Свой погляд: Партрэт Купалы заміраточыў

Некалькі дзён таму стала вядомая трагікамічная гісторыя: верніца “адрэстаўравала” фрэску ў адным з сарагоскіх храмаў, ненаўмысна ператварыўшы яе ў карыкатуру.  Сам па сабе малюнак не меў вялікай мастацкай значнасці, аднак мясцовыя хрысціяне мелі да яго “сентыментальныя пачуцці”.  Такога кшталту навіны з’яўляюцца ў сусветнай медыяпрасторы ледзь не кожны дзень, але гэтая гісторыя ілюструе розніцу ва ўспрыманні культурнай сферы людзьмі з пачуццём гумару і людзьмі без такога пачуцця.

Нядаўна я быў у адным раённым цэнтры недалёка ад Берасця і там сярод свежай катэджавай забудовы, якая наводзіла на думкі пра беспрацэнтныя крэдыты, убачыў навюткі праваслаўны храм. Такіх храмаў па Беларусі вырасла за апошні час шмат, але гэты неяк асабліва вылучаўся, можа, недабудаваным плотам, які ў хуткім часе надзейна абароніць яго ад усялякіх там Pussy Riot.

Галоўная асаблівасць такіх цэркваў у тым, што калі б гэты храм убачыў палачанін Х стагоддзя, будынак праз сваю карыкатурную бліскучасць не спадабаўся б нават яму. Мадэрновага ж чалавека ад такога сляпога пераймання канонаў непазбежна цягне на ваніты. Бо перш-наперш прыходзіць адчуванне, што “яны гэта сур’ёзна”.

Агульным месцам у развагах пра рэлігію ў сучасным грамадстве, магчыма, з падачы Славоя Жыжыка, стаў тэзіс пра тое, што мадэрновы чалавек нават верыць “адстаронена”, успрымаючы рэлігію як адзін са складнікаў культуры (уласна, так верЫлі заўсёды, проста не ўсе ў гэтым прызнаваліся). І хаця ролі паэтаў і святароў не тоесныя (хаця б таму, што СМІ не паведамляюць пра паэтаў-педафілаў), роля цэркваў і бібліятэк ужо дзесьці супадае, прынамсі, у свядомасці не-вернікаў. Складана ўявіць чалавека, які сур’ёзна будзе сцвярджаць, што кнігі, выдадзеныя не на пергаменце або напісаныя не гусіным пяром, не могуць быць кнігамі. Але архітэктурны (і не толькі архітэктурны: чаго толькі варты абрад ачышчэння жанчыны пасля нараджэння дзіцяці або недапушчэнне жанчыны ў храм падчас менструацыі) канон чамусьці дагэтуль захоўваецца, прычым захоўваецца так, як яму не наследавалі нават у XIX стагоддзі.

Сам па сабе канон — безумоўна, справа саміх вернікаў і толькі іх, якая мусіць абмяркоўвацца ў іх грамадзе і паводле іх правілах абмеркавання. Але вось здаецца, што канон гэты захоўваецца не проста так. Складана паверыць, што ўсе, хто падчас перапісу заяўляе пра сваю прыналежнасць да хрысціянства (хоць тут і прыводзяцца прыклады з праваслаўя, але іншых канфесій гэта датычыць не ў меншай ступені), — шчырыя апалагеты хрысціянскай традыцыі. Здаецца, што большасць з іх успрымае хрысціянства як традыцыю, што дасталася нам ад продкаў. Быў бы будызм — круцілі б леваю рукою раззалочаныя барабаны. Але ўсе гэтыя людзі моўчкі глядзяць на безгустоўныя навабуды і не спрабуюць адмяніць абразлівыя для жанчын традыцыі.

Так, час ад часу чуюцца заклікі да мадэрнізацыі, але яны не знаходзяць падтрымкі ў грамадства. Калі будавалі Нацыянальную бібліятэку, галасы тых, хто казаў пра яе выродлівасць, гучалі мацней за тых, каму штосьці не падабалася ў традыцыях хрысціянскіх канфесіяў на Беларусі (вось, напрыклад, немцы-каталікі не кленчаць у храмах, а іх сувернікі-беларусы — кленчаць).  Пры гэтым трэба ўлічваць, што будаўніцтва Нацыянальнай бібліятэкі — гэта працэс, які кантраляваўся першаю асобаю дзяржавы, у той час як на лакальнае будаўніцтва цэркваў можа ўплываць мясцовая супольнасць.

Здаецца, такое некрытычнае стаўленне да канону вырастае не са шчырай веры ў яго, а з сур’ёзнага да яго стаўлення. Розніца, здавалася б, невялікая, але значная. Можна не верыць у тое, што кароль голы, але з сур’ёзным тварам пераконваць у гэтым іншых. Менавіта гэтым і займаецца цяпер большасць тых, хто дэкларуе сваю прыналежнасць да хрысціянства. Можна рабіць выгляд, што праблемы культурнага дыскурсу Расіі нас абыходзяць, але гэта не так: яны вельмі моцна ўплываюць і на наш кантэкст. Менавіта гэтае “сур’ёзнае” стаўленне нядаўна вылілася ў блогасферу ад тых, хто хацеў жорсткага прысуду для Pussy Riot. Здавалася, нават дзяржава не хацела яго так, як гэтыя “сур’ёзныя абаронцы веры”.

Тыя, хто ставіцца да рэлігійных традыцыяў сур’ёзна, не могуць жартаваць з іх. Для іх такі працэс арганічна немагчымы. Той, хто верыць, жартаваць можа, для яго ў гэтым няма парадоксу (можа ж дзіця жартаваць з мамы, не здзекавацца, а жартаваць). Але беларусы не ўмеюць жартаваць не толькі з рэлігійнай сферы, але нават са сферы чыста культурнай. Леташняя гісторыя з Каянам Лупакам, у якога Альгерд Бахарэвіч перарабіў Янку Купалу, чым выклікаў цэлую сімфонію абражаных галасоў, добра прадэманстравала, што беларусы ставяцца да культуры сур’ёзна.

Гэта не значыць, што беларусы любяць, паважаюць, шануюць або памнажаюць культуру. Гэта значыць толькі тое, што яны ўнутрана заціснутыя. Мы стаім, нібы “духі” на ранішнім шыхтаванні і баімся нейкага злога “дзеда”, які адправіць “драіць сарціры” за незашпілены гузік. Нібыта існуе нейкі звод няпісаных правілаў, што прыляцеў да нас з неба. Няма ні правілаў, ні таго, хто б кантраляваў іх выкананне, але ўнутраны заціск не праходзіць. Напружанне ўсярэдзіне нас такое моцнае, што любы жарт, які не датычыць сэксуальнай сферы, аўтаматычна прыраўноўваецца да абразы.

З часу, як усплыла гісторыя пра “рэстаўрацыю” фрэскі ў сарагоскім храме, прайшло ўсяго нічога, але на сайце change.org пад петыцыяй пра яе захаванне ўжо сабралі амаль 20 тысяч подпісаў. Апроч таго, новая выява Хрыста ўжо наносіцца на майкі ў суправаджэнні рознага кшталту подпісаў.  Няважна, чаму гэтыя людзі падпісваюцца пад петыцыяй і робяць прынты. Можа, яны робяць гэта, каб пасмяяцца, можа, лічаць, што на абноўленую фрэску захочуць паглядзець шматлікія турысты. Адно можна сказаць дакладна: яны не ставяцца да арыгінальнай фрэскі занадта сур’ёзна (дарэчы, абноўленая фрэска не горшая за працы Ўорхала).

Здаецца, што пакуль беларускае грамадства не пачне смяяцца з таго, што адбываецца ў сферы культуры, пакуль мы будзем стаяць заціснутыя і таксама маліцца на культуру, як моляцца на свой канон “сур’ёзныя” вернікі, пакуль мы будзем пісаць толькі скаргі, пратэсты і петыцыі, ніякіх радыкальных зменаў не адбудзецца, перш-наперш таму, што  мы будзем маўкліва падтрымліваць кантэкст. Культура толькі тады і можа рабіць шпаркія і нечаканыя крокі наперад, калі дыскурс крытычна пераасэнсоўваецца, калі ён дэсакралізуецца і творча абрабляецца. Той, хто стварае, не выходзячы за кантэкст, можа стаць добрым творцам, але толькі другога эшалону.

Сцяпан Панаеў