Вандроўка сцежкамі Альфрэда Ромэра

16 красавіка 1832 года нарадзіўся выбітны мастак, скульптар, этнограф, удзельнік паўстання 1863-1864 гг. Альфрэд Ізідор Ромэр. Напярэдадні дня народзінаў творцы прапануем выправіцца ў віртуальную вандроўку па мясцінах, звязаных з ягоным жыццёвым і творчым шляхам. Творчасць Альфрэда Ромэра непарыўна была знітавана з мастацкім жыццём Беларусі і Літвы. Ён пісаў партрэты, пейзажы, ствараў бронзавыя медальёны з партрэтамі значных для гісторыі краю асобаў, гравюры з выявамі архітэктурных помнікаў былога ВКЛ, рабіў этнаграфічныя замалёўкі побыту беларусаў, распісваў праваслаўныя, каталіцкія храмы.


Aĺfred Izidor Romer
Альфрэд Ізідор Ромэр, мастак Станіслаў Раствароўскі

Вільня, Bokšto, 10

Пачаць наш маршрут лагічным будзе з Вільні, дзе 16 красавіка 1832 года нарадзіўся Альфрэд Ізідор Ромэр. Творца паходзіў са старажытнага шляхецкага роду Ромераў, гісторыя якога вядомая ад XV стагоддзя. У будынку на вуліцы Bokšto, 10 з XVIII стагоддзя жылі некалькі пакаленняў Ромэраў.

Michal Romer
Дзед мастака — Міхал Ромэр. Мастак Ян Рустэм

Дзед мастака Міхал Юзэф Ромэр скончыў Віленскі ўніверсітэт, таксама ўмеў добра маляваць, быў вядомым грамадска-палітычным дзеячам. З ліпеня па верасень 1812 года ён прызначаны прэзідэнтам горада Вільні, ужо ў 1817-м узначальваў дэлегацыю шляхты ў ініцыятыве адмены прыгоннага права, з 1818 года быў магістрам масонскай ложы «Руплівы Ліцвін», паседжанні якой ажно з 1781 года адбываліся ў доме Ромэраў на Bokšto, 10.

Dom Romeraŭ na Bokšto, 10
Дом Ромэраў на Bokšto, 10

Вільня, Aušros Vartu, 7а

Бацька Альфрэда Ромэра Эдвард Ян Ромэр таксама быў прафесійным мастаком, перакладчыкам, літаратарам і вядомым у Вільні грамадскім дзеячам. У 1852 г. Альфрэд Ромэр разам з бацькам на Bokšto, 10 заснавалі найстарэйшую ў Вільні мастацкую майстэрню — «Акадэмію Ромэраў», дзе малявалі іншыя выбітныя мастакі свайго часу: Ян Зянкевіч, Антоні Залескі і іншыя.

Baćka Aĺfreda Romera Edvard Jan Romer
Бацька Альфрэда Ромэра Эдвард Ян Ромэр, мастак Эдвард Матэй Ромэр

Эдвард Ян Ромэр удзельнічаў у шляхецкім паўстанні 1830-1831 гг. Адбываў пакаранне ў мурах вядомага базылянскага кляштара (Aušros Vartu, 7а), частку будынкаў якога расійскія ўлады ператварылі ў вязніцу. Тут жа на некалькі год раней былі зняволены студэнты Віленскага ўніверсітэта, філарэты, сярод якіх быў Адам Міцкевіч ды іншыя змагары за свабоду.

Kolišni kliaštar bazylianaŭ, dzie adbyvaŭ pakarannie baćka Aĺfreda Romera Edvard Jan Romer
Колішні кляштар базылянаў, дзе адбываў пакаранне бацька Альфрэда Ромэра Эдвард Ян Ромэр

Вільня, Pilies, 32

Наступны будынак, які нас цікавіць, знаходзіцца на Pilies, 32. Тут на пачатку ХІХ стагоддзя месцілася любімая кавярня філаматаў і іншых студэнтаў Віленскага ўніверсітэта «Вікторыя», а ў 1887 годзе будынак набыла жонка Севярына Ромэра, дзядзькі вядомага мастака. Альфрэд Ромэр не раз маляваў адметны ўнутраны двор будынка, які з ХІХ стагоддзя да сёння не моцна змяніўся.

Pilies, 32, maliunak Aĺfreda Romera
Pilies, 32, малюнак Альфрэда Ромэра. Фота: lndm.lt, sena.mab.lt

Pilies, 32
Pilies, 32. Фота: lndm.lt

Маёнтак Ромэра ў Каралінаве на Пастаўшчыне

Першыя ўрокі малявання Альфрэд Ромэр браў у Канута Русецкага ў Вільні, пасля ўдасканальваў майстэрства ў Парыжы. У 1850-я ён вярнуўся на радзіму і жыў у маёнтку Крэўна на Браслаўшчыне, дзе рабіў этнаграфічныя замалёўкі і гравюры на тэму жыцця і побыту мясцовага люду. Маёнтак Крэўна, на жаль, не захаваўся.

У 1874 годзе мастак ажаніўся з Вандай Сулістроўскай і пераехаў у яе маёнтак Каралінава на Пастаўшчыне.

Majontak Romera ŭ Karalinavie
Маёнтак Ромэра ў Каралінаве. Фота: instagram/maentak.romera

Гэты перыяд творчасці лічыцца найбольш плённым на шляху мастака: у гэты час Альфрэд Ромэр натхняецца этнаграфічнымі крыніцамі, робіць замалёўкі, дзякуючы якім мы сёння можам пабачыць, як выглядала штодзённасць, побыт сучаснікаў творцы, якія жылі побач з ім. Яшчэ мастак замалёўваў вялікую колькасць архітэктурных помнікаў, захаваліся выявы касцёлаў у Лучаі, Камаях, Кабыльніку.

Majontak Romera ŭ Karalinavie
Маёнтак Ромэра ў Каралінаве. Фота: instagram/maentak.romera

Сам маёнтак Каралінава (вул. Ромэра, 25а) захаваўся па сённяшні дзень. Ім апякуецца сям’я Хурсаў, якая набыла гісторыка-культурную каштоўнасць і рупліва аднаўляе старую сядзібу мастака. Сачыць за ўсімі этапамі працы можна на адмысловым сайце, створаным новымі гаспадарамі маёнтка Ромера ці ў Інстаграме.

Чытайце па тэме: Вяртанне прыстанку муз: як ажывае сядзіба Альфрэда Ромера ў Каралінове 

Альфрэд Ромэр памёр, калі ягонай жонцы Вандзе было 37 гадоў. У Каралінове з гаспадаркай ёй дапамагаў даваць рады паплечнік мастака падчас паўстання 1863-1864 гг. Фларыян Даноўскі. Пасля амністыі з 1874 года і да смерці ў 1903 годзе ён жыў у маёнтку Каралінова.

Наведаць месца пахавання Фларыяна Даноўскага і Ванды Сулістроўскай можна на вясковых могілках у Каралінова. Тут на іх магілах усталяваныя помнікі, створаныя беларускім скульптарам Алесем Цыркуновым.

Pomnik na mahilie Flaryjana Danoŭskaha
Помнік на магіле Фларыяна Даноўскага. Фота: postavy.of.by

А пабачыць партрэт Фларыяна Даноўскага 1860 года аўтарства Альфрэда Ромэра можна ў Нацыянальным музеі Літвы ў Вільні (Arsenalo g., 1).

Partret Flaryjana Danoŭskaha, mastak Aĺfred Romer
Партрэт Фларыяна Даноўскага, мастак Альфрэд Ромэр 

Камаі, Касцёл Святога Яна Хрысціцеля

Альфрэд Ромэр займаўся роспісам каталіцкіх і праваслаўных храмаў на тэрыторыі Беларусі. На жаль, амаль нічога з гэтых роспісаў не захавалася да нашага часу. Але ў абарончым касцёле Святога Яна Хрысціцеля (вул. Гагарына, 1) ХVIІ стагоддзя, што ў Камаях, можна пабачыць карціну майстра, якую мастак падараваў касцёлу незадоўга да смерці, «Хрыстос і Сірата».

Kasciol Sviatoha Jana Chryscicielia, Kamai
Касцёл Святога Яна Хрысціцеля, Камаі. Фота: planetabelarus.by

Karcina «Chrystos i sirata»,
Карціна «Хрыстос і сірата», мастак Альфрэд Ромэр. Фота: romer.by

Пінск, Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі

А ў Пінск варта завітаць, каб наведаць касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі (вул. Леніна, 16). Тут захоўваецца знакамітая карціна Альфрэда Ромэра «Пінская Мадонна», якую, паводле меркавання шматлікіх даследчыкаў, мастак змаляваў з мясцовай гараджанкі.

Kasciol Uniebaŭziaccia Najsviaciejšaj Panny Maryi, Pinsk
Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, Пінск. Фота: planetabelarus.by

Pinskaja Madonna, mastak Aĺfred Romer
Пінская Мадонна, мастак Альфрэд Ромэр. Фота: brestcity.com

Трокі, касцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыі

Альфрэд Ромэр апошнія гады шмат вандраваў, жыў у Парыжы, Кракаве. Памёр ён у Каралінаве ў 1887 годзе.

Пахаваны мастак у Троках у сямейнай капліцы Ромэраў у касцёле Найсвяцейшай Дзевы Марыі (Birutės skg., 5). Праваруч ад галоўнага алтара можна пабачыць мемарыяльную шыльду мастаку. Тут жа пахаваныя дзед, бацька, брат Альфрэда Ромера, Эдвард Матэй Ромэр, які таксама быў вядомым мастаком.

Kasciol Najsviaciejšaj Dzievy Maryi ŭ Trokach
Касцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў Троках

Miemaryjaĺnaja šyĺda ŭ kasciolie ŭ Trokach
Мемарыяльная шыльда ў касцёле ў Троках

Паводле даследчыкаў, Альфрэд Ромер за сваё жыццё стварыў 63 партрэты, 40 медальёнаў і 10 скульптур, некалькі дзясяткаў гравюр, малюнкаў і спісаў абразоў. У Беларусі з усёй мастацкай спадчыны можна пабачыць толькі 2 карціны ў камайскім ды пінскім касцёлах. Яшчэ ў гродзенскім Дзяржаўным музеі гісторыі рэлігіі (Замкавая, 16) захоўваецца цікавы экспанат, які належаў мастаку — фотаальбом з калекцыяй фотаздымкаў ягоных сучаснікаў, зробленых у фотаатэлье розных краін Еўропы. Альбом быў знойдзены ў 1981 годзе на гарышчы вясковай хаты ў Лунна, Мастоўскага раёна Гродзенскай вобласці.

Fotaaĺbom Aĺfreda RomeraФотаальбом Альфрэда Ромэра. Фота: zviazda.by

Большасць жа ацалелых прац Альфрэда Ромэра знаходзяцца ў суседніх краінах, найбольш у Літве: 28 карцін і 12 медальёнаў ягонага аўтарства захоўваюцца ў Літоўскім мастацкім музеі (Вільня, Didžioji g., 4).

Язэп Вараніцкі, Budzma.org