Студэнт прапанаваў запусціць у Варшаву і Вільню “гістарычныя аўтобусы” для прыцягнення турыстаў

Хаця мясцовыя ўлады здаўна шукаюць спосабы прыцягнуць у Гродна турыстаў, патоку замежнікаў усё яшчэ няма. Студэнт Аляксандр Перагудаў прапанаваў рашэнне, якое павінна прыцягнуць гасцей з бліжэйшых краін.

Большасць жыхароў суседніх Вільні, Варшавы і нават Беластока ніколі не была ў Гродне. Агульны інфармацыйны фон, а таксама патрэба рабіць візу, палохаюць многіх, хто нават не ведае, якi насамрэч прыгожы Гродна.

“А што, калі размясціць на міжнародным аўтобусе, які курсіруе ў гарады Польшчы і Літвы, рэкламу, якая распавядзе пра Гродна?” – падумаў студэнт мясцовага гістфака.

Пачаткова ідэя Аляксандра грунтавалася на канцэпцыі рэтра-аўтобуса. Але ва ўмовах, якія не дазвалялі рэалізаваць яго так, як планавалася спачатку, праект быў адаптаваны і спрошчаны. Цяпер гаворка ідзе пра размяшчэнне партрэтаў на бартах аўтобусаў міжнародных ліній. Усё ж звычайную рэкламу на транспарце клеяць паўсюдна, чаму б не зрабіць яе турыстычнай?

– Паколькі я не прафесійны дызайнер, многіх рэчаў проста не ведаю ці раблю недакладна. Але сутнасць не ў гэтым. Асноўным аўтобусам міжнародных ліній з’яўляецца Маз-251, таму за аснову я браў менавіта яго профіль. Варыянты, якія я магу прапанаваць, з’яўляюцца толькі ўзорам, канцэпцыяй, ад якіх варта адштурхоўвацца прафесійным дызайнерам, – кажа Аляксандр.

Першы варыянт – з гістарычным аспектам – прадугледжвае выкарыстанне бартоў “па максімуму”. Магчыма, з аднаго боку беларускамоўны варыянт, з другога польска- і літоўскамоўны. Манарх Стэфан Баторый звязаны і з Гродна, і з Вільняй, і з Кракавам, таму цалкам можа выкарыстоўвацца як агульны гістарычны дзеяч усіх нашых краін. У якасці фону – гравюра Гродна 1600 года.

Другі варыянт больш нацэлены на турызм і рэкламуе турыстычны патэнцыял горада, яго асноўныя славутасці. Выканаць яго, як лічыць Аляксандр, прасцей і танней, паколькі плошча малюнка менш у два разы. Тут таксама з розных бакоў выкарыстоўваюцца розныя мовы.

Старшыня гарадзенскага гарвыканкама Мечыслаў Гой ідэю ўхваліў і не адмаўляў, што, магчыма, яна ў хуткім часе будзе рэалізавана.

 

Руслан Кулевіч, Твой стыль

Тэгі: