Аляксей Гайдукевіч піша на budzma.org пра неваенныя метады ўздзеяння на грамадствы, палітыкаў і вайскоўцаў падчас канфлікта на беларускай мяжы, а таксама пра магчымыя наступствы для будучыні краінаў і ўрадоўцаў.
Брузгі, 16 лістапада 2021г. Скрыншот з відэа
Спецаперацыя на беларуска-польскай мяжы выйшла на новы ўзровень эскалацыі пасля з’яўлення намётавага мястэчка нелегальных мігрантаў каля памежнага перахода Кузніца-Брузгі. Няма сумневаў, што пераход да чарговага этапа стварэння напружанасці на мяжы ЕС адбываўся з прымяненнем інфармацыйна-псіхалагічных элементаў вядзення гібрыднай вайны.
Псіхалагічныя захады выявіць даволі лёгка, і яны знаходзяцца навідавоку — укіды ў СМІ фота і відэа пра падрыхтоўку штурма мяжы, фізічны ціск на памежнікаў і вайскоўцаў, правакацыі. З інфармацыйнымі ўсё не так проста. Бо адна з аксіомаў правядзення падобных захадаў — распаўсюд хлуслівых навінаў праз аўтарытэтныя крыніцы.
Па меркаванні прэм’ера Польшчы Матэвуша Маравецкага, на мінулым тыдні з такой мэтай скарысталіся амерыканскай кампаніяй CNN, якая апублікавала некалькі рэпартажаў з беларускага боку мяжы: «Матэрыялы выглядаюць на вывідавочную маніпуляцыю...Такім чынам ствараецца альтэрнатыўная рэальнасць».
Але трэба адзначыць, што на сайце гэтай кампаніі таксама з’яўляліся каментары, якія прадстаўляюць розныя пункты гледжання на праблему. Напрыклад, адзін з кіраўнікоў брытанскага войска ўзгадаў становішча на беларускай мяжы як элемент агрэсіі РФ на ўсходзе нашага кантынета: «Зменлівы характар канфліктаў дэманструе розныя магчымасці выкарыстання нечаканых інструментаў ў супрацьстаяннях».
А на сайце The Times у матэрыяле аб становішчы на «усходнім фронце» падзеі ў Беларусі разам з перакідам расійскай тэхнікі і жывой сілы да межаў Украіны прадстаўленыя ў якасці адных з асноўных фактараў эскалацыі.
Фота: pbs.twimg.com
Польшча, Літва і Латвія заставаліся самотныя перад праблемамі
Такая ўвага з боку заходніх СМІ да праблемаў на мяжы не была заўважана яшчэ некалькі тыдняў таму. Як раз у той час, калі тэставаліся розныя элементы інфармацыйна-псіхалагічных дзеянняў з усходняга боку мяжы.
Магло падацца, што Польшча, Літва і Латвія засталіся самотныя перад праблемамі з наплывам нелегальных мігрантаў і фактамі псіхілагічнага і фізічнага ціску на памежнікаў.
Асобна варта адзначыць складаную сітуацыю ў грамадстве ў гэтых краінах, а таксама непаразуменні сярод істэблішмента.
Калі ў краінах Балтыі большасць насельніцтва і палітыкаў падтрымалі дзеянні ўрадоўцаў і вайскоўцаў — у Польшчы, можна сказаць, падзеі на мяжы з розных бакоў палітычнага спектра ацэньваюцца па рознаму.
Апытанне на замову ўплывовай газеты «Rzeczpospolita» прадэманстравала, як палякі рэагуюць на канфлікт і дзеянні кіруючай кааліцыі. Па дадзеных надрукаваных на сайце выдання, каля траціны апытаных адмоўна ставяцца да захадаў кіраўніцтва краіны па пераадоленні памежнага крызісу, прыблізна столькі ж — станоўча. І нават 70% лічаць, што канфлікт на мяжы з’яўляецца пагрозай для Польшчы. Верагодна, што такім чынам адна з мэтаў інфармацыйна-псіхалагічных аперацыі дасягнута — палякі не адчуваюць сябе ў бяспецы. Грамадствам у такім стане нашмат прасцей маніпуляваць і выкарыстоўваць інспіраваныя звонку працэсы ў сваіх мэтах.
Парог вайны ўжо пройдзены
Польскія палітыкі і вайскоўцы неаднаразова падкрэслівалі, што ўласна «міграцыйная праблема» з’яўляецца завесай для правядзення правакацый на мяжы. У выканаўцаў з усходняга боку атрымалася сфарміраваць у заходніх СМІ і палітыкуме паралельную рэчаіснасць, у якой існуе «крызіс з уцекачамі». А шматлікія правакацыі на захадзе не заўважаюць ці толькі робяць выгляд.
Генерал польскага войска і былы кіраўнік аднаго са спецаддзелаў Роман Полька адзначыў: «Парог вайны ўжо пройдзены...Калі і далей чакаць, нас можа напаткаць лёс Украіны».
Віцэ-міністр замежных справаў Пётр Вавжык у каментары для польскага радыё выказаўся пра адсутнасць аптымістычных сцэнарыяў на польска-беларускай мяжы: «Падзеі сведчаць пра тое, што будзе эскалацыя сітуацыі».
Нягледзячы на падобныя заявы, заходнія партнёры Польшчы і балтыйскіх краінаў не наважваюцца пераходзіць да практычных дзеянняў у вайсковым і эканамічным вымярэннях. Пакуль з іх боку працягваюцца рытуальныя заявы і прымаюцца палавінчатыя рашэнні, узроўні падтрымкі кіруючых партый у Польшчы і Літве працягваюць зніжацца.
Магчыма, грамадства, у тым ліку, адмоўна рэагуе на фактычную няздатнасць палітыкаў забяспечыць спакой на межах, пераканаць заходніх партнёраў у сур’ёзнасці выклікаў. Падобны недавер з боку супольнасцяў у напружанай сітуацыі можа мець даволі непрадказальныя і трагічныя наступствы.
Аляксей Гайдукевіч, budzma.org