Сустрэчы на стаўбцоўскай зямлі

13 лістапада на Стаўбцоўшчыну – радзіму класіка беларускай паэзіі Якуба Коласа – завіталі паэты Эдуард Акулін і Леанід Дранько Майсюк. У межах кампаніі “Будзьма” тут адбылося дзве творчыя сустрэчы: у Стаўбцоўскай дзіцячай бібліятэцы і Шашкоўскай сярэдняй школе.

Варта адзначыць, што абедзве сустрэчы прайшлі пад знакам паэзіі Якуба Коласа. Паэты шмат гаварылі аб нацыястваральнай місіі аўтара “Новай зямлі”, ягоным уплыве на фарміраванне нацыянальнай школы паэзіі.

У стаўбцоўскай бібліятэцы Эдуард Акулін правёў літаратурную мінівіктарыну, якая паказала, што землякі вялікага Коласа выдатна ведаюць ягоную творчасць, добра арыентуюцца ў класічнай і сучаснай беларускай паэзіі. Пераможцы віктарыны былі ўзнагароджаны памятнымі прызамі з лагатыпам кампаніі “Будзьма”.

Весела, з настроем, на адным паэтычным дыханні прайшла сустрэча ў Шашкоўскай сярэдняй школе, на якую сабралася каля 200 вучняў установы. Падчас сустрэчы асабліва праславіўся вучань першага класа Антон Мазуркевіч, які на ўсе пытанні паэтаў, кшталту: “Хто напісаў паэму “Сымон Музыка”? Хто адкрыў Амерыку? Хто з беларусаў першым пабываў у Космасе? – упэўнена адказваў: –Якуб Колас! За любоў да паэта-земляка і шчыры патрыятызм Антон быў узнагароджаны гучнымі апладысментамі і кашулькай з надпісам”Будзьма беларусамі”.

Пасля сустрэчы Эдуард Акулін і Леанід Дранько-Майсюк наведалі народную студыю “Раніца”, якая працуе пры Шашкоўскім палацы культуры  і якой кіруе таленавітая энтузіястка-педагог Святлана Канстанцінаўна Клакоўская. Агледзеўшы выставу дзіцячай творчасці, госці дамовіліся на далейшае творчае супрацоўніцтва з “ранічанамі”.

На здымках:

У Стаўбцоўскай дзіцячай бібліятэцы.

Падчас сустрэчы з шашкоўскімі школьнікамі.

Тэгі: ,