Стары Улас. Аднаўленне памяці пра паэта

«Край беларускі, край ты наш родны...». Такім радком пачаў у 1909-м сваю знакамітую паэму «Год беларуса» Уладзіслаў Сівы-Сівіцкі, больш вядомы пад псеўданімам Стары Улас. Сёлета споўнілася 180 гадоў з яго дня нараджэння, што і запачаткавала чарговы ўздым цікавасці да творцы. Былі зроблены важныя знаходкі, піша Зміцер Юркевіч на сайце «Культура і мастацтва».

Знойдзена метрыка хросту творцы, што ставіць кропку ў спрэчцы адносна даты яго нараджэння, і іншыя дакументы генеалагічнага характару, якія паднялі некрануты пласт сямейнай гісторыі. Знайшлося і сёе-тое са спадчыны, што не трапіла ў друк. Але галоўнае — было адшукана месца апошняга спачыну Старога Уласа. А цяпер пра ўсё і па парадку.

Сам народ

На пачатку ХХ стагоддзя, калі адбывалася станаўленне новай беларускай літаратуры, імя Старога Уласа не сыходзіла са старонак выданняў. 

У 1920-м Максім Гарэцкі (1893–1938) так ахарактарызаваў асобу паэта: 

«Яго творы часам не вельмі складаныя, але чуецца ў іх сіла самае зямлі, непасрэдны павеў самога жыцця беларускай вёскі. Яны — натуральны адростак народнай паэзіі, казак і гутарак, легендаў і жартаў. Стары Улас і Лявон Лобік (1871–1918), а болейменей Альфонс Петрашкевіч (1894— 1918) і іншыя маюць у нашай паэзіі літаратурна-маральнае значэнне як песняры з мазольнаю рукою, што не толькі «з народа», але і «сам народ». Жывець душа народа — жывець народ!»

Адзначаў яго талент і Максім Багдановіч. У 1927-м філолаг і педагог Павел Растаргуеў (1881–1957) у артыкуле, прысвечаным беларускай літаратуры, змясціў імя паэта сярод імён плеяды першай хвалі ХХ стагоддзя, такіх як Карусь Каганец, Ядвігін Ш., Алесь Гарун, Цётка, Янка Купала, Цішка Гартны, Янка Журба, Якуб Колас, Максім Гарэцкі, Канстанцыя Буйло і іншых.

Uladzislaŭ Sivy (Sivy-Sivicki)
Уладзіслаў Сівы (Сівы-Сівіцкі). Пачатак ХХ ст.

Але з цягам часу пра Старога Уласа прызабылі.

Другое нараджэнне

Аднаўленню памяці пра паэта абавязаны дзвюм асобам. У 1960— 1980-х гісторык і краязнаўца Генадзь Каханоўскі (1936–1994) апублікаваў шэраг артыкулаў, якія змяшчалі багатую фактуру пра жыццё і творчасць паэта. Дзякуючы гэтаму імя Старога Уласа трапіла ў першыя беларускія энцыклапедыі. 

У другой палове 1980-х асобай паэта зацікавіўся вядомы філолаг і літаратуразнаўца Вячаслаў Рагойша. Ён давёў справу, пачатую Каханоўскім, да лагічнага канца. Клопатамі Вячаслава Пятровіча ў 1990-м быў выдадзены першы (і пакуль адзіны) зборнік твораў Старога Уласа (24 вершы, 16 вершаваных апавяданняў, 36 публіцыстычных артыкулаў, напісаных у 1909–1913 гады). Наклад кніжкі «Год беларуса», як на сёння, быў фантастычным — 3900 асобнікаў. Але зборнік даўно ужо стаў бібліяграфічнай рэдкасцю. Пэўна, прыйшоў час падумаць пра перавыданне. Цяпер паэт перажывае трэцяе «нараджэнне». І які яно дасць плён, убачым, спадзяёмся, неўзабаве.

Радавод творцы

Да гэтага моманту былі вядомы толькі імёны бацькоў паэта — Пётр Сівіцкі і Людвіка Аміліянская (Эмільянская), што памерлі каля 1874-га. Магчыма, прычынай стала эпідэмія воспы, якая ў той год пракацілася па валожынскіх ваколіцах. Ведалі мы яшчэ імя цёткі паэта Юзэфы Аміліянскай, што ўзяла на выхаванне сірату. Час дапоўніць сціплую інфармацыю.

Меркаваныя дзяды паэта — Людвік Сівы і Зоф’я (Юзэфа) Хаванская, сяляне з вёскі Гардынава (на поўнач ад Валожына). Прынамсі, так прозвішча Людвіка у метрыках пісалася у 1804-м і 1809-м. Калі ж 4 (16) снежня 1815 года ў іх нарадзіўся сын Пётр (бацька Уладзіслава), Людвік запісаўся Сівіцкім. Сівіцкім у метрыцы хросту пазначаны і герой нашай публікацыі Уладзіслаў Аляксандр, які нарадзіўся у Валожыне 10 (22) сакавіка 1865-га (а не 23-га). Хроснымі бацькамі будучага паэта сталі шляхетныя Фларыян Лісоўскі і жонка тытулярнага радцы Кацярына Венедыктава. Другі сын Браніслаў нарадзіўся 27 чэрвеня (9 ліпеня) 1871 года. На гэты раз бацькі ў метрыцы запісаны як Сівыя.

Блытаніна з прозвішчам 

У 1892-м паэт бярэ паўторны шлюб. Абранніцай удаўца Уладзіслава (у метрыцы Сівы) становіцца Антаніна (24 гады), дачка Антона Вайцяхоўскага і Анэлі Бурак. Былі яны сялянамі з Першая, а не шляхтай, як часцяком пішуць. Дарэчы, лічыцца, што менавіта падчас заляцанняў да Антаніны будучы паэт і пачаў пісаць вершы. Прычым, спярша па-польску, як і Янка Купала. Сваякі згадвалі: нават працуючы ў полі, у хвіліны натхнення ён выцягваў з кішэні сшытак і запісваў радкі. 

У сям’і з Антанінай Уладзіслаў нарадзіў восем дзетак — пароўну хлопчыкаў і дзяўчынак. І ўсе яны атрымалі прозвішча па бацьку — Сівыя. А вось у 1933-м у метрыкі ксяндзом былі ўнесены праўкі: Сівы закрэслена і зверху пазначана Сівіцкі. У пашпарце ж Уладзіслаў, акрамя таго што запісаўся беларусам, даў падвойнае прозвішча Сівы-Сівіцкі. Пад якім і ўвайшоў ў гісторыю. Прычым Генадзь Каханоўскі ў сваёй кнізе «Адчыніся, таямніца часу» (1984) сцвярджаў: такі варыянт і ёсць сапраўдны. Але ж бачым, што першаснай формай была ўсё ж Сівы. Ды і літаратуразнаўцам і калегам па паэтычнай ніве ён быў вядомы толькі як Сівы. Яўхім Карскі, якога можна назваць першым прыжыццёвым біёграфам паэта, у знакамітай працы «Беларусы» (т. ІІІ, 1916) прысвяціў яго творчасці амаль тры старонкі (422–424) і пачаў артыкул так — «Стары Ўлас. Псевдоним Владислава Сивого; по профессии он лесник из Воложина».

Dom Staroha Ulasa ŭ Valožynie
Дом паэта ў Валожыне (фота аўтара)

Пры чым тут Сыракомля? 

Але як узнік гэты псеўданім? Даследчыкі сабралі нізку варыянтаў, якімі з 1909-га падпісваў творы паэт: Свой, Стары Ўлас, Стары Ўляс. Адшукалі і пару крыптонімаў — С. У., Ст . У-а-с. У 1984-м Генадзь Кісялёў даў такую версію: «Узважваў думкі, словы; перапісваў, крэсліў, зноў пісаў....Падпісаў імём аўтарытэтнага валожынца Уласа. Падумаў і дадаў — Стары Улас». Магчыма, так і ёсць. Але магло быць і інакш.

Вядома, у паэта мелася вялікая бібліятэка з кніг на польскай і рускай мовах (пазней дадаліся выданні і на беларускай). Думаецца, быў сярод іх томік з паэмай «Улас» земляка Уладзіслава Сыракомлі, напісанай пад натхненнем «Пана Тадэвуша» Адама Міцкевіча. Галоўны персанаж гераічнай паэмы, дзея якой адбываецца ў 1812-м, «ляснічы стары Улас». За некалькі гадоў да беларускамоўнага літаратурнага дэбюту Уладзіслаў Сівы акурат стаў ляснічым ды меў ужо «сорак з гакам» гадоў. Але гэта толькі гіпотэза.

Сват Янкі Купалы

Важнае месца ў «стараўласазнаўстве» займае сувязь паміж двума паэтамі. Часам пішуць, быццам Купала планаваў выдаць асобнай кніжкай паэзію Старога Уласа і нават напісаць да яе прадмову. Але пачалася Першая сусветная вайна і стала не да паэзіі.

Таксама гавораць, што менавіта Уладзіслаў Сівы пазнаёміў Янку Купалу і Уладзіславу Станкевіч, якая неўзабаве стала жонкай песняра. Хоць да сёння вельмі папулярная версія, што сватам у іх быў Ядвігін Ш. Таму звернемся да «першакрыніцы».

Uladzislava Stankievič i Janka Kupala
Уладзіслава Станкевіч і Янка Купала

У 1977-м выйшла кніга «Зерне ад зерня: абразкі з жыцця Я. Купалы» пісьменніка, літаратуразнаўцы Алеся Есакова (1911–1985), у якой эпізоду знаёмства прысвечана цэлая глава. У ёй аўтар прыводзіць успаміны жонкі паэта (з якой ён разам працаваў у сталічным музеі Янкі Купалы). Стары Улас быў сябрам сям’і Станкевічаў (бацька Уладзіславы таксама быў ляснічы) і аднойчы, даведаўшыся, што тая піша вершы, збірае фальклор, прапанаваў ёй разам паехаць у Вільню, прыхапіць свае сшыткі і завітаць у рэдакцыю «Нашай нівы». Паехалі яны ўтрох — Стары Улас, Канстанцыя Буйло, якія ўжо друкаваліся, і Уладзіслава Станкевіч. Купала прыняў яе вершы і ўзяўся сёе-тое падправіць. Так і пачалася іх гісторыя.

Месца спачыну 

Толькі пастаўце крыж дубовы

Мне на магілцы, прашу я вас,

А на крыжы напішыце словы:

«Тут пахаваны Стары Улас».

Гэта радкі з літаратурнага тастамента паэта «Апошняе жаданне». Дачка Алена Сівіцкая пісала: «Восенню занядужаў. Захварэў на запаленне лёгкіх. Памёр 30 верасня 1939 года. Пахавалі яго на Сужанскіх могілках. На магіле паставілі вялікі дубовы крыж без надпісу». Нашмат пазней спарахнелы крыж быў заменены помнікам. Яго фотаздымак быў змешчаны ў кнізе «Год беларуса» (1990). Але і гэтым разам волю паэта выканалі не зусім дакладна. На помніку — надпіс па-польску «Уладзіслаў Сівіцкі. Паэт беларускі «СТАРЫ УЛАС». 1865–1939». Даглядалі магілу ў 1980-х беларусы Алесь Курчэйка і Вінцэнт Янушэвіч.

А ў мітусні 1990-х месца спачыну паэта згубілася. Нават абазнаныя ў справе людзі лічылі яго страчаным. З гэтай нагоды год таму ў Сеціве мы кінулі кліч аб дапамозе ў пошуку магілы Старога Уласа. Яе — не без прыгод — адшукалі. І дапамаглі ў гэтым старыя жыхары вёскі Сужаны, за што ім вялікая падзяка!

Дом. Школа. Музей? 

Дом, што пабудаваў Стары Улас у Валожыне, на былой вуліцы Віленскай (сёння вул. Савецкая, 49), на шчасце, добра захаваўся. Маецца на ім памятная шыльда з надпісам «У гэтым доме да 1914 года жыў вядомы беларускі збіральнік фальклору, паэт і публіцыст СТАРЫ УЛАС (Уладзіслаў Сівы-Сівіцкі)». У свой час паэт адвёў палову дома пад школу для дзяцей вяскоўцаў. Выкладанне ў ёй спярша ішло на беларускай мове, але пазней стала весціся на рускай.

Alieś Kurčejka na mahilie Staroha Ulasa
Алесь Курчэйка на магіле Старога Уласа

Не так даўно будынак перафарбавалі, і выглядае ён годна. Праўда, стаіць пусты... А мог бы зрабіцца домам-музеем паэта, яшчэ адной турыстычнай разынкай Валожыншчыны.