У межах праекту “Тузін. Перазагрузка” інтэрнэт-парталу “Тузін Гітоў” і грамадскай кампаніі “Будзьма беларусамі!” гурт “Стокс” запісаў адзін з самых прыгожых сваіх твораў па-беларуску. Песня “Пад купалам нябёс” была пераствораная пры ўдзеле паэта Глеба Лабадзенкі. Не выключана, што ў хуткім часе яна загучыць на радыёстанцыях у Маскве, дзе гурт працуе апошнім часам. “Ніколі не чуў на расійскіх FM-станцыях песняў па-беларуску. Мы пастараемся выправіць гэтую хібу”, – кажа Аляксей Стокс.
Музыкантаў са “Стокса” было няпроста злавіць у Мінску. Беларускі варыянт свайго хіта “Пад купалам нябёс” гурт запісваў на мінскай студыі “Osmos” праездам з Наваполацку ў Маскву. “Даводзіцца пастаянна курсіраваць між трох гарадоў: у адным – сям’я, у другім – справы і сябры, у трэцім – праца”, – апавядае лідэр гурта Аляксей Стокс. Цяпер гурт мае кантракт з лэйблам Аляксандра Куцікава, басіста каманды “Машина времени”. Якраз у маскоўскі перыяд свайго жыцця “Стокс” наважыліся на запіс першай беларускамоўнай песні. “Чаму не? Тым больш што песню нам цудоўна пераклалі. Асабліва спадабаўся радок “Юркоча жвір усё хутчэй”. Прызнаюся, што сам бы не здолеў, бо родную мову не так добра ведаю”, – прызнаецца Аляксей.
Музыкам спадабаўся новы варыянт іх хіта, і яны збіраюцца прапанаваць “Пад купалам нябёс” у ратацыю на расійскія радыёстанцыі. “Ніколі не чуў, на радыё ў Маскве песняў па-беларуску. Хоць украінскамоўных твораў у эфіры заўжды хапае. Не ведаю, з якой прычыны, магчыма, тут замяшаная палітыка. Але мы зробім са свайго боку ўсё магчымае, каб якасны беларускі рок загучаў у расійскай FM-прасторы”, – кажа лідэр “стоксаў”.
Музыкі лічаць, што моўны эксперымент прайшоў удала, і не выключаюць магчымасці запісаць яшчэ некалькі песняў па-беларуску.
Слухаць песню:
Стокс – Пад купалам нябёс (муз. і сл. гурта, беларускі тэкст – Глеб Лабадзенка).