Філасофскі празаічны тэкст польскага драматурга Гельмута Кайзара ажыў на сцэне тэатра TRWarszawa 17 жніўня ў рамках тэатральнага фестывалю INEX ФЭСТ. Сцэнічная адаптацыя невялічкага эсэ сустрэла публіку даволі складаным прачытаннем, і хаця раскрыла некалькі істотных тэмаў, шмат якія інтэрпрэтацыі і сэнсы засталіся паміж радкоў. Аўтарка budzma.org Наталля Міхаліна Скарынка пабывала на прэм’еры і напісала рэцэнзію на спектакль.
«У мяне няма імені. Сёння яно ўжо нікому не патрэбнае. Безыменны кастрат»
Пачатак спектакля быццам намацвае руку гледача ў цемры і асцярожна «вядзе» яго па водблісках заблытаных пластыкавых нітак на падлозе. Ананімныя асобы (у выкананні Мікалая Стонькі і Аляксея Сапрыкіна) у фармальных касцюмах таямніча рухаюцца па сцэне — адзін да краю падмосткаў, каб пакласці там яшчэ адзін чэрап, а другі ужо стаіць ля мікрафона і перад тым, як пачаць казаць гледачу красамоўныя рэчы пра ўласны канец, дастае з кішэні і цалкам з’ядае маленькі пачак чыпсаў. Гэты іранічны манёўр выклікае жаданне паслабіць мышцы твару і ўспрымаць змест прамовы як непазбежную, часам абсурдную дадзенасць жыцця.
Сцэна са спектакля «Канец паўкабана». Фота: Аляксандр Валодзін, budzma.org
Апавяданне суправаджаецца даволі яркімі апісаннямі працэсу разбірання кабана аж да агучвання форм і колераў разнастайных органаў, але дзякуючы адсутнасці прамалінейных візуальных вобразаў гэта пэўна не можа выклікаць агіду нават у самых чуллівых. Увага гледача засяроджваецца на камернай прасторы, дзе з маналогаў акцёраў ствараюцца падзеі. Яны ў сваю чаргу дапаўняюцца мінімальнымі, аднак шматмоўнымі дэкарацыямі — дыскавым тэлефонам старога ўзору колеру крыві, доўгім сталом са стэрыльна белым абрусам, які нібыта толькі чакае на забруджанне, і невялічкім кітчавым гардэробам. Апошні з’яўляецца адным са своеасаблівых сцэнічных «парталаў» для персанажаў — у сціранне паняцця гендарнасці і маляванне чалавечай шматграннасці.
Мікалай Стонька і Аляксей Сапрыкін у сцэне са спектакля «Канец паўкабана». Фота: Аляксандр Валодзін, budzma.org
Свае прамовы — як «жывёльнага» характару, так і метафізічнага — героі вядуць паралельна з прымеркай розных вобразаў, якія трансфармуюцца як у колькасці элементаў адзення, так і ў паводзінах асобаў. Спачатку глядач чуе глыбока-правакатыўныя фразы ад шчаціністага мужчыны ў парыку, апранутага ў бліскучае дыскатэчнае ўбранне, а потым бачыць, як гэтая ж самая асоба п’е з горла і заплёўвае падлогу шампанскім.
Мікалай Стонька ў спектаклі «Канец паўкабана». Фота: Аляксандр Валодзін, budzma.org
Усё гэта — які б ні быў аксюмаран — знаходзіцца ў настолькі раўнамерным дысанансе, што адчапіць глядацкую ўвагу ад дзеяння могуць хіба толькі заднія відэапраекцыі, што заўсёды нечакана з’яўляюцца ў адвольныя моманты і накідваюць ім некалькі адсоткаў напружанасці.
Імпульсіўная харэаграфія Паўліны Пракопюк дадае аголеным целам больш шырокі сэнс — пазбаўляе імёнаў і ярлыкоў, робіць стаўку на цялеснасць чалавека і яе творчыя магчымасці.
Мікалай Стонька ў сцэне са спектакля «Канец паўкабана». Фота: Аляксандр Валодзін, budzma.org
«Таямніца любові. Я не баюся гэтага слова. Я ўжываю яго інакш, у яго другім, таемным значэнні»
Акрамя пытанняў сэнсу жыцця і смерці, барацьбы і прыняцця, спектакль, як і тэкст Кайзара, удала адлюстроўвае шматпавярховую ідэю кахання — з вуснаў акцёраў гучаць лампавыя разважанні аб усім, чым гэтаё пачуццё можа быць:
«Ты пішаш? Мне? Ах, значыць, я загіну не ўвесь. Значыць, не ўсё дарма. Ці напраўду? Я баюся за цябе, бо ты набліжаешся са мною да таго, што можа падацца занадта жудасным... знізу, з бетоннай падлогі, у АГОНЬ. Выратаванне ў рытуале. У пісьме. У святым адданні. У шчырасці. І я не дам сябе намовіць ані на нянавісць і злачынны нігілізм, ані на непасрэдную палітычнасць...»
Сцэнічнае прачытанне эсэ «Канец паўкабана» ў версіі рэжысёра Юры Дзівакова — гэта паэтычна тонкая алюзія на інтэлектуальны характар любові і кахання, на чуллівасць чалавека і яго ўспрыманне свету, а ў некаторым сэнсе адначасова — на яго бездапаможнасць, ахвярнасць і жыццё ў болю.
Аляксей Сапрыкін ў сцэне са спектакля «Канец паўкабана». Фота: Аляксандр Валодзін, budzma.org
Спекталь варты прагляду з-за размыцця межаў паміж бытам жыцця і яго мастацкасцю, закранання актуальных экзістэнцыяльных пытанняў і формы пошуку адказаў на іх. Спектакль цікавы працуючай эклектыкай фонавых відэапраекцый і таго, што глядач бачыць на сцэне — то бок, удалым дысанансам цёплых цялесных тонаў і сцюдзёнага паўзмроку, выразных гукаў і цішыні, філасофскіх разважанняў і прымітыўных жэстаў.
Ледзь заўважныя крыніцы святла падчас спектакля канцэнтруюць зрок на дзвюх жывых істотах і нейкім чынам нават нівелююць візуальнае значэнне рэквізітаў, што знаходзяцца на сцэне. Акцёры перадусім існуюць разам з сімвалічным велізарным палатном на сваім фоне, якое з’яўляецца своеасаблівым люстэркам — яшчэ адным «парталам» унутр супярэчлівай, складанай чалавечай існасці, правадніком па яго квітнеючых і адначасова паміраючых ментальных і фізічных калідорах.
Мікалай Стонька ў сцэне са спектакля «Канец паўкабана». Фота: Аляксандр Валодзін, budzma.org
Насычанасць спектакля выхоплівае ў ім адразу некалькі кульмінацыйных момантаў, і пэўна — кожны глядач абярэ свае ўласныя.
Аднак адным з найбольш выразных з’яўляецца фінальны, у якім знікаюць словы і, наадварот, раптоўна з’яўляецца касцюмнае нагрувашчанне. У спецыяльным адзенні і процігазах, быццам абараняючыся ад усяго чаканага і нечаканага ў наваколлі, героі бяруцца размалочваць «выставу» з посуду, як пад лінейку выбудаваную па ўсёй даўжыні стала. Два сінхронныя патокі штучнай крыві, што хлынулі і пакрылі ўсе гэтыя «разваліны», могуць азначаць сімвал канца, які быў на самым пачатку, то-бок — жыццёвага кругавароту і яго выпадковых ўнутраных пераўтварэнняў — арэляў характараў, учынкаў і падзей.
Наталля Міхаліна Скарынка, budzma.org
Фотарэпартаж Аляксандра Валодзіна