Аляксей Гайдукевіч піша на budzma.org пра радыкальныя партыі і рухі ў Еўрапарламенце.
Дзеянні групоўкі, якая кантралюе сілавыя структуры ў Беларусі пасля выбараў, ужо неаднаразова асуджаліся еўрапейскімі палітыкамі. Гучала шмат заяваў, прынятыя некалькі так званых санкцыйных пакетаў, што, на думку еўрапейцаў, могуць паўплываць на функцыянаванне карнага апарату ў нашай краіне.
Пасля нападу на актывіста Рамана Бандарэнку і ягонай смерці еўрапарламентарыі прынялі чарговую рэзалюцыю
з заявамі аб занепакоенасці падзеямі у Беларусі.
613 дэпутатаў парламента ЕС прагаласавала за ўхвалу тэксту рэзалюцыі, 41 — супраць і 35 устрымаліся.
Адразу варта звярнуць увагу на шырокую палітычную палітру, прадстаўленую ў парламенце: ад крайне левых, камуністаў, да крайне правых папулістаў і нават так званых піратаў. Трэба ўлічваць, што дэпутаты амаль пазбаўленыя заканадаўчай ініцыятывы, функцыі гэтага органа вельмі абмежаваныя, і шмат разоў мэтазгоднасць ягонага існавання ўвогуле ставілася пад сумнеў.
Кожную краіну ЕС прадстаўляе пэўная колькасць абраннікаў, у залежнасці ад насельніцтва. Больш за ўсё дэпутатаў з Германіі — 96, менш за ўсё з Мальты — 6. Выбары праходзяць у кожнай краіне паасобку. Таму прадстаўніцтва залежыць ад здольнасцяў і палітычных памкненняў выбарцаў і нацыянальных заканадаўстваў.
750 дэпутатаў у парламенце яднаюцца вакол васьмі фракцый, дзве найбуйнейшыя прадстаўляюць умоўны ліберальны цэнтр і правы цэнтр, у іх уваходзяць прадстаўнікі самых ўплывовых сілаў у сваіх краінах. Гэтыя аб’яднанні без выняткаў прагаласавалі за рэзалюцыю наконт падзеяў у Беларусі.
У меншых фракцыях — «Ідэнтычнасць і дэмакратыя», «Левае аб’яднанне» — меркаванні наконт Беларусі падзяліліся. З 41 дэпутата, які прагаласаваў супраць рэзалюцыі, прадстаўнікоў гэтых аб’яднанняў большасць.
Дакладная назва «левых» — гэта Аб’яднаныя левыя і Паўночныя зялёныя левыя. У фракцыю ўваходзяць камуністы, скандынаўскія зялёныя.
Інфармацыя на сайце Еўрапарламента дазволіла вызначыць, што большасць з гэтай фракцыі, хто не падтрымаў рэзалюцыю, — крайне левыя і камуністы. Партугальцы, грэкі, іспанцы.
Адзіная прадстаўніца нашага рэгіёна, чэшская камуністка з Аб’яднання левых у Еўрапарламенце, прагаласавала супраць ухвалы рэзалюцыі, прынятай 26 лістапада. Катрына Канечна, у адрозненне ад большасці сваіх калег, публічна выказвала сваю пазіцыю наконт паслявыбарчых падзеяў у Беларусі.
У каментары для чэшскага тэлебачання яшчэ ў кастрычніку яна адзначала:
«У той момант, калі ў Беларусі абмяркоўваецца новая канстытуцыя і імаверныя новыя выбары, санкцыі толькі нашкодзяць. Санкцыі не дадуць плёну ні нам, ні самім беларусам, мы павінныя сапраўды клапаціцца пра іх».
Адпрацоўваюць крамлёўскія пазыкі?
У «Ідэнтычнасць і дэмакратыю» ўваходзяць 75 дэпутатаў. Большасць — гэта аднапартыйцы Марын Ле Пэн (французскае «Нацыянальнае аб’яднанне») і прадстаўнікі італьянскай «Лігі Поўначы». Астатнія — абраннікі з менш значных еўрапейскіх партый. У асноўным — правыя папулісты.
Што цікава, з Усходняй Еўропы ў гэтай фракцыі толькі два дэпутаты з Чэхіі і адзін з Эстоніі. Прадстаўнік балтыйскай краіны прагаласаваў за рэзалюцыю. А ў чэхаў меркаванні падзяліліся. Гэтую краіну ў «Ідэнтычнасці і дэмакратыі» прадстаўляюць абраннікі ад арганізацыі «Свабода і простая дэмакратыя». Гэта крайне правая папулісцкая структура з антымігранцкай рыторыкай. Пры гэтым узначальвае партыю этнічны японец, чэшскі грамадзянін Акамура.
Вельмі цікавыя факты супрацоўніцтва французскага «Нацаб’яднання» і італьянскай «Лігі» з Пуціным і ягонай партыяй. Калі італьянцы толькі маюць афіцыйнае пагадненне з «Адзінай Расіяй» і час ад часу намагаюцца блакаваць увядзенне санкцый супраць Крамля, у Ле Пэн і «Нацаб’яднання» больш цікавая гісторыя стасункаў з уладамі РФ.
Настолькі бурлівая, што ў лютым 2020-га маскоўскі гаспадарчы суд распачаў справу па позве былых уласнікаў аднаго з расійскіх банкаў, які пазычыў 11 млн даляраў «Нацаб’яднанню» на перадвыбарчую кампанію яшчэ ў 2014 годзе.
Прадстаўнік партыі Ле Пэн у кастрычніку выказваў меркаванне наконт Беларусі:
«Калі мы не будзем весці дыялог, Беларусь адназначна цалкам трапіць у залежнасць ад Расіі».
Уся гэтая гісторыя цікавая менавіта таму, што амаль поўным складам дэпутаты партыі Ле Пэн прагаласавалі супраць рэзалюцыі па Беларусі. У той жа час фактычна ўсе італьянцы з «Лігі» яе ўхвалілі , як і большасць фракцыі «Ідэнтычнасць і дэмакратыя».
Па статыстыцы менавіта частка крайне левых і правых ў Еўрапарламенце рэгулярна галасуе супраць антырасійскіх санкцый. Наўрад ці іхныя выбарцы настолькі прарасійскія, што абраннікі ідуць на падтрымку Пуціна дзеля іх. Еўраскептыкі — так, антымігранты, антыісламісты — ёсць і такія. Але падтрымка нейкай значнай часткі іх выбарцаў менавіта пракрамлёўскай палітыкі выклікае сумневы.
Вельмі падобна, што антысанкцыйныя галасаванні гэтых парламентарыяў — іх уласная ініцыятыва, без прывязкі да сацыяльнага запыту сярод еўрапейцаў. Таму ўзнікае цалкам лагічнае пытанне: ці не звязаная лаяльнасць еўрапейскіх палітыкаў да дзейнай камандна-адміністрацыйнай сістэмы ў Беларусі са ступенню залежнасці ад Крамля?
Аляксей Гайдукевіч, budzma.org