Абвешчаны поўны спіс намінантаў на прэмію імя Ежы Гедройця ў 2024 годзе

Журы прэміі Гедройця 2024 разгледзела дасланыя заяўкі і зацвердзіла поўны спіс намінаваных на гэты сезон кніг, піша Беларускі ПЭН.


Premija imia Ježy Hiedrojcia

Ён складаецца з чатырнаццаці пазіцый:

1. «Трэба ўявіць Сізіфа шчаслівым» — Валянцін Акудовіч, выдавецтва «Логвінаў», 2023

2. «Пастэга» — Яўген Аснарэўскі, выдавецтва «Выдавецкія рашэнні», 2023

3. «Джа: Легенда аб забраным сэрцы» — Эліяш Барт, выдавецтва «Gutenberg Publisher», 2023

4. «Забіць упалмінзага» — Зміцер Бартосік, «Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода», 2022

5. «Я танцую» — Віка Біран, выдавецкая ініцыятыва «Кася на Парнасе», 2023

6. «Гарэзлівы пацалунак. Кніга другая» — Ева Вайтоўская, выдавецтва «Янушкевіч», 2023

7. «На прызбе ў Сілічах» — Марыя Вайцяшонак, выдавецтва «Пфляўмбаўм», 2023

8. «Жамяра: жаночыя гісторыі» — Алена Вешторт, выдавецтва «Альфа-кніга», 2023

9. «Вольнеры. Прадвесце» — Валер Гапееў, выдавецтва «Янушкевіч», 2023

10. «Хлопчык Томчык = Tomčyk the Boy» — Сяргей Календа, выдавецтва «Gutenberg Publisher», 2023

11. «Круглая Square: Іранічны жыццяпіс чалавека і імперыі» — Вал Клемэнт, выдавецтва «Gutenberg Publisher», 2023

12. «Камень Вавілонскай вежы» — Уладзімір Мароз, выдавецтва «Зміцер Колас», 2023

13. «Слюнькоў. Палітычная біяграфія» — Дзяніс Марціновіч, выдавецтва «Янушкевіч», 2023

14. «Час пустазелля» — Ганна Янкута, выдавецтва «Янушкевіч», 2023

Найбольшую колькасць кніг у сёлетнім поўным спісе мае выдавецтва «Янушкевіч» — чатыры. На другім месцы выдавецтва «Gutenberg Publisher» з трыма кнігамі.

У складзе журы сёлета: літаратуразнаўца, доктарка філалагічных навук Ульяна Верына; беларусістка, літаратуразнаўца, ад’юнкт кафедры беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэта Катажына Дрозд-Урбаньска; філолаг, кандыдатка філалагічных навук, пісьменніца, перакладчыца Вера Жыбуль; літаратуразнаўца, крытык, драматург, галоўны рэдактар навуковага часопіса «Studia Białorutenistyczne» Сяргей Кавалёў; пісьменніца, паэтка, супрацоўніца праваабарончай арганізацыі Югася Каляда.

Неўзабаве стануць вядомыя кнігі, што трапяць у доўгі спіс прэміі Ежы Гедройця 2024. 

Прэтэндаваць на сёлетнюю перамогу могуць арыгінальныя кнігі, напісаныя на беларускай мове ў жанрах мастацкай і дакументальнай прозы, выдадзеныя ў папяровым або электронным варыянце паміж 1 студзеня і 31 снежня 2023 года, а таксама тыя, што з абгрунтаваных прычын не змаглі ўдзельнічаць у папярэднім сезоне прэміі.

Прэмія Ежы Гедройця за найлепшую кнігу прозы па-беларуску ўручаецца з 2012 года, на сённяшні дзень гэта галоўная незалежная літаратурная ўзнагарода Беларусі. Патрон прэміі — Ежы Гедройць, вядомы публіцыст, палітык і паслядоўны прыхільнік добрасуседскіх зносін паміж Польшчай і Беларуссю, Літвой, Украінай.

Пераможцы апошніх трох гадоў — Ева Вежнавец з кнігай «Па што ідзеш, воўча?» (2021), Сяргей Абламейка з кнігай «Невядомы Менск. Гісторыя знікнення. Кніга першая» (2022), Ганна Кандрацюк з кнігай «У прысценках старога лесу. Гісторыі людзей з Белавежскай пушчы» (2023).