы Ігнацыя Масціцкага. 1929 год. Фота з сямейнага архіва

Бунт

«16 сакавіка я даведаўся вельмі істотныя рэчы: на Няве бунт! Значыць, і дні вайны палічаныя. Як бачыце, расейцы ня надта ўстойлівыя да голаду і нястачы, і гэта можа іх зьнішчыць. Заўтра еду зноў у Менск на працу. Зараз мы перажываем надзвычай гістарычныя моманты. Расейскі імпэратар адмовіўся ад кароны...

Стары ўрад сядзіць у турме, імпэратар зрокся трона, армія ідзе на бок рэвалюцыі. Вялікі энтузіязм, усе вельмі задаволеныя. Тут, у Маладэчна, паліцыя і жандармерыя былі арыштаваныя афіцэрамі і жаўнерамі. Поўная свабода.

Сёньня пасьля абеду пайшоў на вакзал па газэты. Увесь вакзал заняты войскамі, па пэроне праходзяць жаўнеры і патрулі, але жандармерыі не відаць.

Кожны сам сабе гаспадар і ўладар. Час ад часу цягнік за цягніком з войскамі прыбывае на пазыцыі. Я надзвычай рады перамозе рэвалюцыі. Вольная Расея — значыць вольная Польшча. Я моцна веру ў гэта. Цяпер ужо няма страху быць дзе-небудзь арыштаваным і нявінна закатаваным. Цяпер можна ехаць у Менск і ніхто цябе там не спыніць, а раней, Божа! Я быў як мыш пад венікам, ідучы па вуліцы, азіраўся ва ўсе бакі, ці не ідзе ззаду паліцыянт з намерам мяне затрымаць».

У канцы кастрычніка 1917 года Стэфан Падстольскі з усёй дружынай пераехаў ва Ужынаўку пад Дзвінскам, на Віцебшчыне.

«Учора прыйшоў загад, каб мы ішлі на Дзьвінскі фронт. Крыху ня тое, на што спадзяваўся, але нармалёва. Ёсьць старая прымаўка, якая кажа: «Калі хочаш ударыць сабаку, дык і кій знойдзецца».

Генэрала Карнілава замянілі, мабыць, будзе з гэтага каша, бо за ім усе казакі. Зноў спраўдзіліся словы пана Гайковіча паўгадовай даўніны пра тое, што ў Расеі зноў будзе шалёная смута. Ягоная мара, напэўна, зьдзейсьніцца, я сёньня быў у яго, ён вельмі задаволены цяперашнім паваротам падзеяў.

Нягледзячы на тое, што мы ехалі ў вагоне вельмі шчыльна, было вельмі весела, усю дарогу гралі на мандаліне, гітары, балалайцы, а потым мы сьпявалі. А 5-й гадзіне дабраліся да Полацка. Бачныя былі ўдалечыні белыя дамы і прыгожы сабор стаяў пасярэдзіне. Цягнік ехаў па мосьце празь Дзьвіну. Гэта была былая мяжа некалі магутнага [...].

Далей ваенныя ўспаміны Стэфана Падстольскага абрываліся.

Пасля вайны

Viasiellie Stefana
Вяселле Стэфана. Фота з сямейнага архіва

Пасля бальшавіцкага перавароту Стэфан некаторы час працаваў у Мінску ў Саюзе вайсковых палякаў. Пасля таго, як Бабруйск заняў 1-шы польскі корпус, ён спрабаваў трапіць туды, але на станцыі Асіповічы яго арыштавалі чырвонагвардзейцы і абвінавацілі ў шпіянажы. Стэфана прысудзілі да расстрэлу. Ён ухіліўся ад смерці ў апошнюю хвіліну. У лютым 1918 года Стэфан Падстольскі пачаў браць актыўны ўдзел у раззбраенні бальшавікоў у Мінску.

Пасля дэмабілізацыі польскага корпуса ў ліпені 1918 года Стэфан вярнуўся ў родны гарадок, але будучыня зноў звязала яго з Беларуссю. Да сярэдзіны 1921 года Стэфан Падстольскі працягваў служыць у польскім войску, якое месцілася на тэрыторыі Беларусі, а пасля атрымаў пасаду ў лясніцтве Дэпартамента земляробства.

Ванда

Vanda Sapoćka
Ванда Сапоцька (па цэнтры ў верхнім шэрагу) падчас навучання ў гімназіі. 1921 год. Фота з сямейнага архіва

Ванда Сапоцька нарадзілася ў 1905 годзе. У 1926 годзе яна паехала на адпачынак на тэрыторыю Заходняй Беларусі. Гэта была маляўнічая Налібоцкая пушча. У 2 км ад вёскі Беліца знаходзіўся маёнтак Ясёва, якім валодалі Пажарыцкія. Плошча маёнтка складала каля 200 га ворнай зямлі, лугоў і гаёў, акружаных з трох бакоў пушчай.

Дачкой уладальніка маёнтка Юзафа Пажарыцкага была Яніна, якая стала жонкай старэйшага з братоў Ванды.

Majontak Jasiova
Маёнтак Ясёва. Фота з сямейнага архіва

Па волі лёсу Стэфан Падстольскі, ляснік Бакштынскага лясніцтва, актыўна дзейнічаў у мясцовым зямельным асяродку ў той час. Стэфан часта наведваў сям’ю Пажарыцкіх. Ванда і Стэфан пазнаёміліся падчас аднаго з пікнікоў на маляўнічым возеры Кромань.

Стэфан Падстольскі прысвяціў радкі з успамінамі пра Налібоцкую пушчу:

«Чалавек, якога можна сустрэць, мог быць толькі паляўнічым Яго Сьветласьці або браканьерам з далёкіх вёсак. Па ўскрайку лесу працякала рэчка Бялушка з крыштальна чыстай вадой, такой халоднай нават сьпякотным летам, што купаньне ў ёй лічылася геройствам. У прырэчных галінах дрэваў — ракі. Казулі і алені ў лясах. На лугах — зайцы, цецерукі, курапаткі, глушцы, дзе-нідзе ваўкі і лісы, на ўскрайку лесу засеяны гектар аўса — прынада для адстрэлу дзікоў.


Piknik na bielaruskim voziery Kromań. 1931 hod
Пікнік на беларускім возеры Кромань. 1931 год. Фота з сямейнага архіва

Паляўнічыя месціліся на спецыяльных балконах, збудаваных для гэтага ў галінах суседніх дрэваў. Дзікія качкі былі на двух вадаёмах, у адным з карпам і лінем, у другім з карасём і шчупаком. Усё гэта лавілі і ўпалявалі — падалі на стол па рэцэптах старажытнай кухні, якія пачыналіся са знакамітага «ўвазьмі кучу яек...»

Узрадаваць сябе і іншых было проста:

«Пасьля бясконцых паляваньняў мужчыны прыносілі здабычу, дзякуючы чаму на стол падавалася пераважна дзічына. У сьвяточныя дні елі таксама асаблівыя прысмакі, напрыклад, літоўскія клёцкі з бараніны, бліны з маслам, сьмятанай або гарачым тлушчам, а часта і ракаў. Алькаголь, медавуха і віно пакідалі стол толькі ў сумных і, на шчасьце, рэдкіх выпадках, калі гасьцей не было».

Sarna, jakaja niekaĺki hadoŭ žyla ŭ majontku Jasiova. 1930-ja hady
Сарна, якая некалькі гадоў жыла ў маёнтку Ясёва. 1930-я гады. Фота з сямейнага архіва

Стэфан Падстольскі ўзгадваў, што яму, аднак, больш за ўсё спадабаўся суп з ячменем і гарохам, якім частавалі парабкаў. Яго падавалі ў велізарнай глінянай місе і елі драўлянымі лыжкамі.

Ванда і Стэфан пасля вяселля жылі амаль там жа. Налібоцкая пушча стала іх сапраўдным домам. Паселішча Смейна ўбачыла нараджэнне першых дзяцей. Трынаццаць гадоў праляцелі бы імгненне, і пачалася Другая сусветная вайна. Мая сваячка Ванда з Сапоцькаў Падстольская з мужам Стэфанам і астатняй сям’ёю перабралася на захад.

Павал Хадзінскі, budzma.org