«Не трэба ацэньваць сітуацыю па тым толькі, што ты бачыш на свае вочы, бо за вуглом, магчыма, адбываецца феерыя. Гэта я адносна таго, што адбываецца ў Беларусі». Так гаворыць пра аднаўленне, ці лепей сказаць «нараджэнне» новага трэцяга сектару ў Беларусі Сяргей Будкін — культурніцкі дзеяч, кіраўнік Беларускай Рады Культуры. Абмеркавалі з Сяргеем стан беларускай культурнай прасторы ў самой Беларусі і за яе межамі, а таксама пагаварылі пра тое, што на практыцы мы можам рабіць, каб ствараць агульнае культурнае поле.
Сяргей Будкін
У размове з Budzma.org Сяргей прызнаецца, што яму заўсёды складана разважаць пра цяперашні стан, развіццё культуры ў самой Беларусі і ён «заўсёды адмаўляецца пра гэта казаць, каб намёкаў нават не даваць на кагосьці і на штосьці».
— Але сыходзім у нейкай сваёй публічнай рыторыцы заўжды з таго, што беларуская культурная прастора — яна агульная, што не важна, дзе менавіта ты жывеш зараз, галоўнае, каб ты рабіў свой унёсак у гэтае агульнае. Але, натуральна, адмаўляць таго, што ў Беларусі зусім іншыя ўмовы для творцаў — немагчыма.
Пры гэтым казаць пра тое, што ўсё, цалкам усё, заасфальтавана ў Беларусі і закапана — будзе няправільным. У нас ёсць шмат прыкладаў і доказаў гэтаму. Ну вось, напрыклад, прыблізна з палову праектаў, падтрыманых у межах праграмы Art Power Belarus (праграма падтрымкі беларускіх праектаў, якая рэалізуецца Беларускай Радай Культуры супольна з Дацкім інстытутам культуры пры падтрымцы Еўразвязу — заўвага рэд. Budzma.org), так ці інакш звязаная з людзьмі ў Беларусі. Гэта ці праекты цалкам унутры Беларусі, ці праекты, у якіх бяруць удзел людзі з Беларусі. І далей, калі будзе працягвацца гэтая праграма, мы будзем яшчэ больш акцэнтаваць увагу на тым, каб беларусы, якія робяць праекты за мяжой, уключалі ў свае каманды на пазіцыі, на ролі бяспечныя (і думалі пра гэта адмыслова) людзей, якія працуюць у Беларусі. Прыкладам, у якасці дызайнераў, мантажора, фатографаў, капірайтараў ды інш. І наадварот, каб для людзей, якія нешта робяць ці гатовыя нешта рабіць унутры Беларусі, беларусы замежжа былі нейкім такім умоўным тэхнічным хабам. Дзе можна замовіць нейкія паслугі, дзе можна скарыстацца нейкімі кансультацыямі ці тэхнічнымі паслугамі. Каб гэты рух быў у два бакі.
Сяргей Будкін
— То-бок кардынальных разыходжанняў, нейкіх розных культурных дарог, розных дзвюх ці больш Беларусяў ты не бачыш?
— У прынцыпе, калі сыходзіць з канструктыўнага, нас можа шмат нечага дробнага раз’ядноўваць, але ёсць галоўнае, што нас аб’ядноўвае.
То-бок калі мы дамаўляемся на тое, што мы хочам, каб Беларусь была, то мы павінны якраз ствараць вось гэтае агульнае культурнае поле, агульнае поле магчымасцяў, агульнае поле спраў больш настойліва.
Каб з яго было можна і падсілкоўвацца, браць нешта сабе і адначасова дадаваць, рабіць свой унёсак.
— Як гэта практычна мусіць выглядаць?
— Па-першае, інтэграванне беларусаў з Беларусі ў праекты беларусаў замежжа і наадварот — беларусаў замежжа ў праекты беларусаў унутры ў розных ролях — ад фінансавага мэнеджмента і тэхнічнага абслугоўвання да ментарынга і стварэння канцэпцый новых праектаў. Па-другое, cтажыроўкі беларусаў у розныя краіны, арт-рэзідэнцыі, удзел у адукацыйных сесіях як у анлайн, так і ў афлайн. Па-трэцяе, знаходжанне ў пастаянным дыялогу, няхай сабе і не заўжды публічным, на тэму таго, што нас яднае і што нас натхняе на далейшыя дзеянні, на тое, каб заставацца беларусам і заставацца ў беларускай справе.
Ну і зараз жа фармуецца нанава, абнаўляецца трэці сектар.
— Трэці сектар у Беларусі?
— Так, у Беларусі, нават, можна сказаць, нараджаецца. І таму важная дапамога спецыялістаў, якіх, безумоўна, вымыла з Беларусі ад 2020-га вельмі шмат. Маю на ўвазе спецыялістаў вось гэтых спецыфічных сфер: менеджменту, файндрайзінгу, арт-куратарства і г. д. Вымыла шмат экспертаў, нейкіх ментараў, людзей дасведчаных і г. д. Вельмі важна настроіць іх працу так, каб яны больш актыўна ўзаемадзейнічалі з людзьмі ў Беларусі. Вось па той жа праграме Art Power мы б хацелі павялічваць колькасць праектаў з людзьмі, якія ўнутры Беларусі. Ёсць добры прыклад з адукацыйным праектам «Васьміног» — гэту вялікую навучальную платформу распрацоўвалі 12 настаўнікаў, 11 з іх — у Беларусі.
Таксама вельмі важным лічу наладжванне і спрыянне дыялогу, пошук нейкіх агульных ідэй, бо пра тое, што нас лучыць, варта размаўляць больш, чым пра тое, што нас раз’ядноўвае. Чым мы можам ганарыцца? Якія выклікі перад намі паўстаюць? Цяпер якой нам бачыцца будучыня? Адна з нашых ідэй — абмеркаванне таго, які можа быць Канон беларускай культуры, складзены з падзей і асоб мінулага, аднолькава важных, магчыма, і для прадзяржаўнага кагосьці, але які пры тым стаіць на пазіцыі таго, што Беларусь — самастойная, незалежная дзяржава. То-бок чапляць струны важныя і для апанентаў. Безумоўна, я гавару пра нейкую частку так званых прадзяржаўных. Разам з тым, безумоўна, культура — поле для дыялогу і паразумення, і такое поле павінна быць. І ўжо цяпер можна размаўляць пра нейкія рэчы, аднолькава важныя для нас усіх.
Паўтаруся, відавочна, што ў Беларусі ёсць фармаванне новага трэцяга сектару. Пакуль ён нефармальны, пакуль ён выспявае, там з’яўляюцца новыя вельмі цікавыя канфігурацыі з новых людзей, з людзей, якія неяк выжылі і засталіся ў тэме, пакуль ствараюцца нейкія гібрыдныя варыянты, магчыма нават нечаканыя — у тым сэнсе, што варыянты могуць складацца з прыхільнікаў рэжыму і партызанаў адначасова. Людзі групуюцца па нейкіх незразумелых нам прыкметах — раней ты іх побач уявіць нават не мог. Вось гэты працэс вельмі цікавы. Натуральным чынам ён неяк выспявае.
І такі момант: прыходзіць жа пакаленне зусім няпужаных, тых, хто цьмяна памятае, што там было нават у тым 2020-м — лічы, гэта 17-19-гадовыя людзі, тым не менш яны ўжо ствараюць нейкі культурны фон — у музыцы, мастацтве, дзе заўгодна.
Сяргей Будкін на канферэнцыі «Новая Беларусь». Фота: Беларуская Рада Культуры
— А вось гэта з’яўленне новых інстытуцый, культурных, адукацыйных, навуковых, за мяжой...
— Стварэнне новых цэнтраў, новых брэндаў, новых інстытуцый, якія пакуль функцыянуюць за мяжой, але ўбіраюць у сябе актыўных людзей па абодва бакі мяжы, гэта праца на Беларусь. Гэтыя цэнтры, інстытуцыі, брэнды у будучым могуць стаць часткай краінавай інфраструктуры ў сферы культуры.
Тое, што ўжо нарадзілася і нараджаецца — Інстытут беларускай кнігі, Беларуская незалежная кінаакадэмія, Беларускі інстытут тэатру, Беларускі інстытут публічнай гісторыі, Papa Bo (Аляксандра Багданаў) з камандай, ведаю, хоча рабіць музычны прадусарскі цэнтр — гэта тое, што адразу ў спрыяльны час пераводзіцца і разгортваецца ў Беларусі, адразу напаўняецца дзеяннямі. Яны і зараз могуць працаваць на захаванне і развіццё беларускай культуры, яны і зараз могуць служыць людзям у Беларусі. Але ў будучыні яны могуць стаць не эмігранцкімі нейкімі структурамі, а абкатанымі мадэлямі, гатовымі да пераезду і працы ў Беларусі. Увогуле, больш за сотню налічваем структур, якія так ці інакш працуюць у сферы беларускай культуры зараз па-за Беларуссю.
— Уражвае, калі ўлічваць не такі ўжо вялікі час вялікай вымушанай эміграцыі...
— Якраз наконт часу хацеў сказаць. Гэты час варта скарыстаць з максімальнай карысцю. Таму важная тут яшчэ размова пра прафесійнае развіццё, якое магчыма і ўнутры Беларусі. З дапамогай нейкіх курсаў, лекцый, арт-рэзідэнцый, калі гаворка пра афлайн, выездаў, стажыровак. Крытычна важна любое навучанне. Адукацыя, падвышэнне кваліфікацыі, усё, што служыць падрыхтоўцы новых кадраў, ды нават банальныя курсы ангельскай і іншых замежных моў, ды і нават беларускай мовы, — усё гэта дапаможа, безумоўна, у будучыні. І такія прыклады таксама ёсць, школа арт-менеджменту, якая існуе пры праграме Art Power, праекты Sekktor, «Культурны код», разнастайныя праграмы мабільнасці для беларускіх творцаў па абодва бакі.
Збоку, звонку можа падацца, што мы ўсе ў нейкіх бурбалках існуем, але тыя працэсы, якія зараз ідуць, пакуль незаўважныя, але яны ўсе дадуць плён, яны будуць бачныя пазней. Не трэба ацэньваць сітуацыю па тым толькі, што ты бачыш на свае вочы, бо за вуглом, магчыма, адбываецца феерыя. Гэта я адносна таго, што адбываецца ў Беларусі.
То-бок у нашай краіне працягваецца культурніцкае жыццё, рэалізуюцца праекты, там застаецца безліч творцаў і экспертаў, там ёсць вялікая аўдыторыя. Гэта ўсё можна памацаць у прынцыпе. Так што такога ўжо вось прама разрыву — няма. Ва ўсялякім разе, бачна, што з гэтай тэндэнцыяй да разрыву можна працаваць.
У прынцыпе не ведаю, адкуль узяўся гэты панятак «разрыў», хто яго ўвёў, таму што людзі ў тэме так ці інакш працягваюць там, у Беларусі, сваёй сферай займацца. Проста ступень бачнасці гэтага сёння, магчымасць сёння самавыявіцца ўнутры Беларусі — іншая.
Мы бачым з вельмі малой адлегласці пакуль. Павінен прайсці час. Хуткая аналітыка яна ёсць, можна пачытаць у нас на канале Беларускай Рады Культуры па сферах, яна прыкмячае нюансы, але цэласнай карціны яшчэ скласці фізічна немагчыма — што гэта і як гэта параўнаць з тым, што было да 2020-га, калі ўсё можна было рабіць больш шумна і заўважна. Ужо, мне здаецца, гэта сітуацыя нарадзіла новых герояў, новых культурных лідараў меркаванняў і таго, што можа стаць ужо нечым класічным у будучыні. Але так, з такой адлегласці пакуль не скажаш.
Пасля часу эйфарыі, а пасля разгубленасці, пошуку сябе прыйшоў час самаарганізацыі, калі практычна кожны знайшоў сваё месца ці новы фармат існавання — я маю тут на ўвазе як творцаў асобных, так і арганізацыі, якія працуюць у сферы культуры. І файна, што ўсё гэта пачынае напаўняцца новымі ідэямі, новымі дзеяннямі, новым разуменнем гэтага часу і нас у гэтым часе. Так, пакуль гэта бясконцы вір, нейкае варыва, смаку якога яшчэ не адчуеш, бо павінна падстыць, але сам працэс ідзе. Гэта — важна, бо гэта значыць, што ёсць рух.
Сяргей Будкін на канферэнцыі «Новая Беларусь». Фота: Беларуская Рада Культуры
— Важна, але гучаць і перасцярогі таго, што людзі, творцы, можа быць, і не вернуцца ў сваю Беларусь. Той жа час згуляе на гэта. Ёсць прыклад паваеннай эміграцыі хаця б.
— Гэта нармальна. Нехта не вернецца, нехта будзе жыць на дзве краіны, нехта вернецца. Але вось калі чалавек становіцца большым палякам ці літоўцам, чым самі палякі ці літоўцы — вось гэта ўжо іншае. Тады становіцца неяк няёмка і трывожна.
Але калі беларушчына захоўваецца і праносіцца далей, то гэта класна, моцная дыяспара таксама будзе патрэбная, і яна будзе адным з апірышчаў беларускага ў шматлікіх краінах.
Штосьці ёсць у нас такое ўсё ж такі, што не дазваляе згарэць дашчэнту. Здаецца, ні на чым такім асаблівым не трымаецца, а стагоддзямі не атрымалася знішчыць і праз стагоддзі не знікае. Таму сёння гэта чарговая праверка, чарговы віток.
Рыгор Сапежынскі, budzma.org