2 лютага сябры грамадскай культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі” Міраслаў і Віктар наведалі 6 “Г” (беларускі клас), што ў СШ 29 г. Брэста.
Адзін з іх Міраслаў Лазоўскі патлумачыў дзецям, што сёння ня шмат дзяцей навучаецца па беларуску, а таму ГКК “Будзьма беларусамі” супольна з Саюзам беларускіх пісьменнікаў вырашылі зрабіць дзецям падарунак, бо быць Беларусам – гэта крута!
Міраслаў, як апынулася, займаецца распаўсюдам літаратуры, ведае шмат цікавага. Сярод прывезеных кніжак былі творы Васіля Быкава, шмат сучаснай літаратуры – дзіцячая літаратура, жахі, пра гісторыю Беларусі…
Міраслаў з захапленнем распавёў дзецям пра “крылатую” кавалерыю, якія ў свой час была вельмі бяздатнай і эфектыўнай. Дзеці даведалісь пра Кірхгольмскую бітву 1605 года, калі беларуская (Літоўская) “крылатая” конніца на чале з гетманам Хадкевічам ушчэнт разбіла “непераможную” швэцкую пяхоту, якая пасля паразы ніколі не ачуняла. Пад Кірхгольмам шведы, паводле розных звестак, страцілі ад 6 да 9 тысяч жаўнераў, кінулі на пабаявішчы ўсю артылерыю і 60 баявых сцягоў. 3 войска Вялікага Княства Літоўскага загінула ўсяго блізу 100 ваяроў і 200 былі параненыя. Слава пра перамогу разнеслася па ўсім свеце. Віншаванні вялікаму гетману прыслалі папа рымскі і бальшыня еўрапейскіх манархаў…
Акрамя кніг былі і іншыя падарункі: сшыткі, паштоўкі, значкі і нават! – USB-фотадыёдны ліхтарык. “Гэта каб бацькі ня бачылі, як вы па начох кніжкі чытаеце”, – пажартаваў Міраслаў.