Сто гадоў Васілю Быкаву. Гайд па юбілейных імпрэзах на Радзіме і за мяжой

У Беларусі стагоддзе народнага пісьменніка, класіка беларускай літаратуры, грамадскага дзеяча, публіцыста Васіля Быкава, на жаль, адзначаюць больш чым сціпла. Дата больш заўважная ў замежжы.


Vasiĺ Bykaŭ
Васіль Быкаў

Беларусь

Згорнутая выстава ў Мінску

Выставу да юбілею Быкава адкрылі яшчэ ў студзені. Але згарнулі праз 10 дзён пасля адкрыцця. Экспазіцыю да 100-годдзя народнага пісьменніка планавалі паказваць у Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры да 5 мая.

Adkryccio vystavy «Vasiĺ Bykaŭ. Žyccio praz abrysy i linii»
Адкрыццё выставы «Васіль Быкаў. Жыццё праз абрысы і лініі». Фота: facebook/bellitmuseum

Імпрэза ў Мінску

Літаратурны музей імя Максіма Багдановіча 21 чэрвеня запрашае на імпрэзу “Тыя, хто засталіся…”. У праграме мерапрыемства прагляд фільма "Воўчая зграя" і лекцыя пра жыццёвы і творчы шлях Васіля Быкава. Падрабязнасці па спасылцы.

Бычкі

З нагоды стагоддзя з дня народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава 19 чэрвеня ў Бычках, роднай вёсцы нашага генія, пройдзе літаратурна-музычная сустрэча «Салдат пяра і праўды».

У праграме міні-спектаклі Ушацкага цэнтра культуры па творах Васіля Быкава, расповед пра яго жыццёвы і творчы шлях, паэтычныя і музычныя прысвячэнні.

Што дзіўна, абвестка пра імпрэзу месціцца толькі на сайце газеты «Витебские вести», на сайце Ушацкай раённай газеты і мясцовага музея аб’явы няма, хаця ранейшыя імпрэзы, прысвечаныя Быкаву, асвятляліся.

Ждановічы

Музей-дача Васіля Быкава, што ў Ждановічах, будзе святкаваць юбілей чатыры дні.

Урачыстасці пройдуць з 19 чэрвеня па 22 чэрвеня.

У праграме святкавання запланаваны:

экскурсіі-лекцыі па музеі-дачы, літаратурныя размовы з наведвальнікамі на падворку дачы, віктарына творчасці Васіля Быкава, літаратурна-мастацкі пленэр з удзелам наведвальнікаў музея, «Васільковы пленэр» (роспіс шопераў у тэхніцы маляваных дываноў на тэму «Выяўленне вобразаў В.Быкава праз інсітнае мастацтва»).

Падрабязная праграма святкавання па спасылцы

Ушацкі раён

23 чэрвеня музей Петруся Броўкі кліча ў традыцыйнае літаратурнае падарожжа «1.1.1» на Ушаччыну.

Вандроўка прымеркавана найперш да дня нараджэння Петруся Броўкі, але прысвечана творцам-землякам: Петрусю Броўку, Васілю Быкаву, Рыгору Барадуліну.

Удзельнікаў чакаюць да наведвання бацькоўскія хаты: Рыгора Барадуліна — ва Ушачах, Васіля Быкава — у Бычках, Петруся Броўкі — у Пуцілкавічах.


Прага, Чэхія

Afiša

А 16-й 19 чэрвеня ў Нацыянальнай бібліятэцы Чэшскай Рэспублікі (выставачная зала, першы паверх) па адрасу Klementinum, 190 адкрыецца выстава, прысвечаная Васілю Быкава.

Ладзіць імпрэзу асветніцкая суполка «Скарына» і Нацбібліятэка ЧР.

Выстава працуе па 31 жніўня. Уваход вольны.

Штутгарт, Франкфурт-на-Майне, Германія

У пятніцу, 21 чэрвеня, у Штутгарце адбудзецца тэатралізаваная лекцыя Алены Баяравай і Васіля Дранько-Майсюка да стагоддзя з народзінаў Васіля Быкава. Таксама лекцыя адбудзецца 22 чэрвеня ў Франкфурце.

«На шляху Васіля Быкава было нямала спакус і выпрабаванняў, якія ставіў перад ім Мефістофель. Неаднаразова Васіль Быкаў знаходзіўся перад вельмі цяжкім выбарам, — гаворыцца ў анонсе імпрэзы. — Як ён перамог свайго Мефістофеля, як здолеў не здрадзіць самому сабе, як вырваўся з абдымкаў савецкасці і стаў адным з сімвалаў супраціву?»

22 чэрвеня адбудзецца экскурсія да месца жыхарства Быкава ў Франкфурце «Па слядах Быкава».

З 2001 па 2002, Васіль Быкаў жыў у Франкфурце. Тут ён піша «Цярновы шлях» і пачынае «Доўгую дарогу дадому». Падчас экскурсіі можна будзе падрабязна даведацца пра жыццё Быкава ў эміграцыі і прайсці па Франкфурце яго слядамі.

Варшава, Польшча

У аўторак, 18 чэрвеня, у Варшаве адбыўся вечар, прысвечаны 100-гадоваму юбілею ад дня народзінаў Васіля Быкава.

У той жа дзень тэатр «Дзея другая» адыграў у Музеі Вольнай Беларусі містэрыю-чытанку «Васіль Быкаў і ягоныя д’яблы» рэжысёра Васіля Дранько-Майсюка.

19 чэрвеня Беларускі моладзевы хаб запрашае на лекцыю Андрэя Хадановіча: «Доўгая дарога дадому: Васіль Быкаў і Беларусь».

23 чэрвеня Цэнтр беларускай салідарнасці запрашае вас адзначыць 100-годдзе Васіля Быкава ў таварыстве вядомага беларускага літаратара Уладзіміра Арлова. Спадар Уладзімір, які добра асабіста ведаў Быкава, правядзе для усіх прысутных захапляльную экскурсію па творчым свеце беларускага класіка.

Afiša

Беласток, Польшча

19 чэрвеня а 19-й Цэнтр беларускай культуры ў Беластоку запрашае на святкаванне 100-й гадавіны нараджэння Васіля Быкава.

У сустрэчы возьмуць удзел:

Уладзімір Арлоў — пісьменьнік, падзеліцца асабістымі ўспамінамі пра знаёмства з Быкавым

Яўген Барышнікаў — музыка, які зайграе на дудзе — інструменце, блізкім да ўражлівасці пісьменніка

Ёанна Бернатовіч — перакладчыца аўтабіяграфічнай кнігі «Доўгая дарога дадому» (Kolegium Europy Wschodniej, 2023)

Васіль Калач — акцёр, прачытае фрагменты аўтабіяграфіі Быкава

Яраслаў Іванюк — Фонд Kamunikat.org з прэзентацыяй новай кнігі з апавяданнямі Быкава «Бліндаж» і «Афганец».

Анлайн

22 чэрвеня адбудзецца анлайн-лекцыя Зіны Гімпелевіч да 100-годдзя Васіля Быкава. Зіна Гімпелевіч раскажа пра сваё адчуванне Васіля Быкава. Іх жыццёвыя шляхі перасякаліся, і таму слухачы будуць мець магчымасць пачуць гісторыі, як кажуць, з першых вуснаў.


Пачытаць, паслухаць

Днямі выдавецтва Kamunikat.org перавыдала дзве знакавыя, але малавядомыя пакуль аповесьці Быкава — «Бліндаж» і «Афганец». Гэтым выданнем Фонд Kamunikat.org далучаецца да святкавання 100-годдзя Васіля Быкава.

Вось тут можна выбраць некаторыя кнігі Васіля Быкава для праслухоўвання.

Часопіс «Роднае слова» напярэдадні юбілею зрабіў адмысловы падарунак чытачам — выйшаў майскі нумар-альманах, прысвечанага народнаму пісьменніку Беларусі. Падпіску можна аформіць тут.