З даўніх часоў людзі намагаліся ўладкаваць сваё жыццё, гарманізаваць яго з навакольным светам. Адным са спосабаў гэта зрабіць стаў святочны каляндар. Назіраючы за цыклічнасцю ўсяго існага, нашы продкі ўладкоўвалі свой быт згодна з прыроднымі законамі. Кола святаў і «асаблівых» дзён стварыла неабходную рытмічнасць жыцця. А абрады і рытуалы дадалі пачуцця кантролю і бяспекі: запаліш вогнішча — дапаможаш нарадзіцца новаму Сонцу, якое пераможа холад і зіму.
Крыніца: mk.by
Такім чынам, народны каляндар — гэта не проста прыгожыя традыцыі і звычаі, гэта адзін з падмуркаў устойлівасці, уладкаванасці карціны свету і адпаведна — псіхічнага здароўя людзей. Ён і сёння можа даць апору і падтрымку ў такіх зменлівых і няўстойлівых абставінах.
А беларускі народны каляндар яшчэ мае сваю адметнасць — амаль усе вялікія святы ў нас адзначаюцца двойчы: па юльянскім (новаюльянскім) і грыгарыянскім календарах.
Што значыць Бабіны? Што за святы Гусёўнік і Васілле? Як адзначаўся абрад «Цягнуць Каляду на дуба»? Што і як, адпаведна з традыцыямі беларусаў можна адзначыць у студзені, падкажа «народны каляндар» ад Будзьма.
У свецкім календары гэта першы дзень новага года. Па народным календары на яго прыпадае Васілле (Васіль, Святы Козлік альбо Куцця святога козліка). Дзень забаў, гульняў, варожбаў.
Урачыстая вячэра напярэдадні (Шчадрэц, Багатая куцця, Шчодрык) была самай багатай і вясёлай на працягу ўсіх Каляд. На святочным стале павінны быць бліны, смажаныя кіўбасы, верашчака, крупнік ды іншыя прысмакі. Галоўная страва — куцця (каша).
Багатай была і «культурная праграма»: гульні, варожбы, свавольствы моладзі. Гурты калядоўшчыкаў абыходзілі двары са спевамі і «галоўнымі героямі»: Каза, Дзед, Мядзведзь, Бусел. У некаторых рэгіёнах узначальваў калядоўшчыкаў сам Шчадрэц (персанаж, апісаны П. Шпілеўскім як бог баляванняў і бяседаў).
Крыніца: www.facebook.com
Першая (посная, бедная, вялікая) куцця. Часцей збіраліся сям’ёй за святочным сталом напярэдадні Раства. Галоўная страва — ячная каша з мёдам альбо алеем. У гэты дзень стараліся не сварыцца, не злавацца. Была забарона на прадзенне. Таксама варажылі. Ды «запрашалі» на куццю Мароза — гаспадар стукаў лыжкай у акно, прыгаворваючы: «Мароз, Мароз, хадзі куццю есці!».
6 (па грыгарыянскім) і 18 (па юльянскім) студзеня
Вадзяная (пісаная, галодная, вадапосная) Куцця. Трэцяя святочная вячэра, якая завяршала калядны цыкл. На Віцебшчыне прасілі мароза, каб не марозіў грэчку, ячмень. У Гомельскай вобласці існаваў звычай квохкаць як куры, калі гаспадыня вымала гатовую куццю з печы. Рабілася гэта дзеля таго, каб куры лепш нясліся і выводзілася многа куранят.
Дзень нараджэння Ісуса Хрыста ў хрысціянскай традыцыі. Больш старажытны варыянт — дзень народзінаў маладога Сонца. Дзень, вольны ад працы. Хадзілі адно да аднаго ў госці, дзяўчаты варажылі. Моладзь збіралася на абрадавыя гульні («Жаніцьба Цярэшкі», «Яшчар» і інш). Хадзілі са «звяздой» па дварах, наладжвалі батлейку.
Крыніца: be.wikipedia.org
Вадохрышча. Свята ўшанавання вады ў нашых продкаў. Лічылася, што ў гэты дзень вада набывае цудадзейныя ўласцівасці. Сабраную на золаку ваду з трох або сямі калодзежаў (крыніц) захоўвалі ўвесь год і выкарыстоўвалі як першы сродак абароны ад розных няшчасцяў (давалі папіць хвораму, каб хутчэй ачуняў, апырсквалі свойскую жывёлу перад першым выганам — ад сурокаў, апырсквалі садовыя дрэвы, калі яны давалі мала пладоў, і інш).
Шмат рабілася і магічных дзеянняў: часалі лён, каб такімі ж «гладкімі» цяляты былі; лавілі шапкамі і фартухамі падкінутую ўгару жменю гароху — колькі зловіцца, столькі чакаць прыбытку ягнят; глядзелі, у які бок пойдзе дым ад запаленай лучыны, каб высветліць, адкуль чакаць прылёту пчаліных раёў; раскідвалі перад вячэрай па 4-х кутах хаты жытнёвае зерне — на багаты ўраджай і інш.
Хрысціянская царква прымеркавала гэтае свята да хрышчэння сына Божага ў рацэ Іардан. У каталікоў дзень называецца Тры каралі.
Бабіны кашы. У некаторых раёнах Беларусі гэты дзень называлі Зімнім пакроўчыкам, Маладзёнамі або Бабінамі. Варылі кашу і пяклі аладкі, жанчыны наведвалі бабку, якая «прымала», ці «бабіла» дзіця, унукі вазілі яе на санках ад хаты да хаты, дзе бабу частавалі, частавала і яна дзяцей, гуляла з імі. Яшчэ абходзілі з калядкамі хаты, у якіх праслаўлялі гаспадароў і іх дзяцей, жадалі дабрабыту. Свята спавівальных бабак і парадзіх. Жанчыны хадзілі да парадзіх і спавівальных бабак з пірагамі і іншым пачастункам. Такім чынам грамада выказвала сваю падзяку павітухам за прынятых дзяцей.
Крыніца: hotimsk.by
Паважлівае стаўленне да спавівальных бабак, засноўвалася на народных паданнях аб тым, што паміж павітухамі і дзецьмі, якіх яны прынялі, на ўсё жыццё ўсталёўваліся духоўна-роднасныя адносіны. А яшчэ маці збірала ўвечары сваіх дзяцей і абсыпала збожжам — на доўгі век, на шчасце, на дабрабыт. У гэты святочны дзень дзяцей частавалі пірагамі і журавінамі на мёдзе.
Прывадохрышча (Лянівы дзень). Заканчэнне калядных святкаванняў. Лічылася, што пасля гэтага дня можна ўжо прасці, ткаці ды выконваць іншую працу, што забаранялася падчас Каляд.
Пачынаецца пара Малой вясельніцы — калі царква дазваляла вянчанне. І цягнулася яна аж да Масленкі.
У некаторых рэгіёнах у гэты дзень спраўлялі старажытнае свята провадаў Каляды. Абрад называецца «Цягнуць Каляду на дуба». Архаічны абрад захаваўся ў жывой традыцыі ў вёсцы Новіны Бярэзінскага раёна. Калісьці быў шырока распаўсюджаны на ўсёй тэрыторыі Бярэзіншчыны.
Яго сэнс — завяршыць калядны перыяд і забяспечыць дабрабыт і абарону ад няшчасцяў усёй вёсцы. Дзеля гэтага на вялікі дуб, што стаіць за сялом, урачыста садзяць Каляду — апошні сноп, які захоўваўся з Багача. Напярэдадні гэты сноп пад рытуальныя спевы «апранаюць» у спаднічку, фартушок, хустку, упрыгожваюць стужкамі. Пасля ўрачыста ўсёй вёскай вязуць да дуба і ўсталёўваюць як мага вышэй — каб Каляда назірала за вёскай, адводзіла ўсе няшчасці. Мінулагоднюю «абаронцу» спускаюць і спальваюць на вогнішчы. Пасля галоўнага рытуалу пачынаецца баляванне з пачастункамі, танцамі, гульнямі.
Гусёўнік (Гусінае свята, Апанас). Свята сярэдзіны зімы (па нарыхтаваных кармах).
Калі засталася палова кармоў, гаспадар быў спакойны — да першага выпасу жывёла галадаць не будзе. Чакаюцца самыя моцныя маразы: «Хавай нос у апанасаўскі мароз!». Каб маразы не прычынілі шкоды свойскай жывёле, маліліся яе заступніку — Апанасу (Уласію), у язычніцкай традыцыі — Вялесу. Прасілі яго, каб абараніў жывёлу ад маразоў і агаладалых ваўкоў. Таксама гадалі на будучы год: калі на гусёўнік будзе мяцеліца, чакалася багата гусянят (бо снег уяўляўся аналогіяй гусінага пуху).