Стваральнікі кінафэнтэзі “Неруш”: “Мы выраслі на беларускіх легендах, а цяпер хочам іх экранізаваць” (+відэа)

03.02.2016 Кіно

Каманда кінапраекта “Неруш” распавяла Budzma.by пра сваю ідэю зрабіць маштабную экранізацыю беларускіх паданняў.

Праектам “Неруш” займаюцца тры чалавекі: прадзюсар і кампазітар Павел Герасімовіч у ім выконвае функцыі кіраўніка, а таксама гукарэжысёра і аўтара саўндтрэка, Юлія Шадзько піша сцэнар, а Дзяніс Жыгуноў – рэжысёр стужкі.  Яны заснавалі фірму Aurios Studios, каб зняць поўнаметражны фільм у жанры фэнтэзі. Спачатку хацелі экранізаваць Уладзіміра Караткевіча, але ў выніку вырашылі стварыць уласны сцэнар, узяўшы за аснову беларускія паданні. Год адкладалі грошы, якія зараблялі здымкамі кліпаў для поп-артыстаў і рэкламы.  Так і назбіралі на трэйлер.

– Што натхніла на ідэю зрабіць беларускі фільм-фэнтэзі? 

Дзяніс: Мы паставілі сабе мэту выйсці за межы кароткаметражак, рэкламы і кліпаў. Абралі жанр фэнтэзі, бо ён найбольш камфортны для кожнага з удзельнікаў нашай каманды. Ён добры найперш тым, што звязвае рэальнасць і мінулае, сучаснасць і спадчыну. Мы ўсе выраслі на беларускіх казках і легендах і зноў звяртаемся да іх вобразаў, каб атрымаць натхненне.

– У чым задума стужкі? Чым збіраецеся зацікавіць і зачапіць гледача? 

Юлія: Задума ў тым, каб увесці гледача ў чароўны свет той часткі нашай беларускай культуры, з якой узнікаюць казкі і паданні. Гэты свет пераплятаецца з нашай рэальнасцю, атрымліваецца такая сучасная міфатворчасць.

Юлія Шадзько

– Ці гатовы ўжо сцэнар? 

Юлія:  Гатовы чарнавы сцэнар. Як заўсёды ў кіно, шмат якія дэталі будуць дадавацца або знікаць падчас працэсу здымак. Мне вельмі падабаецца такі творчы працэс і падаецца цікавейшым за экранізацыю, дзе канкрэтны літаратурны твор трымае ў цвёрдых рамках. Якія з ідэй мы зможам увасобіць на экране, залежыць у многім і ад фінансавання, ад таго, як будучыя гледачы падтрымаюць наш краўдфандынг-праект.

– Ці існуюць ужо дамоўленасці з акторамі? Хто плануецца на галоўныя ролі? 

Дзяніс: Мы не маем грандыёзных сумаў для выплаты ганарараў, бо праект некамерцыйны. Тым не менш, ужо маем заявы як ад актораў-аматараў, так і прафесіяналаў для ўдзелу ў кастынгу. Ставімся да кожнай з іх з вялікаю ўвагаю.

Дзяніс Жыгуноў

– На якой стадыі на сёння знаходзіцца праект?

Дзяніс: Мы скончылі вытворчасць трэйлера, які ўспрымаем як падрыхтоўчы ход для прыцягнення ўвагі. Цяпер пачаўся прэпрадакшн самога фільма “Неруш”. Рыхтуемся да здымак.

– Дзе здымалі кадры для трэйлера? І дзе збіраецеся здымаць сам фільм, калі не сакрэт?

Дзяніс: Кадры для трэйлера здымалі побач з Віцебскам, у Друі. А таксама ў лясах паблізу Ратамкі. Лакацыі для фільма – раён Узды, раён Блакітных азёраў і іншыя прыгожыя беларускія мясціны.

Павел Герасімовіч і Дзяніс Жыгуноў

– Ці маеце вы дастатковыя тэхнічныя магчымасці, каб увасобіць такую ідэю ў жыццё? 

Павел: Так, самае неабходнае мы маем, аднак павышэнне якасці карцінкі будзе залежаць шмат у чым ад фінансавання праекта і поспеху ў пошуку фінансавай падтрымкі.

– Які бюджэт стужкі па вашых ацэнках? І як вы плануеце сабраць гэтыя грошы? 

Павел:  Здымкі пачнем, нават калі сродкі будуць складаць ад 10 000 даляраў. Кожны можа дапамагчы праекту. І не толькі фінансава. На старонцы нашага праекта на Talaka.by ёсць таксама кнопка “Дапамагчы справай”. Напрыклад, у вас ёсць генератар энергіі, і вы не супраць яго даць у карыстанне на перыяд здымак – звяртайцеся ў гэты аддзел.

На здымках фільма “Неруш”

– Ці маеце альтэрнатыўны варыянт, калі праз краўндфандынг не атрымаецца сабраць патрэбную суму?

Дзяніс: Так. Мы працуем у розных кірунках, у тым ліку рыхтуем ангельскамоўную версію трэйлера для краўдфандынгу на міжнародных пляцоўках.

– Хто піша музыку для фільма? Ці не было думкі звярнуцца да гуртоў, якія працуюць са старадаўняй музыкай?

Павел: Іншыя калектывы мы запрашаць не будзем. Музыка будзе ў асноўным нашая. Хутка паўстане гурт, у якім мы ўсе ўдзельнічаем. Адна з яго песень, магчыма, будзе асноўным саўндтрэкам. Усё, што датычыць запісу, звядзення гуку ў фільме, цалкам кладзецца на мяне як гукарэжысёра. Таксама буду кампазітарам у фільме. Музыка і гукавыя эфекты – таксама мая справа.

– Калі разлічваеце зладзіць прэм’еру, калі ўсё складзецца ўдала?

Дзяніс: Думаю, пры самым удалым раскладзе мы скончым працу ў пачатку лета 2017 года.

Падтрымаць кінапраект “Неруш” фінансава і справай можна на Talaka.by.

Размаўляў Сяргей Будкін