У 2024 годзе асноўная доля выпуску кніг па назвах прыпадала на рускамоўныя выданні — 80,9%, кнігі на беларускай мове — 12,5%, на іншых мовах — 6,6%. На беларускай мове выпушчана 893 назвы кніг тыражом 3,1 млн экзэмпляраў, паведамляе Кніжная палата Беларусі.
Падобныя моўныя тэндэнцыі ў беларускім кнігавыданні захоўваюцца на працягу апошніх дзесяцігоддзяў — штогод на рускай мове выпускаецца ў сярэднім 80% кніг, на беларускай — каля 13%.
Актыўна кнігі на беларускай мове выпускаюцца выдавецтвамі «Адукацыя і выхаванне», «Мастацкая літаратура», «Выдавецкі дом «Звязда»», «Акадэмія адукацыі», «Аверсэв», «Новае веданне», «Выснова». Найбольш тыражнай у беларускамоўным сегменце з’яўляецца вучэбная літаратура, якая адносіцца да сацыяльна-значнай.
«Асабліва варта падкрэсліць адрозненне моўных сегментаў у дзіцячым кнігавыданні і літаратуры для дарослых. У жанры фальклору (казкі) для дзяцей практычна палова кніг выпускаецца на беларускай мове, у прозе — каля 26%. На наш погляд, такім чынам у грамадстве выяўляецца ўсведамленне неабходнасці і важнасці захавання тытульнай мовы беларусаў як асновы фарміравання нацыі. Засвойваючы родную мову, дзеці спазнаюць думкі, пачуцці, гісторыю сваіх продкаў, ўбіраюць духоўнае жыццё народа», — адзначаюць у Кніжнай палаце Беларусі.