«Галоўнае, каб яно не было знята на дзяржаўныя грошы». Што гавораць рэжысёры пра стан беларускага незалежнага кіно

25.04.2022 Кіно

Адзін з самых прэстыжных у рэгіёне — эстонскі кінафестываль «Цёмныя ночы» ў Таліне заклікаў да байкоту кіно з Беларусі.  А яшчэ ў 2020 годзе на гэтым фестывалі быў паказаны гульнявы кароткаметражны фільм «ZHABA.BY» беларускага рэжысёра Стаса Турко, алегарычная казка пра беларускае паўстанне. Гэта пакуль адзінкавы выпадак, асабліва ў параўнанні з маштабам байкоту расійскага кінематографа. Аднак мы пацікавіліся ў беларускіх незалежных аўтараў, як змянілася стаўленне да айчыннага кіно пасля таго, як афіцыйныя ўлады Беларусі дэ-факта зрабілі яе бокам украінскага канфлікту.


Як мянялася цікавасць да беларускага кіно пасля жніўня-2020

Беларускія пратэсты 2020 года прывялі да ўсплёску цікавасці да беларускага кіно ў свеце. Размова ідзе не толькі аб асобных паказах, але і аб беспрэцэдэнтным поспеху кінематаграфістаў на найбуйнейшых кінафестывалях.

кадр_zhaba_by.jpg
  Кадр з фільма ZHABA.BY

Такі ажыятаж на міжнароднай арэне памятаюць толькі старажылы. У лютым 2021 года «Смеласць» Аляксея Палуяна была паказана ў пазаконкурснай праграме Берлінале — гэта быў першы беларускі фільм на гэтым фестывалі з часоў прэм’еры «Звычайнага прэзідэнта» Юрыя Хашчавацкага ў 1996 годзе. 

courage.png
Постэр фільма «Смеласць»

У кастрычніку 2021 года карціна «Калі кветкі не маўчаць» Андрэя Куцілы заваявала прыз за найлепшы дакументальны фільм на Варшаўскім кінафестывалі — абсалютны трыумф для нашай кінематаграфіі. Нарэшце, у студзені 2022-га сусветная прэм’ера стужкі «Мара» Аляксандры Кулак адбылася на прэстыжным Ратэрдамскім фестывалі, які адкрывае новыя імёны ў аўтарскім кіно. Адзіным беларускім папярэднікам Кулак на гэтым аглядзе быў Андрэй Кудзіненка, чыя карціна «Акупацыя. Містэрыі» была паказана ў Ратэрдаме ў 2004 годзе.

кадр_кветкі_не_маўчаць.jpg
  Кадр з фільма «Калі кветкі не маўчаць»

Усе згаданыя фільмы прысвечаны непасрэдна тэме беларускага паўстання, распачатага ў 2020 годзе. Пры гэтым не ідзе гаворкі аб бяздумным тыражаванні адных і тых жа прыёмаў і гісторый: усе тры фільмы дапаўняюць і дыскутуюць адзін з адным. Публіцыстычная «Смеласць» кантрастуе са строгім постдакументальна-драматычным стылем «Калі кветкі не маўчаць». Абодва знаходзяцца ў іншым кінематаграфічным сусвеце ў параўнанні з фантазійным кінаперформансам «Мара».

кветкі-не-маўчаць.jpg

Пашпарт рэжысёра ці краіна вытворчасці: як распазнаць беларускі фільм

Кажучы пра «беларускае кіно», кінафестывалі, якія абвяшчаюць байкот, маюць на ўвазе кіно, дзе краіна вытворчасці — Беларусь. Фільмы, пра якія ішла размова вышэй, зняты беларускімі аўтарамі незалежна ад фармальнага вытворцы. Гэтая тонкая мяжа азначэнняў, верагодна, дазволіць звесці праблемы з пошукам пляцовак для паказу і сродкаў для вытворчасці фільмаў беларускіх аўтараў да мінімуму.

кадр_Смеласць_Палуяна.jpg
Кадр з фільма «Смеласць»

Так, афіцыйная краіна вытворчасці «Смеласці» — Германія; «Мары» — Францыя; «Калі кветкі не маўчаць» — Польшча. Цяжка сказаць, ці будзе распаўсюджвацца які-небудзь байкот на такія фільмы; або, быць можа, эстонская кінасупольнасць і зусім мела на ўвазе толькі фільмы з дзяржаўным фінансаваннем. У згаданым вышэй звароце гаворыцца, што аўтары «падтрымліваюць беларускіх кінематаграфістаў, якія знаходзяцца ў апазіцыі да рэжыму Лукашэнкі», а таксама цытуецца адкрыты ліст беларускай кінасупольнасці, якая выступіла супраць расійскай агрэсіі і ў падтрымку Украіны.

Наша краіна з’яўляецца адзінай у Еўропе без кінафонду, а таму незалежныя кінематаграфісты доўгі час вымушаны лавіраваць паміж Захадам і Усходам у пошуках фінансавання і пляцовак для паказаў. Мы пагаварылі з некаторымі з іх, каб даведацца, як яны збіраюцца гэта рабіць у найбліжэйшай будучыні.

«Той факт, што я з Беларусі, не адштурхоўвае ад мяне ні палякаў, ні ўкраінцаў»

У 2021 годзе Андрэй Куціла пачаў праходзіць стажыроўку ў Лодзінскай кінашколе (Польшча), гэтая магчымасць яму была дадзена бясплатна як грамадзяніну Беларусі. Ён кажа, што кіно, звязанае з пратэстамі і рэпрэсіямі, не страціла актуальнасці. Пасля перамогі на Варшаўскім фестывалі самі адборшчыкі пачалі актыўна прасіць спасылку на прагляд фільма. «Я не сутыкаўся асабіста, каб кіно, напрыклад, забаранілі. Кіно з’яўляецца фармальна польскім, вытворца — Польшча, прадзюсар польскі. Галоўнае, каб яно не было знята на дзяржаўныя грошы».

Куціла.jpg
Андрэй Куціла

На базе Лодзінскай кінашколы і пры падтрымцы польскіх прадзюсараў заканчвае працу над новым фільмам і Ігар Чышчэня. У нашай размове ён падзяліўся навіной, што прэм’ера дакументальнай карціны пра беларускіх падлеткаў адбудзецца на пакуль што не названым польскім кінафестывалі ў маі 2022 года. «Тут, у школе, той факт, што я з Беларусі, не адштурхоўвае ад мяне ні палякаў, ні ўкраінцаў, ні прадстаўнікоў іншых краін», — кажа Чышчэня.

Палуян_фота_з_ФБ.jpg
Аляксей Палуян. Фота: aliaksei.paluyan / Facebook

Аляксей Палуян працягвае супрацу з Нямеччынай, яна на дадзены момант галоўная краіна-вытворца яго будучага мастацкага фільма пра «асэнсаванне шляху беларусаў пасля набыцця незалежнасці». Рэжысёр сцвярджае, што не адчувае праблем з прыняццем папярэдняга фільма «Смеласць», чыё фестывальнае жыццё працягваецца (у сакавіку 2022 года адбылася шведская прэм’ера фільма на кінафестывалі «Tempo» у Стакгольме).

Таня Свірэпа пасля 2020 года апынулася ў Кіеве, а адтуль бегла ў першы дзень вайны, пасля пачатку бамбардзіровак. «Рэкордэр і добрая камера засталіся ў майго сябра, з якім мы здымалі фільм у Кіеве. Я хацела тут [у Польшчы] здымаць новы фільм, у мяне ўжо быў герой, але я не знайшла тэхніку», — дзеліцца рэжысёрка. Матэрыялы яе няскончанага фільма «Беларусь 23:34» таксама часткова засталіся ў Кіеве. Іншы праект, над якім Свірэпа працуе ў суаўтарстве з украінскім рэжысёрам Ігарам Бабаевым, запрасілі для ўдзелу ў воркшопе «B2B Doc», які праходзіць у Вісбадэне ў красавіку.

Svirepa_as_archiu.jpg
  Таня Свірэпа

Ва Украіну быў вымушаны перанесці кінавытворчасць таксама і рэжысёр Андрэй Кашперскі: «Да пачатку вайны я на працягу 10 месяцаў працаваў над стварэннем сатырычнага серыяла "Тут быў Ленін" у рамках праекта "ЧынЧэнэл" пры падтрымцы еўрапейскага фонду. З-за пагрозаў беларускага палітычнага рэжыму мы былі вымушаныя з’ехаць у Львоў, дзе ў студзені-лютым 2022 года знялі каля 40% усяго матэрыялу». Кашперскі не пакідае надзей усё ж скончыць фільм, аднак цяпер яму давядзецца перазняць большую частку матэрыялу ў новай краіне.

jlly4AjTO54.jpg
  Андрэй Кашперскі

Адзін рэжысёр, які пажадаў застацца ананімным, у мінулыя гады супрацоўнічаў як з кінастудыяй «Беларусьфільм», так і з еўрапейскімі тэлеканаламі. Цяпер ён працуе над стужкай пра беларускія пратэсты і феномен эміграцыі і разлічвае на падтрымку Польшчы. Паводле яго слоў, пасля лютага 2022 года адмены наяўных дамоўленасцей аб праекце і запланаваных кінапаказаў не адбывалася.

Ёсць і рэжысёры, якія атрымліваюць падтрымку не толькі на Захадзе, але і на Усходзе, у Расіі. Юлія Шатун, якая выйграла ў 2021 годзе конкурс на бясплатнае навучанне ў майстэрні поўнага метра Маскоўскай школы новага кіно, працягвае працу над праектам пад куратарствам грузінскага рэжысёра Дзмітрыя Мамуліі і іншых выкладчыкаў. Сама Юлія, зрэшты, паведамляе, што знаходзіцца не ў Маскве, а ў Польшчы, куды была вымушана ўцякаць з Украіны. Адзін з куратараў майстэрні, Уладзімір Надзеін, таксама паведаміў аб сваім рашэнні пакінуць Расію.

ea2f981d8ccf1a0dcaf4911521279ee7.jpeg
  Юлія Шатун. Фота: onliner.by

Улада Сянькова ўжо некаторы час працуе над фільмам пра хлопцаў, якія ўцяклі з беларускай арміі, сцэнарый якога піша сумесна з прадзюсаркай Ларысай Алейнік, якая базуецца ў Маскве. Аднак рэжысёрка сцвярджае, што не плануе перарабляць сцэнарый пад сённяшнія рэаліі. Яшчэ адзін праект, які Сянькова распрацоўвала для неназванай расійскай прадакшн-кампаніі, з высокай доляй верагоднасці, па словах рэжысёркі, у новых рэаліях будзе адменены. «Я зараз навучаюся на [польскім сцэнарным воркшопе] ScriptEast. У нас будзе фінальная, завяршальная штука на Канскім фестывалі. Ну накшталт акрэдытацыю мне адобрылі». У той жа час, Сянькова кажа, што ад маленькіх польскіх фестываляў ёй прыходзілі лісты аб тым, што сёлета яны не могуць прыняць працы, створаныя ў Беларусі і Расіі. «Я разумею, што не магу выпускаць зараз кіно ад расійскага прадакшна Ларысы Алейнік», — кажа Сянькова.

22.jpg
  Улада Сянькова

«Уварванне Расіі ва Украіну прывяло да глабальнага злому ўсяго. Што зараз рабіць, якое будзе кіно і як яго рабіць, пакуль зусім незразумела», — кажа беларускі пісьменнік і рэжысёр Уладзімір Казлоў, чые пяць незалежных поўных метраў былі знятыя ў Расіі. У пачатку 2022 года ён займаўся фестывальным прасоўваннем свайго першага беларускага фільма «Лета 1989». «Пасля пачатку вайны ва Украіне тыя людзі, з якімі павінны былі працягнуцца размовы, на кантакт больш не выйшлі. На жаль, ніхто не праводзіць розніцу паміж кінематаграфістамі-прапагандыстамі і супернікамі рэжыму. Трэба нармальна паставіцца да таго, што беларускія фільмы ніхто на міжнародных фестывалях заўважаць не будзе, акрамя хіба што нейкіх дакументальных фільмаў, звязаных з падзеямі 2020 года».

Мікіта Лаўрэцкі, Budzma.by