Адданы сын сваёй зямлі чэрпаў натхненне з наваколля, уласных каранёў, ідэяў выбітных папярэднікаў, гісторыі гарадоў і мястэчак. Сёння ў нашай традыцыйнай вандроўцы прапануем прайсціся сцежкамі Уладзіміра Сямёнавіча, наведаць месцы памяці выбітнага творцы, значнай і ўплывовай асобы для беларускай культуры і нацыянальнага самавызначэння.
Ворша
Дом-музей Уладзіміра Караткевіча
Храналагічна слушным будзе пачаць вандроўку шляхамі Уладзіміра Сямёнавіча з месца на Дняпры, дзе нарадзіўся выбітны пісьменнік, горада Воршы. Сёння ў будынку, узведзеным напрыканцы ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя, дзе з 1925 года функцыянавала мясцовая радзільня, месціцца музей імя Уладзіміра Караткевіча (вул. Леніна, 26). Тут 26 лістапада 1930 года ўпершыню пабачыў свет будучы творца. У экспазіцыі музея прадстаўлена каля 700 экспанатаў, якія тычацца жыцця і творчасці знакамітага беларуса: асабістыя рэчы пісьменніка, малюнкі, рукапісы ягоных твораў і нават унікальныя запісы голасу.
Музей Уладзіміра Караткевіча, Ворша
Супрацоўнікі музея абавязкова распавядуць мясцовую байку пра тое, як малады Уладзімір Сямёнавіч хаваўся пад дахам будынка ад дажджу і жартаваў пра тое, што некалі ён стане знакамітым і тут абавязкова будзе музей у ягоны гонар. Было гэта ці не насамрэч, сведкаў наўрад ці знойдзем. Але так сталася: музей быў адчынены да 70-гадовага юбілею пісьменніка і працуе тут з 26 лістапада 2000 года.
У аршанскім музеі Уладзіміра Караткевіча
Вуліца Караткевіча і дом пісьменніка
Далей у Воршы варта завітаць на вуліцу, што з 1987 года мае імя Уладзіміра Караткевіча. Яна вядомая з 1883 года як завулак імя Вайнберга, які пабудаваў тут піваварню, пасля звалася ў гонар знакамітага навукоўца Усевалада Ігнатоўскага, пасля Клімента Варашылава, Піваварнай вуліцай, а з 1961 года — Касманаўтаў. Тут захаваўся дом №10, у якім бавіў свае юнацкія гады Уладзімір Сямёнавіч ды адбывалася ягонае станаўленне як пісьменніка.
Дом Караткевічаў у Воршы
Невялікую драўляную хату пасля Другой сусветнай вайны для сям’і перавез з вёскі і ўласнаруч склаў бацька пісьменніка — Сямён Цімафеевіч Караткевіч. Уладзімір Сямёнавіч прысвяціў цэлы верш вуліцы Касманаўтаў, дзе падкрэсліў, што галоўная на ёй хата маці Надзеі Васільеўны, якая доўгі час жыла тут і пасля смерці бацькі ў 1959 годзе, пакуль пісьменнік не перавёз яе да сябе ў Мінск.
У горадзе без тралейбусаў,
над імклівай нямоўчнай ракой,
На вуліцы Касманаўтаў — хата маці маёй,
На вуліцы Касманаўтаў, дзе ўлетку бубняць чмялі,
самай мне любай вуліцы з усіх,
што ёсць на зямлі…
У гэтым доме Уладзімір Караткевіч напісаў сваю першую кнігу — зборнік вершаў «Матчына душа», выдадзеную ў 1958 годзе. Тут пабачылі свет і «Сівая легенда», і першапачатковы варыянт «Дзікага палявання караля Стаха, п’еса «Млын на Сініх Вірах», шмат вершаў і перакладаў. Пісьменнік не толькі пісаў у Воршы, але і працаваў у мясцовай школе настаўнікам пасля таго, як скончыў універсітэт. Сёння на адным з будынкаў на пачатку вуліцы Караткевіча можна пабачыць гарэльеф, на якім выяўлены зусім яшчэ малады Уладзімір Сямёнавіч, ды памятную шыльду.
Гарэльеф Караткевічу ў Воршы
Мурал Уладзіміру Караткевічу
На суседнім з колішняй хатай Караткевічаў панэльным доме можна пабачыць вялізны мурал, які з’явіўся тут да 90-гадовага юбілею Уладзіміра Сямёнавіча Караткевіча ў 2020 годзе. Выканаў яго таленавіты аршанскі мастак Дзмітрый Таўкачоў. На мурале апроч партрэта пісьменніка можна пабачыць шэраг замалёвак Уладзіміра Караткевіча ды урывак з верша, прысвечанага роднаму гораду на Дняпры.
Мурал Караткевіча ў Воршы
Помнік Уладзіміру Караткевічу
Адзін з нешматлікіх помнікаў Уладзіміру Караткевічу месціцца акурат у Воршы ў цэнтральнай частцы парку «Казачная краіна». Першапачаткова ён быў усталяваны 27 чэрвеня 1992 года да 925-й гадавіны горада на месцы, дзе быў дом, у якім з 1939 года жыла сям’я Караткевічаў, пакуль той не згарэў. На помніку можам пабачыць Уладзіміра Сямёнавіча ў працэсе напісання кнігі, якому мрояцца шматлікія гістарычныя сюжэты вядомых твораў. Аўтарам манумента з’яўляецца беларускі скульптар Ігар Голубеў, руцэ якога належаць скульптуры Язэпа Драздовіча ў Мінску, Напалеона Орды ў Янава і інш. Апроч Воршы помнікі Уладзіміру Караткевічу можна пабачыць у Віцебску і Кіеве.
Помнік Уладзіміру Караткевічу ў Воршы
Чытаць яшчэ: «Слава Воршы ўжо ня горша». Што паглядзець у легендарным беларускім горадзе?
Рагачоў
Рагачоў, Магіла Тамаша Грыневіча
Далей прапануем рушыць у Рагачоў — яшчэ адзін горад на Дняпры, дзе натхняўся, жыў і працаваў Уладзімір Караткевіч, ды наведаць мясціны ягонай памяці. Рагачоў быў для пісьменніка другой малой радзімай пасля Воршы. Найперш завітаем на Рагачоўскія могілкі, дзе акурат на ўваходзе варта звярнуць увагу на помнік продку Уладзіміра Караткевіча па маці, Тамашу Грыневічу, які валодаў буйным мясцовым маёнткам Верхняя Тошчыца і быў адным з кіраўнікоў Студзеньскага паўстання на Магілёўшчыне. Вядома, што ён быў зняволены ды расстраляны ў Рагачове, калі атрад паўстанцаў пад ягоным кіраваннем быў разбіты. Уладзімір Караткевіч паклаў у аснову пралога да твора «Нельга забыць» і эпілога да аповесці «Перадгісторыя» акурат гісторыю Тамаша Грыневіча.
Магіла бабулі Уладзіміра Караткевіча
Тут жа, на могілках, пахаваная і бабуля вядомага пісьменніка, Барысевіч Людміла Антонаўна, якая спачыла ў 1963 годзе. На помніку высечаны радкі з Караткевічавай паэмы «Зямля дзядоў»:
Непадалёк ад ледзь жывой капліцы,
Над бабчынай магілаю старой,
Як слёзы залацістыя, жывіца
Цячэ з параненых магутных хвой.
Надмагільны помнік бабулі Уладзіміра Караткевіча
Дом Уладзіміра Караткевіча
Згаданая вышэй паэма, як і значная частка найбольш вядомых твораў Уладзіміра Караткевіча, была напісаная ім акурат у Рагачове, а дакладней у хаце ягонага дзеда па маці Васіля Грынкевіча. Хата захавалася да нашых дзён, хоць была ўзведзена з дрэва ажно ў 1914 годзе. Будынак знойдзеце па адрасе вул. Караткевіча, 59. Паводле ўспамінаў сучаснікаў, Уладзімір Сямёнавіч правёў у гэтай хаце амаль палову жыцця ды стварыў значную частку сваіх твораў: «Ладдзя роспачы», «Чазенія», «Каласы пад сярпом тваім», «Хрыстос прызямліўся ў Гародні», «Нельга забыць» і шмат іншых. «Нідзе мне так добра не пісалася, як тут», — прызнаваўся пісьменнік.
Дом Уладзіміра Караткевіча ў Рагачове
У доме па-ранейшаму жывуць жонка стрыечнага брата пісьменніка Тамара Грынкевіч з сынам Васілём. Большасць рэчаў Уладзіміра Сямёнавіча забралі ў раённы музей, у самой хаце захавалася аўтэнтычная печ, пакой пісьменніка. Побач з будынкам усталяваны мемарыяльны камень. А па вуліцы Леніна, 69 месціцца будынак з вялікім муралам з выявай Уладзіміра Караткевіча.
Мурал Уладзіміра Караткевіча ў Рагачове. Крыніца: Wikipedia
Іва Караткевіча
Як у кожным куточку Наваградчыны можна знайсці свой «дуб Міцкевіча», так і ўздоўж Дняпра не абышлося без дрэва Караткевіча. Месцічы распавядаюць байку, якой сёння цяжка знайсці дакладнае пацверджанне, што пісьменнік любіў бавіць час побач з мясцовай івай, што расце ля самай вады. Магутны падвоены камель сапраўды выдае паважны ўзрост дрэва, таму можна дапусціць, што іва сапраўды памятае пісьменніка. Нават калі не, то прайсціся ўздоўж высокага берага Дняпра, паразглядаць асаблівасці мясцовай жылой забудовы, паўзірацца ўдалячынь на разлівы ракі будзе не лішнім.
Іва Караткевіча ў Рагачове
Чытаць яшчэ: 8 нагодаў наведаць Рагачоў
Празарокі
Помнік Ігнату Буйніцкаму
Шляхі Уладзіміра Сямёнавіча шчыльна знітаваныя з лесамі іншых выбітных сыноў нашай зямлі, якія зрабілі свой унёсак у стварэнне ды развіццё Бацькаўшчыны кожны ў сваёй сферы. Як прыклад — захаванне і ўшанаванне памяці Ігната Буйніцкага, у якім значную ролю адыграў і Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч. Разам з тэатразнаўцам Уладзімірам Няфёдам Уладзімір Караткевіч знайшоў закінутую магілу Буйніцкага ў Палівачах, а пасля паспрыяў таму, каб у 1975 годзе яна была перанесена ў Празарокі і каб заснавальніку беларускага тэатра быў усталяваны адпаведны помнік. Уладзімір Караткевіч прысутнічаў на адкрыцці помніка, што і сёння месціцца па-за мясцовым касцёлам, куды раім завітаць.
Помнік Ігнату Буйніцкаму ў Празароках
Лепель
Помнік цмоку на Лепельскім возеры
Вядома, Уладзімір Караткевіч як пісьменнік спрычыніўся да адраджэння ды захавання мясцовых легендаў і паданняў, уздымаў з нябыту і міфалагічных істотаў. Так, Уладзімір Сямёнавіч падараваў старажытнаму Лепелю і Лепельскаму возеру цэлага цмока ў сваім рамане «Хрыстос прызямліўся ў Гародні»:
«Выглядам той цмок быў, як звер фока, такі самы льсняны, у складках, толькі без поўсці. І шэры, як фока. Але даўжэй за яго куды… А на шыі сядзела галава, адначасова падобная і на галаву змяі і на галаву лані… І зубы былі велічынёй з конскія, але вострыя, і многа іх было на такую галаву аж данельга. Вочы вялізныя, як сподкі, каламутна-сінія ў зелень, ашклянелыя. І страшна было глядзець у тыя вочы, і мурашкі па спіне, нібы Евінага змія ўбачыў, і непамысна неяк, і нібы ў чымсьці вінаваты».
Лепельскае возера
У 2013 годзе скульптура цмока з кнігай Уладзіміра Караткевіча знайшла сваё месца на беразе Лепельскага возера. Там яе можна пабачыць і сёння. Але Лепельскі цмок, выкананы скульптарам Львом Аганавым, выглядае вельмі добрым і, адпаведна мясцоваму фальклору, больш падобны на зберагальніка сямейнага шчасця маладых закаханых, якія звярталіся да яго па парады, чым на пачвару.
Лепельскі цмок
Мінск
Апошняя кватэра Уладзіміра Караткевіча
У Мінску існуюць некалькі адрэсаў, па якіх жыў Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч: у 1963 годзе ён атрымаў аднапакаёўку па адрасе Чарнышэўскага, 7-59, куды да яго з Воршы пераехала жыць маці, з гэтай кватэры ў 1967 годзе яны разам пераехалі на Веры Харужай, 48-26. Гэтую кватэру ў 1973 годзе, ужо ажаніўшыся з Валянцінай Нікіцінай, выкладчыцай Брэсцкага педагагічнага інстытута, пісьменнік абмяняў на трохпакаёўку на Карла Маркса, 36 у так званым «Пісьменніцкім доме».
«Пісьменніцкі дом» у Мінску, вул. Маркса, 36
Адсюль ён і адправіўся ў свой апошні шлях 25 ліпеня 1984 года. Сёння на будынку можна пабачыць мемарыяльную шыльду Уладзіміру Караткевічу. Як выглядае гэтая кватэра знутры, можна паглядзець у відэа да песні Лявона Вольскага «Павешаным 1863 года» на верш пісьменніка, напісаны ў 1980 годзе да гадавіны паўстання 1863–1864 гг.
Магіла Уладзіміра Караткевіча на Усходніх могілках
Памёр Уладзімір Караткевіч у Мінску 25 ліпеня 1984 года. За два тыдні да гэтага ён выправіўся з сябрамі ў свой апошні паход па Прыпяці, дзе яму стала дрэнна і ён быў вымушаны вярнуцца дадому. Пахавалі Уладзіміра Сямёнавіча на Усходніх могілках у Мінску.
Магіла Уладзіміра Караткевіча на Усходніх могілках
Язэп Вараніцкі, budzma.org