Сёння ў нашай традыцыйнай вандроўцы пазнаёмімся са старадаўнім горадам на беразе Дняпра Рагачовам. Тут захавалася старажытнае гарадзішча, шматлікія прыклады архітэктурнай спадчыны, вуліцы, якія памятаюць Уладзіміра Караткевіча, і шмат іншых цікавостак.
Фота: planetabelarus.by. Рагачоў, гарадзішча
Рагачоў. Што паглядзець
Гарадзішча
Рагачоў пачынаўся на паўночным ускрайку сучаснага горада, а дакладней на «рагу», дзе рака Друць упадае ў Дняпро, адсюль і адна з версіяў паходжання назвы старажытнага паселішча, якое ўпершыню ўзгадваецца ў пісьмовых крыніцах у 1142 годзе як частка Тураўскага княства.
Рагачоў, Гарадзішча
Сёння з невялікай трохкутнай пляцоўкі можна паназіраць хіба маляўнічыя дняпроўскія краявіды, але яшчэ менш за стагоддзе таму тут месціліся рэшткі колішняга каралеўскага палаца Боны Сфорцы, узведзенага ў XVIІ cтагоддзі на месцы драўлянага рэнесанснага замка, збудаванага на стагоддзе раней.
Рагачоўскае гарадзішча ўнесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі. Раім пачынаць сваё знаёмства з горадам менавіта адсюль.
Фота: planetabelarus.by Рагачоў, палац каралевы Боны да Другой сусветнай вайны
Панарамы Дняпра
Дзякуючы размяшчэнню на Дняпры сярэднявечны Рагачоў меў гандлёвыя сувязі з суседзямі і актыўна развіваўся. Сёння рака не мае такога каласальнага эканамічнага значэння, але з’яўляецца адной з эстэтычных дамінантаў у сучасным гарадскім ландшафце. Бадай кожнаму вандроўніку па Беларусі вядомыя разлівы Прыпяці па вясне, але з высокіх берагоў Дняпра панарама не менш уражвае. Як маеце час, раім прайсціся ўздоўж, паразглядаць асаблівасці мясцовай жылой забудовы на беразе, паўзірацца ўдалячынь, спусціцца ніжэй ды наведаць старую іву, ля якой, паводле мясцовай легенды, любіў бавіць час Уладзімір Караткевіч. Рагачоў быў для яго другой малой радзімай пасля Воршы.
Разлівы Дняпра
Іва Караткевіча
Першы ў Беларусі вантавы мост
Першы ў Беларусі мост з маштабнай вантавай аркай быў пракладзены праз Дняпро летась. Ён спалучае дзве часткі вялікага раёна, амаль 200 вёсак, якія падзяліў Дняпро. Даўжыня моста каля 500 метраў, яго ўпрыгожвае вантавая арка памерам у 84 метры, што з’яўляецца ўнікальным збудаваннем для Беларусі і можа лічыцца паўнавартасным турыстычным аб’ектам, вартым увагі. Ну а пра панарамы дняпроўскіх разліваў, якія адкрываюцца з моста, мы паўтараць не будзем.
Мост праз Дняпро, Рагачоў. Фота: gp.by
Касцёл Святога Антонія Падуанскага
Неагатычны касцёл Святога Антонія Падуанскага ўзведзены з чырвонай цэглы ў 1910–1911 гг. Храм быў пабудаваны на месцы ранейшага барочнага будынка 1783 года, які належаў ордэну бернардынцаў. Пасля скасавання ордэна расійскімі ўладамі ў ХІХ стагоддзі касцёл паступова занепадаў.
Касцёл Святога Антонія Падуанскага
Новую бажніцу ўзвялі на пачатку ХХ стагоддзя, але за савецкім часам у вернікаў будынак забралі. Тут месцілася і зернясховішча, і вытворчасць арцелі «Чырвоны пекар», што вырабляла напоі ды марозіва, пасля Другой сусветнай вайны пажарны пост, пазней хлебазавод. Рэстаўрацыя храма пачалася ў 2003 годзе і працягваецца па сённяшні дзень.
Касцёл Святога Антонія Падуанскага
Могілкавыя капліцы
Вельмі цікавым аб’ектам з’яўляюцца старадаўнія рагачоўскія хрысціянскія могілкі, дзе можна пабачыць адразу тры вартыя ўвагі капліцы з чырвонай цэглы, узведзеныя напрыканцы ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя. Адна капліца — каталіцкая, збудаваная ў стылі неакласіцызм, дзве іншыя — праваслаўныя, узведзеныя ў неарускім стылі. Усе тры будынкі патрабуюць тэрміновай рэстаўрацыі, асабліва іх драўляныя аздабленні.
Тры капліцы на хрысціянскіх могілках Рагачова. Фота: wikimedia.org
Мемарыял Тамашу Грыневічу
На ўваходзе на рагачоўскія могілкі варта звярнуць увагу на помнік продку Уладзіміра Караткевіча па маці, Тамашу Грыневічу, які быў адным з кіраўнікоў Студзеньскага паўстання на Магілёўшчыне. Вядома, што ён быў зняволены ды расстраляны ў Рагачове. Уладзімір Караткевіч паклаў у аснову пралога да твора «Нельга забыць» акурат гісторыю Тамаша Грыневіча.
Помнік Тамашу Грыневічу, Рагачоў. Фота: wikimedia.org
Тут жа, на могілках, пахаваная і бабуля вядомага пісьменніка, Барысевіч Людміла Антонаўна, якая спачыла ў 1963 годзе. На помніку высечаны радкі з Караткевічавай паэмы «Зямля дзядоў»:
Непадалёк ад ледзь жывой капліцы,
Над бабчынай магілаю старой,
Як слёзы залацістыя, жывіца
Цячэ з параненых магутных хвой.
Надмагільны помнік бабулі Уладзіміра Караткевіча
Дом Уладзіміра Сямёнавіча Караткевіча
Згаданая вышэй паэма, як і значная частка найбольш вядомых твораў Уладзіміра Караткевіча, была напісаная ім акурат у Рагачове, а дакладней у хаце ягонага дзеда па маці Васіля Грынкевіча. Хата захавалася да нашых дзён, хоць была ўзведзена з дрэва ажно ў 1914 годзе. Будынак знойдзеце па адрасе вул. Караткевіча, 59.
Дом Уладзіміра Караткевіча ў Рагачове
Паводле ўспамінаў сучаснікаў, Уладзімір Сямёнавіч правёў у гэтай хаце амаль палову жыцця ды стварыў значную частку сваіх твораў: «Ладдзя роспачы, «Сівая легенда», «Чазенія», «Каласы пад сярпом тваім», «Хрыстос прызямліўся ў Гародні», «Нельга забыць» і шмат. «Нідзе мне так добра не пісалася, як тут», — прызнаваўся пісьменнік.
Памятная шыльда Уладзіміру Караткевічу, Рагачоў. Фота: Фота: wikimedia.org
У доме па-ранейшаму жывуць жонка стрыечнага брата пісьменніка Тамара Грынкевіч з сынам Васілём. Большасць рэчаў Уладзіміра Сямёнавіча забралі ў раённы музей, у самой хаце захавалася аўтэнтычная печ, пакой пісьменніка. Побач з будынкам усталяваны мемарыяльны камень. А па вуліцы Леніна, 69 месціцца будынак з вялікім муралам з выявай Уладзіміра Караткевіча, дзе варта зрабіць фота.
Фота: wikimedia.org Мурал з Уладзімірам Караткевічам, Рагачоў
Чытайце яшчэ:
Пяць анкет Уладзіміра Караткевіча
Местачковая забудова канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя
У Рагачове захаваліся рэшткі мураванай местачковай забудовы пачатку мінулага стагоддзя. Варта звярнуць увагу на дом купца Беленькага, узведзены ў стылі эклектыка і на будынак рэальнай вучэльні ў неакласічным стылі, адноўленыя пасля пажару ў 1950-я. Рэальная вучэльня з’явілася ў Рагачове ў 1907 годзе, вядома, што тут раней за ўсе іншыя будынкі ў горадзе з’явілася сістэма паравога ацяплення, а вада ў памяшканні вучэльні пераганялася з калодзежа пры дапамозе электрычнасці.
Дом купца Беленькага
Рэальная вучэльня
Дзе паесці
У Рагачове ёсць некалькі ўстановаў грамадскага харчавання на любы густ. У цэнтры месцічы раяць кафэ «Аліва» (Леніна, 59) з разнастайным меню ад супоў ды фастфуда да дэсертаў па прымальных коштах, кафэ «Сняжынка» (Леніна, 54) — месца гістарычнае побач з цэнтральным паркам, але варта мець на ўвазе, што ў нядзелю яно не працуе. На іншым баку горада пацешыць вялікімі порцыямі ды дэмакратычнымі коштамі кафэ «Серпанціна» (Генерала Пятроўскага, 1Б).
Фота: олива.бел Кафэ «Аліва»
Дзе пераночыць
У цэнтры Рагачова ёсць як мінімум два варыянты размяшчэння: гасцініца «Рагачоў» (Дзяржынскага, 1) і хостэл установы СДзЮШАР (Леніна, 51). У гасцініцы ёсць усё для камфортнага пражывання, больш простыя нумары і больш камфортныя. У хостэле таксама праведзены свежы рамонт, але выглядае ўсё вельмі сціпла. З коштамі і прапановамі гасцініцы можна азнаёміцца тут, а ў хостэл лепей тэлефанаваць, бо актуальнай інфармацыі ў сеціве няма.
Што прывезці
Вядома, самым пазнавальным сімвалам Рагачова з’яўляецца рагачоўская згушчаніна. Побач з малочным камбінатам (Кірава, 31) можна пабачыць нават помнік бляшанцы згушчаніны, акурат тут яе і вырабляюць. А ў крамцы побач з заводам можна прыдбаць сабе колькі гатункаў знакамітых слодычаў з разнастайнымі смакамі на падарункі і на памяць пра гэтыя цудоўныя мясціны.
Помнік згушчаніне. Рагачоў
Язэп Вараніцкі, budzma.org
Чытайце яшчэ:
Топ-5 шляхецкіх сядзібаў Баранавіцкага раёна, якія варта наведаць
Топ-5 шляхецкіх сядзібаў Баранавіцкага раёна, якія варта наведаць