У час, калі беларускі рэжым стварае з Польшчы вобраз ворага, добрая літаратура з суседняй краіны можа быць смачным забароненым плодам. Трымайце топ-6 найлепшых польскіх твораў у беларускіх перакладах ад Андрэя Хадановіча.
Ігнат Карповіч «Сонька»
Кніга закранае блізкую многім беларускім літаратарам тэму — вайны без пафасу, вайны як выпрабавання, вайны як кашмарнага гвалту, але разам з тым адбываецца нечаканы перавод позірку з вялікіх мас «Мы», супрацьстаяння краін і народаў на чалавечае «Я», на тое, што кроў, смерць, гвалт з аднаго боку, але для кагосьці гэта могуць быць шчаслівыя часы ўжо таму, што гэта часы маладосці, жыцця нашага чалавечага сэрца.
Павел Гюле «Вайзэр Давідзік»
Чытаем твор хаця б дзеля таго, каб памятаць: мы не ніхто з ніадкуль, мы жывём у трагічныя часы, калі кожнаму пакаленню спрабуюць забіць культурную, гістарычную, нацыянальную памяць. Памятаем і не дадзім знішчаць сваё.
Антоні Лібера «Мадам»
Такое каханне мусіць быць і застацца платанічным, але яно ператвараецца ў гісторыю нараджэння чалавечнасці ў табе самім. Нашыя найлепшыя пачуцці таксама наш супраціў неспрыяльнаму часу, прымусу, які душыць нас, а мы праз творчасць і культуру змагаемся за людскасць у сабе.
Вольга Такарчук «Вядзі свой плуг праз косткі мёртвых»
Кніга, у якой аўтарка крычыць ад імя тых, каго звычайна пазбаўляе голасу патрыярхальная маскулінная культура: ад імя жанчыны ў мужчынскім свеце, ад імя правінцыі, якая звычайна не трапляе ў кадр вялікай гісторыі, і ўрэшце ад імя прыроды, жывёльнага свету, у часы, калі чалавек самазакахана палічыў сябе гаспадаром, які можа эксплуатаваць прыроду дзеля сваёй выгады.
Шчэпан Твардах «Кароль»
Пісьменнік, паказваючы тысячу і адзін спосаб прычыніць боль другому чалавеку, паказваючы, як стрэліць можна не толькі куляй, а ўдарыць не толькі кулаком, часам цынічнае слова прыносіць яшчэ больш болю і катаванняў, прыводзіць нас да высновы, што нічога ў гісторыі не ёсць выпадковым.
Дамініка Словік «Зімоўка»
Аўтарка, як новы малады голас, зразумела, апавядае пра экалогію, пра тое, што мы ў сваіх нязгодах, у сваіх ксенафобіях змагаемся самі з сабой, а час, адведзены нам прыродай, палічаны, і ўсё бліжэйшая катастрофа, але чым сталейшыя людзі, тым яны больш у сваіх аблудах. Чытайце кнігу, каб усвядоміць, што мова дадзеная нам не дзеля словаў нянавісці, а каб выславіць любоў, адказнасць за тых, каго мы прыручаем.