Культавая пісьменніца Света Курс прачытала сотні лістоў з архіва Катынскага музея. Палонныя афіцэры ў 39-м пісалі сваім сем’ям пра продаж радыепрыемніка (пасля вайны будуць новыя тэхналогіі), ці смокінга, і нават як сажаць бульбу. Яны захоўвалі ў кішэнях ключы, спадзеючыся аднойчы адкрыць дзьверы сваіх дамоў. У Катыні знойдзеныя шмат іржавых ключоў. І вось гэтыя лісты ды ключы — усе, што засталося ад людзей, піша Курс у рубрыцы «Боль» на kyky.org.
Cвятлана Курс. Фота: kyky.org
17 верасня ў Беларусі святкуюць День единения. У гэты дзень у 1939-м савецкія войскі напалі на Польшчу ў таемнай змове з гітлераўскай Нямеччынай. Саветы занялі Заходнюю Беларусь і распачалі рэспрэсіі — чысткі, расстрэлы, раскулачванне, катаванні — супраць этнічных палякаў і беларусаў, якія былі заможнымі гаспадарамі, ці займалі нейкія пасады ў структурах польскай дзяржавы і войска. Дарэчы, Брэсцкую крэпасць гітлераўцы тады не здолелі захапіць і ганарова перадалі гэтую місію Саветам, якія штурмавалі яшчэ два тыдні. Каб праз нейкі час гераічна абараняць крэпасць ад «саюзніка».
Падчас працы з архівам Катынскага музею я апрацавала шмат лістоў ад палонных афіцэраў да іх сем’яў. Прыкладна кожны пяты — ураджэнец Беларусі. Да прыкладу, у Войска Польскае ў верасні 1939-га быў прызваны з Карэліччыны маладзенькі Янка Брыль (пазней народны пісьменнік Беларусі). Служыў у марской пяхоце пад Гдыняю, трапіў у нямецкі палон, уцёк, выжыў, напісаў для нас важныя словы. А колькі галасоў замоўкла ў зямлі? Сёння, 17 верасня, дам вам магчымасць паслухаць іх жывыя галасы.
30-гадовага Юзафа Закрэўскага, настаўніка і селяніна з вёскі Лаўна, што пад Скідзелем, блізкія называлі Зюк. 9 лютага 1940-га Зюк піша маці і жонцы з расейскага лагеру ваеннапалонных:
«Дарагая мая!!! Пішы мне часта, а я буду пісаць раз на месяц. Калі будзе нястача, прадай мой смокінг і футра па добрай цане. Захоўвай насенне беражліва. Калі ласка, на палетках саджай усё на ўгнаенні, толькі пасля бульбы без угнаенняў. На ўчастку з бульбай і жытам з боку Крыжанскага засей 1 морг ячменю і 1 м морг аўса, пакінь за хлявом выган, а на жытнім полі пасей 35 кг серадэлы. Запасайся насеннем.
Юзэф Закрэўскі. Фота: kyky.org
Маці, не сярдуй на мяне — я цябе нагрузіў дзецьмі, а дапамагчы нічым не магу. Гэта не мая віна. Лекар сказаў мне есці сала і цыбулю. Дык падсмажце, калі ласка, 3 кг сала з вялікай колькасцю цыбулі і адпраўце мне ў бляшанцы. Патрэбен і мёд — каля 2 кг. Да таго ж прышліце мне грашовым пераказам 20 рублёў на дробныя выдаткі.
Мама, я такі ж, як раней — не бойся. Паразы часцей за ўсё ўплываюць на развіццё асобы, умацоўваюць дысцыпліну і фармуюць характар. У нас усё будзе добра ў будучыні. Я веру ў гэта. Цалую цябе. Зюк».
Спажыць мёд і сала з цыбуляю Зюк не пасьпеў. 18 сакавіка адбіў тэлеграму жонцы: «Папраўляйся, лісты атрымліваю, спяшаюся, Закрэўскі» — і замаўчаў назаўжды.
У Гарадцы ля Кобрына Людміла Керкоўская з сынам Юрыкам чакаюць свайго мужа і тату. У кастрычніку 1939-га, з Брэста з турмы. Зыгмунт піша:
«Я вельмі рады, што ў вас усё добра ты спраўная жанчына, Люня мая. Ты вельмі добра папрадавала рэчы, толькі баюся, што тваіх запасаў надоўга не хопіць. Пасля твайго ліста я крыху супакоіўся — ты мяне суцяшаеш, што добрыя людзі табе дапамогуць — дай Бог. Як вучыцца Юрык? Люня, беражы яго.
Юрычак — памятай — ты павінен клапаціцца пра сваю маці, ты яе апякун, пакуль я да цябе не вярнуся — будзь моцным апекуном».
Я прачытала сотні лістоў, і аўтар кожнага з іх спадзяваўся, што вернецца. Верыў, што Саветы будуць кіравацца Жэнеўскай канвенцыяй. Найменш ілюзій меў Станіслаў Квяткоўскі, вясковы паліцыянт. Ягоныя лісты з турмы пад Львовам прасякнутыя адчайным благаньнем.
7 лютага 1940 года (два месяцы да смерці): «Дарагія, я яшчэ раз нагадаю вам, што заўтра пятніца і што я два тыдні сяджу ў адной бялізне, галодны, таму што харчуюся толькі беднай, мізэрнай турэмнай ежаю. Прашу пана Касоўскага паручыцца за мяне як мага хутчэй. Заўтра перадайце з ім вопратку на змену, шкарпэткі, цыгарэтную паперу, мыла і ручнік. Можа, у вас ёсць 5 рублёў? Калі ёсьць, не кладзіце тытунь, бо за 5 рублёў тут можна купіць 100 штук «Трактарыстаў».
Станіслаў Квяткоўскі. Фота: kyky.org
Цяпер з камэры, дзе я сяджу, мы можам бачыць адзін аднаго, калі вы станеце на падворку Шварца з захаду турмы. Пачніце ж думаць, каб выцягнуць мяне адсюль! Аднак дзейнічайце вельмі асцярожна, з дапамогай давераных людзей. У гэтую суботу спаўняецца 13 тыдняў, тры месяцы маіх пакут!! Хопіць ужо! Абдымаю і цалую. Маліце дапамогі ў пана Касоўскага, бо я магу з’ехаць адсюль у любы час і далёка!»
Квяткоўскі прапануе план выратавання. Балюча чытаць, настолькі марныя, наіўныя гэтыя спадзяванні:
«Трэба паручыцца за мяне перад тутэйшым судом, што я з’яўляюся і быў лаяльным грамадзянінам, 2) ніякай контррэвалюцыйнай працы не вёў і не буду весці, 3) што я паводзіў і буду паводзіць сябе маральна, 4) што я быў добрым пажарным кіраўніком і настаўнікам, і людзі ў школе і ў вёсцы адчуваюць маю адсутнасць 5) што я беспартыйны і ва ўсёй сваёй дзейнасці не кіраваўся палітычнымі меркаваннямі. Гэты апошні пункт з’яўляецца найбольш важным і павінен быць на першым месцы. Ідзіце неадкладна з гэтым лістом да пана Касоўскага і прашу, каб зрабіў гэта мне. Ён не расчаруецца ўва мне, і я адплачу вам! Гэтую дэкларацыю ён павінен неадкладна падаць на суд, начальніку Н.К.В.Д. Я падкрэсліваю НЕАДКЛАДНА, таму што можа быць занадта позна: Бучэк, былы інспектар паліцыі, асуджаны да смяротнага пакарання, ужо ёсць шмат прысудаў 10, 8, 6, 5 і 3 гадоў турмы. Абдымаю цябе і горача цалую. Стах».
Ліст Квяткоўскага. Фота: kyky.org
2 красавіка 1940 года за чатыры дні да смерці, падпаручнік Юзаф Блоцкі высылае паштовую картку да жонкі Ядвігі. Картка некалькі месяцаў блукае туды і назад, бо Юзаф ляжыць у Катыні, а жонку, сястру і маці вывезлі ў Казахстан.
«Ядзенька! Учора атрымаў вашу першую картку ад 26 сакавіка — і першыя два лісты. Я рады, што ты здаровая і будзеш часта пісаць. Што тычыцца мяне, то я здаровы, астатняе без зменаў. Чаму ты не адказваеш на мае пытаньні з папярэдніх паштовак? Ці ёсць у вас вошы? У нас іх многа. Пішы мне кожны тыдзень. Вы вельмі мерзлі? Цябе і ўсіх цалую — уся мая радасць — гэта твае лісты. Юзік».
Паміж радкамі, напісанымі рукою Юзэфа, запісы цэнзара Данілы Чахольскага: «Выехаў са Старабельска. Лагер ліквідаваны. Адраса не ведаю, спытайце ў НКВД у Маскве».
Палонныя захоўвалі ў кішэнях ключы. Падчас эксгумацыі ў знойдзеныя сотні іржавых ключоў, якія цяпер счарнелымі звязкаміляжаць у Катынскім музеі. Здымкі родных, насоўкі, кубачкі, партабакі, самаробныя шахматы, акуляры, ружанцы.... Яны чапляліся за жыцьцё, за яго мілыя дробязі.
Уладзіслаў Кавалеўскі піша 28 лістапада 1939 года да жонкі ў мястэчка Белае.
«Дарагія Марця і Пятрусь. Я даўно ў СССР. Я здаровы, і калі б не сум па табе, я адчуваў бы сябе вельмі добра. Добра было б, каб Пятрусь пайшоў у школу. Пятрусь, не губляй часу і вучыся добра, а як вярнуся, куплю табе новы ровар. Мы можам пісаць адно аднаму толькі раз на месяц. На што ты жывеш? Ведаю, што ў цябе няма грошай. Калі не можаш выжыць, прадай што маеш і ўцякай да брата. Моцна абдымаю і цалую. Ул.Кав.».
Аляксандр Каралеўскі да жонкі Гэлены 8 студзеня 1940 года:
«Гэля дарагая! Хаця атрымаць ліст для мяне вялікая радасць, навіны ў ім мяне вельмі засмуцілі. Бедны любімы тата не дажыў да майго вяртання. Калі ў цябе там ёсьць нейкія ўмовы, сядзі на месцы. Ці ёсьць у цябе магчымасьць даваць рыбін тлушч дзецям?
Я вельмі рады, што Ясенька і Ганька ўспамінаюць мяне. І я вас успамінаю. Хацелася б ведаць, ці моцна разбураная кватэра. Самае галоўнае, каб вы былі здаровыя. Вы і не ведаеце наколькі я блізка я быў каля вас, але, на жаль, не змог вас пабачыць. Я мару пра цябе з дзецьмі, вельмі сумую. Олек».
Палонныя ў лістах часта перажываюць, што іх бацькі памерлі не дачакаўшыся. А вось 35-гадовага Віктара Мікурду не было каму чакаць. У студзені 1940 года адзінокі кавалер далікатна піша знаёмай у вёску: «Каб выказаць шчырае сяброўства і памяць, шлю крыху запозненыя пажаданні з Н.Г. з верай, што ён зможа замацаваць нашае знаёмства далей і ў лепшых умовах. Як вы праводзіце час? Ці здаровыя? Што да мяне, то я цяпер знаходжуся тут. Зіма суровая, маразы да мінус 42°, але паветра здаровае, у адрозненне ад агульнай атмасферы. Мы можам абмяркоўваць толькі асабістыя тэмы, як звычайна на вайне. Як вы стаіце з правіянтам? Шлю словы сапраўднага сяброўства — Віктар».
Гэта ўсё, што засталося ад падпаручніка Віктара Мікурды.
Кадр з фільма Анджэя Вайды «Катынь». Фота: kyky.org
Ян Мусял, настаўнік з Новай Хадароўкі, выслаў паштоўку за дзень да смерці, 6 красавіка 1940 года сваёй жонцы Люцыі, дырэктарцы Ходараўскай школы. Яго турбуе халоднасць жонкі ў тоне ліста.
«Люсенька! Мне, напэўна, зменяць месца побыту, таму не пішыце, пакуль не адзавуся. Не хвалюйцеся — мы павінны ўбачыцца, трэба цярпець — цяпер усё кладзецца на тваю бедную галаву — я ўвесь час думаю пра цябе і хацеў бы дапамагчы, але не бачу выйсця — мне балюча.
Дарагі мой Юрычак, у дзень твайго Анёла-ахоўніка, сынок мой мілы, дасылаю табе самыя цёплыя бацькоўскіх пажаданні, будзь маім гонарам у гэтыя цяжкія часы.
Люсенька, як тваё здароўе, як твае косанькі, і ці баліць табе горла? Чаму ты так афіцыйна падпісалася — Люцыя? У мяне такое ўражанне, што я на правільным шляху ў сваіх разважаннях. А я ж заўсёды з табой душою, сэрцам. Прывітанне школьнікам і нашай вясковай грамадзе. Люсенька, будзь цвёрдая і спакойная за мой лёс. Клапаціся пра дзіця. Цалую. Твой да смерці, Янэк».
Ліст дайшоў пасля доўгіх блуканняў, бо жонку з сынам вывезьлі ў Казахстан.
Адам Пяткевіч да вайны ажаніўся пасьпешліва і ў таямніцы ад бацькоў, з жонкай пажыў толькі некалькі тыдняў. Цяпер ён вельмі баіцца за яе вернасць. Гэта лісты горача закаханага маладога чалавека за тры дні да смерці.
«Дзетка мая! Я застаюся ў Савецкай Расіі і страшэнна сумую па табе. Сёння я зразумеў, як я цябе люблю і як мне цяжка жыць без цябе — ці здаровая ты і ці верная ты мне? Раскажы маім бацькам пра наша вяселле. Дарагая, і я ўвесь час думаю пра цябе — я рады, што ты мне верная — таму што гэта адзіны скарб, які ў мяне ёсць. Калі ласка, памятай пра мяне і не крыўдзі мяне ні ў чым.
Хацелася б, каб ты пераехала у Львоў да маіх бацькоў. Неадкладна напішы ім. Цалую цябе мільёны разоў. Дарагая, калі ў цябе няма грошай — не дасылай, бо мне будзе вельмі горка, калі табе чагосьці не стае. Усё, што было да нашага вяселля, скончылася — забудзь. Забудзь таксама пра ўсе беды, якія я перажыў з-за цябе і пры ўспаміне пра якія адчуваю вялікі боль — забудзь гэта і будзь упэўненая, што я не забуду пра цябе ні на хвіліну. Я твой целам і душой, і бачу Цябе вачыма маёй душы. Асобна памятаю, што як ляўся табе ў вернасці і каханні і буду памятаць гэта да апошняга моманту жыцця. Цябе цалую горача — мільёны разоў, твае вочы, вусны — толькі твой Адась».
Паручнік Ян Хайман пакінуў па сабе вайсковую кніжачку з апісаньнем зьнешнасьці. Рост 172.5 см, цёмна-русыя валасы, такія ж бровы, адно вока цёмна-карычневае, другое блакітнае, просты нос, авальны твар. Лясны інжынэр, лётчык-аматар, чалавек лёгкі на пад’ём, бо за працаю на тартаках езьдзіў па ўсёй краіне. Прадбачлівы, меў дзьве страхавыя кніжачкі і рахунак у банку (рэдкасьць, рахунак кароткі — пяць лічбаў).
Ажаніўся 1 ліпеня 1939 года з Данутай Канёўскай у Драгобычы у парафіяльным касцёле на вуліцы Сянкевіча. Быў пекны летні дзень (я праверыла па сайце «Рэтранадвор’е». Праз два месяцы Яна мабілізавалі. У верасні Ян Хайман напісаў ліст да жонкі, у сьпешцы, радкі наяжджаюць адзін на адзін.
«Дарагая Дануська! Еду у Львоў праз гадзіну. Тут усеагульная мабілізацыя — кватэру цалкам спакаваў і аддаў пад апеку Баларэцкага. Я вельмі сумую па табе тут, дарагая, але я рады, што ты цяпер добра ўладкаваная. Цяпер табе было б цяжка з’ехаць, таму што ідзе ашаламляльная мабілізацыя».
Наступны ліст ужо з лагера ваеннапалонных у Старабельску, ад 4 лютага 1940 года, бацькам.
«Дарагія! Гэта мой чацвёрты ліст да вас, і я з нецярпеннем чакаю вашага адказу — пакуль у мяне няма пра вас абсалютна ніякіх навін. Я жыву ў Старабельску і, нягледзячы на розныя меркаванні, не „збіраюся“ вяртацца ў бліжэйшыя месяцы. Умовы цярпімыя. Калі ёсць магчымасць забраць грошы з майго рахунку, забярыце сабе і Данусі, бо тыя грошы, што я ёй слаў са Львова, даўно скончыліся. Забярыце ў цёткі Броні мой радыёпрыёмнік і прадайце — пасля вайны будуць новыя мадэлі. Заапякуйцеся маёй кватэрай. Калі вярнуся, то, напэўна, найперш завітаю да дзядзькі Мечыслава. Ваш Янэк».
Кадр з фільма Анджэя Вайды «Катынь». Фота: kyky.org
У падпаручніка Стэфана Вішнеўскага вось-вось народзіцца другое дзіця. 17 сакавіка 1940 года ён піша жонцы:
«Дарагая Ірачка! Пастаянна чакаю ад вас адказу. Наша сям’я павялічылася? За мяне наогул не трэба хвалявацца, я жыву ў добрых умовах. Выветрыце маё летняе паліто!!! Люблю цябе, Стэфан».
За два тыдні да смерці Стэфан пасьпеў даведацца пра наражэньне дачушкі Басі: «Дарагая Ірачка! 21 сакавіка атрымаў ад вас картку. Я вельмі рады, што ты ні пра што не шкадуеш. Кватэры, вядома, ужоняма, але гэта нічога, калі я вярнуся, яна будзе ўдвая большая. Самае галоўнае, каб Бася была здаровая і ты. Я рады, што вы яе так назвалі. Пацалуй абедзвюх дачушак ад таты. Я здаровы, загараю і вучу ангельскую мову, гэта ўсё, чым я займаюся. Хвалююся за цябе, ці ёсць у цябе што есці? Я сумую па вас усіх. Але калі мы ўбачымся, нам будзе пра што пагаварыць. Дарагая Ірачка, ёсць многа няўцешных людзей цяпер, а плач і адчай — гэта зло, якоетолькі памнажае зло, таму будзь адважнай».
Стэфан Вішнеўскі. Фота: kyky.org
Ірміна Вішнеўская шукала мужа шмат год, пісала ва ўсе Чырвоныя крыжы на сьвеце. 9 мая 1946 года суд прызнаў Стэфана Вішнеўскага памерлым.
Катынскія ўдовы гадамі пісалі ў амэрыканскі, вугорскі, егіпецкі, швайцарскі, югаслаўскі Чырвоныя Крыжы. Саветы манілі, што польскія афіцэры былі вызваленыя і «сышлі ў Маньчжурыю». Прайшлі дзесяцігоддзі, перш чым Расія прызнала генацыд польскіх афіцэраў.
Забіўшы 26 тысяч палякаў Саветы ўзяліся за іхныя асірацелыя семі’і. Аказалася, яны склалі адрасную базу па тых няшчасных лістах і тэлеграмах, што палонныя афіцэры слалі дамоў. Па гэтых адрасах пайшло НКВД, як зараз ходзіць ГУБАЗІК.
Фота: kyky.org
Сем’і былі сасланыя на Поўнач, у Сібір, у Казахстан, на пустыя землі, на голад, холад і цяжкую працу. Многія там памерлі. Тэрэса Гігель, 45-гадовая жонка палкоўніка пяхоты Юзэфа Гігеля-Мелеховіча, выжыла разам з 19-гадовым сынам, якога ў сям’і клікалі Спружынкай.
Сям’я палкоўніка Юзэфа Гігеля-Меляховіча жыла у Львове, на кватэры ў пані Мазуровай. Прасторныя пакоі, добрая мэбля, дарагія кілімы. Апоўначы ў пачатку траўня 1940 года ў кватэру ўламіліся нквэдысты і загадалі сабрацца за паўтары гадзіны. Зьдзіська не было дома, толькі Тэрэса і 19-гадовы Мечыслаў-Спружынка. «Паедзеце да мужа, вазьміце ежы на два дні», — загадалі чэкісты, ведаючы, што той расстраляны месяц таму ў Харкаўскай турме НКВД. Ежы дазволілі ўзяць на два дні, а везлі 17.
Лісты Тэрэсы да сяброўкі Зоф’і у Львоў напісаныя хімічным алоўкам на абы-чым — часам на саўгасных бланках выдачы кармоў каровам.
«Мы ў Сярэдняй Азіі ў саўгасе — 70 км ад Аягузскай станцыі ў Казахстане (няхай Іруся знойдзе на мапе!) Даглядаем быдла. Мне страшэнна цяжка. Ніколі не забуду той страшны момант апоўначы, калі яны прыйшлі нас забраць. За што?! Юзік у няволі сядзеў ціха, Метэк хадзіў у школу, я прала, прыбірала, варыла дзіцяці есьці і жыла спакойна. Я мала што памятаю, такі гэта быў страшны ўдар. Як непрытомная, я сабрала непатрэбнае і выкінула важнае. У 1.30 нас павезлі на станцыю Чарнаўцы, дзе мы чакалі ўсю суботу і нядзелю.
Фота: kyky.org
Я прасіла Мазурову перадаць вам, каб вы прадалі мэблю, а дываны, карціны, кляйноты адвезлі да сябе. Вазьмі ў Шэйна мой бранзалет і прадай яго ў краму Зіпэра на вул. Святой Марыі. Вышліце трохі грошай — я без капейкі, бо нам з Меткам за працу не плацяць!
Баюся за Метка — ці выжыве ён без тлушчоў? Мяняем вопратку на бульбу, але на колькі гэтага хопіць? Казахі любяць еўрапейскія рэчы. У мяне 2 кг мамалыгі і 5 кг мукі, і я дрыжу ад думкі, што будзе есці маё дзіця, калі гэта скончыцца?
Сала тут не купіш — ні цукру, літаральна нічога! Казахі жывуць толькі малаком і хлебам. Прышліце нам, што просім: „чай“ 5 кг, цукар 4 кг, какавы, запалкі ад 20 пачачак, вэнджанае сала, колькі ўлезе, 2 пары маіх таўсьцейшых панталонаў, 2 простыя кашулі — бо мае ўжо трашчаць! Светла-блакітную майку Метуся і мне вялікі грабянец — забылася».
Найбольш Тэрэсе баліць, што яе жыцьцё знікла бясследна: «Мае скарбы былі ў бібліятэцы ў стале і ў шафе. Гэта былі нікому не важныя, але дарагія для мяне памяткі, „сонейкі“, буквар, фотаздымкі і лісты. Што здарылася з фотаальбомам? Нібыта і не было ў мяне бацькоў і мужа. Даведайся, хто купіў пісьмовы стол, ідзі туды, адчыні, бо ніхто тайніка не ведае, і вынясі ўсё, бо там усё мне дорага і святое, і нікога гэта не пакрыўдзіць, бо ім усё роўна!».
З лістоў можна ўявіць маштабы высылак:
«Са мной тут людзі з высокайсацыяльнай і фінансавай сферы, так званыя буржуі — сённяшнія жабракі! Прафесар геалогіі Рагаля цэлы дзень пасвіць кароў, а яго брат, інжынер, возіць збожжа — так прыдаліся веды з універсітэту! Абодва сыны Рагалі тут, за тое, што ў жонкі аднаго з іх брат афіцэр.
Тут жывуць Канапацкая з 18-гадовым сынам і 20-гадовай дачкой — былая памешчыца. Чудоўская, жонка адваката (мае вілу пры тэхнікуме), Якубовічыха, жонка інжынера, Бальцэрава з 18-гадовым сынам, жонка старасты; сям’я банкаўскага інкасатара Шэршынскага, Цімохава, жонка капітана з 40-га палка; яшчэ паны Бранецкія, уладальнікі збройнай фабрыкі з дочкамі, князі Храпоўская і Вадзецкія, граф Віле, жонка палкоўніка Спасовічава з Варшавы, сям’я Дубановіча, прафесара ўніверсітэта і многія іншыя. Раскажыце, калі ласка, пра іх блізкім, бо ніхто не ведае, дзе яны.
У зернясховішчы я цягаю тачкі дзень у дзень па 60-100 кг — у мяне так баліць паясніца, што не магу сама падняцца, але гавару сабе «наплевать» і цягну!
Цяпер я важу 54 кг у вопратцы, куды падзелісямае 24 кг? Ты б не пазнала цяпер сваю Тэрэску. Калі я скарджуся на боль, брыгадзір кажа: «ничего, привыкнешь». Я прывыкла і да сваей знешнасці, але баюся зірнуць у люстэрка!!!
Якое жудаснае жыццё, вошы нас грызуць, бруд, дым, духата — не магу апісаць! Казахі пакланяюцца Алаху — маладыя не! Іх выгляд дзікі, некаторыя носяць кінжалы на поясе, і мы спім з імі і жывем у пячорах (бо няможна назваць гэта домам!).
Мы з Меткам бачылі роды — у хвіліну болю жанчына спявае, трымаецца за нацягнутую вяроўку і нараджае стоячы. Дзеці выпружняюцца тут жа. Апальваем каровінымі лепяхамі, якія збіраем самі. Да таго ж авечак яны рэжуць тут жа, катуюць, і жывёла доўга енчыць. Я губляю розум, не магу спаць. Сціскаючы зубы, перажываю дзень.
Зіма ў нас жахлівая, ад 7 кастрычніка снег па калена і маразы да 35 градусаў. Самае страшнае БУРАН — стэпавы вецер са снегам, які збівае з ног — нібыта нехта з неба крычыць!
У Метуся няма нічога цёплага на зіму — кадэцкае палітэчка, а ў мяне ватнік. Кажуха ў яго няма на гэтыя сібірскія вятры і маразы, але цудучыніў добры Гасподзь, яму дазволілі купіць валёнкі за 83 рублі (цана для стаханаўцаў), звычайна валёнкі каштуюць 200-250 руб, а ўчаравіках без падэшвы ён бы замерз да смерці.
Тут нічога не купіш — мука заканчваецца і млыноў няма — мы жывем на смажанай і дробленай пшаніцы і запіваем гарачым абратам. У лістападзе я напісала заяву ў Н.К.В.Д., прасіла дазволіць атрымаць мае 1675 рублёў, што даслала Мазурова. І праз месяц я атрымала дазвол з’ездзіць у Аягуз па грошы. Я праехала 70 км на санях і засталася жывая. Гэта таксама цуд, бо я так здранцвела, што мяне з саняў зносілі на руках. Але ўсё аказалася марна, бо за грошы тут няма чаго купіць.
Любімыя, прыміце, калі ласка, найлепшыя пажаданні на Новы год — каб 1941-ы быў для вас бацькам, а не ворагам. Не дай Бог, Зосенька, каб аднойчы ты і твае блізкія спазналі гэту страшэнную тугу па мінулым. Каб цябе ніколі не кусалі блашчыцы і вошы, каб ты ніколі не была галодная! Хай цябе Бог шкадуе — лепей памры раней, а то жыццё забяруць! Бо ведай, што няма нічога страшнейшага, чым бачыць сваё дзіця галодным, пагарджаным і хворым!»
Гігелі пражылі доўгае жыццё. Тэрэса памерла ў 1971-м у Лондане. Старэйшы сын Здзіслаў — у 2011-м, малодшы, Метусь-Спружынка, у 1991-м.
Яны дачакаліся і выжылі, і мы дачакаемся.
17 верасня 2023 года.
Чытайце яшчэ: Ці аб’ядноўвае нас 17 верасня?