У траўні — пачатку чэрвеня сеціва напаўняецца аб’явамі пра ратаванне птушанят. Чуллівыя гараджане бачаць птушку на зямлі і мяркуюць, што птушанё выпала з гнязда і яму патрэбная дапамога. Але гэта далёка не так!
Малады палявы верабей (Passer montanus). Фота аўтара
«Будзьма!» падрыхтавала для вас падрабязны гайд па тым, што рабіць, калі вы сустрэлі подлетка (злётка).
Маладыя птушкі пакідаюць родныя гнёзды, калі яны яшчэ мала падобныя на дарослых. У іх кароткія хвасты, жоўтыя дзюбы, а дзіцячы пух яшчэ не змяніўся на дарослае апярэнне. Складана прайсці спакойна паблізу такой мінорнай карціны — разгубленае птушанё сядзіць сярод травы і жаласна крычыць.
Гэтыя смешныя і нягеглыя жывыя камячкі быццам просяць абароны. Асабліва лёгка на такую «правакацыю» паддаюцца дзеці, якія адразу ж цягнуць маладых птушак дадому на «радасць» сваім бацькам. Але рабіць гэта нельга катэгарычна, бо ад такой дапамогі толькі шкода!
Злётак чарнагаловай гаічкі (Parus palustris). Фота аўтара
Што рабіць?
З упэўненасцю кажам, што варта прайсці міма за рэдкім выключэннем. Злётка не трэба «ратаваць», кранаць, спрабаваць сфатаграфаваць, а тым больш падбіраць і несці дадому.
Пагаворым пра выключэнні з гэтага простага правіла. Калі вы пабачылі злётка побач з аўтамабільнай дарогай, дзецьмі, сабакамі ці катамі, то толькі тады яго варта аднесці на бяспечную адлегласць ці падсадзіць вышэй на галіны дрэва, але не вельмі далёка, каб бацькі маглі яго знайсці.
Птушаняты вушастай савы (Asio otus). Фота аўтара
Калі вы возьмеце злётка дадому, то фактычна вырачыце яго на смерць. У неспецыяліста вельмі мала шанцаў на тое, каб стварыць умовы для птушаняці. Такія няшчасныя часцей за ўсё гінуць ад няправільнага харчавання. Нават калі птушцы пашанцуе выжыць, яна страціць магчымасць прыстасавацца да жыцця ў натуральным асяроддзі. Імавернасць таго, што яна загіне ў самыя першыя дні вольнага жыцця, вельмі высокая. Трэба разумець, што такія птушкі не ўмеюць самастойна здабываць корм і распазнаваць драпежнікаў.
Трэба дадаць, што, забіраючы дадому птушку (ці іншую дзікую жывёліну), вы парушаеце заканадаўства. Такія дзеянні разглядаюцца як незаконны вынятак, нягледзячы на тое, што вы рабілі гэта з найлепшых пабуджэнняў.
Калі злёткам сапраўды патрэбная дапамога?
Толькі тады, калі вы бачыце, што птушаня мае траўмы ці пацярпела, напрыклад, ад ката ці вароны. Такую птушку варта перадаць валанцёрам-спецыялістам.
Дапамога спатрэбіцца і тады, калі вы бачыце не злётка, а яшчэ неаперанае птушанё, якое не можа хутка перасоўвацца. Тады варта пашукаць гняздо, з якога яно магло выпасці, і вярнуць яго туды. Калі такога побач не бачна, то зноў трэба звяртацца для спецыялістаў.
Птушанё свіргуля. Фота: А. Стралец, ptushki.org
Рэдкае выключэнне — свіргуль (Apus apus). Гэтыя птушкі не ўмеюць самастойна ўзлятаць з зямлі, таму трэба ўпэўніцца, што птушка здаровая, і акуратна падкінуць яе ў бяспечным месцы. Адрозніць дарослага свіргуля ад маладога можна па белым краі на крылах, які ёсць толькі ў маладых асобін.
Подлеткі свіргулёў увогуле не вучацца лётаць. Як толькі яны падрастаюць, то ўзлятаюць адразу з гнязда. Калі вам трапіўся малады свіргуль, яго давядзецца выкормліваць. Гэта складаная задача, але выкармленых птушак можна выпускаць на волю без асцярогі.
Злётак сарокі (Pica pica). Фота: Максім Шастакоў, vk.com/fauna_gomel
Каго ў гэты перыяд лепш сцерагчыся?
У гэты ж перыяд пакідаюць гнёзды і птушаняты шэрых варон. Яны яшчэ не вельмі добра лётаюць і хаваюцца ў траве пад доглядам бацькоў, якія абараняюць іх ад таго, што палічаць небяспечным. І вельмі часта такой небяспекай вароны могуць палічыць простых мінакоў і атакаваць іх.
Шэрая варона (Corvus cornix), фота аўтара
У гэты момант трэба разумець, што сапраўды сур’ёзнай шкоды вароны не зробяць, максімум падрапаюць скуру. Калі побач з вамі з’явіліся такія суседзі — не хвалюйцеся, ужо праз некалькі дзён злёткі навучацца лётаць, і іх бацькі выйдуць з рэжыму берсеркаў.
Інфаграфіка: ptushki.org
Д.Н., Budzma.by