Кожная новая праца гурта “Стары Ольса” – падзея для беларускай музыкі надзвычайная. Гэтыя музыкі капаюць грунтоўна ды ўдыхаюць новае жыцьцё ў забытыя творы. Роўных ім у інтэрпрэтацыі музыкі даўніх часоў у нас проста няма.
Альбом “Santa Maria” пачынаецца з рэлігійнага сьпеву “Авэ Марыя”, які на беларускую пераклаў Зьміцер Сасноўскі. Але альбом у “ольсаў” зусім ня сьпеўны. Яшчэ адзін вакальны нумар “Маці каралева” закрывае дыск. А паміж імі – музыка інструмэнтальная, часоў Рэнэсансу і барока, перадусім з “Полацкага сшытку”, які для багатага на фантазію і здольнасьці музыкі ўяўляе зь сябе цэлы космас.
Да музычнага помніка XVI – пачатку XVII стагодзьдзяў “Стары Ольса” зьвяртаецца пастаянна, яшчэ ад часоў альбому “Verbum” (2002), даводзячы творы да абсалютнай дасканаласьці. Быць можа, калі-небудзь музыкі і выдадуць альбом, у якім зьбяруць усе свае напрацоўкі на гэтую тэму ды назавуць яго проста ды ясна – “Полацкі сшытак”. А пакуль яны дадаюць яго рэшткі да кожнай сваёй новай праграмы, разбаўляючы ня менш вартымі ўвагі творамі. У дадзеным выпадку на дыску гучыць музыка зь “Віленскага сшытку”, а таксама творы Валянціна Бакфарка і ўлюбёнага лютніста караля Баторыя Войцеха Длугарая, якога вельмі шануюць “ольсаўцы”.
Пры ўсёй сівізьне матэрыялу, “Ольса” падаў яго з абсалютна рокавым драйвам (і гэта ўжываючы выключна старадаўнія інструмэнты!). “Santa Maria” ані разу не прытамляе, а часам гайдае нашмат больш за ўласна рокавыя ды электронныя рэчы. Тут варта пяяць хвалу ня толькі музыкам за іх бездакорнае валоданьне інструмэнтамі ды гнуткае музычнае мысьленьне, але і тым, хто гэты альбом пісаў ды зводзіў (Віталь Кулеўскі ды Анатоль Шаўцоў). З дапамогай іх гэты запіс ня нудзіць і не прытамляе, а дыхае і пульсуе.
Выглядае, што наступны альбом “Ольсаў” з рыцарскімі сьпевамі будзе яшчэ больш жывым і драйвовым. У чаканьні!
Ідэя: 10
Выкананьне: 10
Тэксты: –
Запіс: 10
Аздабленьне: 8
Сяргей Будкін