Ці магчыма беларуская культура па-за Беларуссю? Што рабіць для развіцця беларускасці ў экзылі? Ці запатрабаваныя сёння кнігі на беларускай мове? Гэтыя пытані абмеркавалі пісьменнік Альгерд Бахарэвіч і перакладчык Сяргей Шупа на нядаўняй сустрэчы з чытачамі ў Вільні. Запісалі для вас самыя цікавыя думкі, якія прагучалі падчас імпрэзы.
Сяргей Шупа і Альгерд Бахарэвіч
Ці праўда, што сапраўдныя шэдэўры могуць з’явіцца толькі на роднай зямлі?
«Нязгодны з гэтым. «Уліс» Джойса, найлепшыя раманы Набокава напісаныя менавіта ў эміграцыі, — гаворыць Альгерд Бахарэвіч. — Пра разрыў (паміж тымі, хто ў Беларусі, і тымі, хто па-за ёй — рэд. Budzma) я казаў ужо сёння. Я згодны, ён будзе расці, і мы нічога з гэтым не зробім. Проста хто сказаў, што беларусы ў эміграцыі чымсьці горшыя, слабейшыя і менш таленавітыя за тых, хто застаўся? Са свайго асабістага досведу скажу, што я быў у Беларусі абсалютна чужым, я пачуваўся чужым усе тыя гады, якія я пражыў у Беларусі. Гэта былі цудоўныя, цікавыя гады. З 2013-га да 2020-га — гэта наогул я лічу, быў нейкі прарыў у беларускай культуры, адчыняліся кнігарні, фестывалі праходзілі, выдавецтвы... І гэта рабілі маладыя людзі. Але ад таго, што мы з’ехалі, мы не перасталі быць менш таленавітымі і менш актыўнымі».
Альгерд Бахарэвіч
На думку пісьменніка, «калі ў чалавека ёсць талент, воля, калі ў яго ёсць свабода, унутраная свабода, воля жыць, воля супрацьстаяць, то тады ён — што ў Літве, што ў Нямеччыне, што ў Аўстраліі — не згубіцца». «Вось у гэта я абсалютна веру.
Іншая рэч, што каб пісаць пра Беларусь — трэба жыць там. Але хто сказаў, што Беларусь гэта толькі вось — тэрыторыя на мапе, за межы выйшаў — усё, Беларусь згубіў. Не. Беларусь — гэта панятак, гэта канцэпт, гэта ідэя!
Беларусь прыдумалі пісьменнікі ў 19 стагоддзі, Беларусь — гэта літаратурны праект, Багушэвіч, Дунін-Марцінкевіч, далей Багдановіч, Купала, Колас. Гэта яны прыдумалі тую Беларусь, якой мы цяпер жывем. І яе трэба захаваць як ідэю — вось гэта галоўнае. І тады яна, праўда, ніколі не знікне, і можна казаць: жыве Беларусь. І яна жыць будзе. А дзяржаўныя межы, ведаеце, яны мяняюцца, не раз яшчэ зменяцца. А ад такой дзяржавы як Рэспубліка Беларусь, магчыма, наогул нічога не застанецца. Прынамсі ў «Сабаках Еўропы» я пішу пра гэта. Але ці значыць гэта, што знікне Беларусь? Не», — сказаў пісьменнік.
Сяргей Шупа
Сяргей Шупа: «Кожны беларус носіць у сабе ўсю Беларусь. І таму кожны прыватны досвед роўны досведу ўсёй Беларусі. Калі мы гаворым, што адарваныя ад глебы, адарваныя ад мовы — ну, сёння вы самі разумееце, як гэта гучыць. Яна ствараецца там, але на іншай аснове. Тэрыторыя звужаецца-звужаецца-звужаецца. Бацькаўшчына — гэта не толькі тэрыторыя, шмат у чым — гэта беларуская мова. А яна ў нас, там — у рэальнай Беларусі — хутчэй, застаецца ў слоўніках, у бібліятэках, у нейкіх творах. Ужо мы гэту мову новую спараджаем самі сёння на падставе той спадчыны, якая нам дасталася. Гэта спадчына з глебы самой канкрэтна мала і расце. Сёння беларуская мова ствараецца на трошкі іншых падставах, гэта ўжо не ёсць мова вёскі, гэта ўжо мова, фактычна, горада. (...) Бальшыня новых пісьменнікаў нарадзілася ў расейскай мове, на гарадскім асфальце і беларускую мову ўжо проста прыняла ў спадчыну ад тых, хто яе захаваў. І мы гэту традыцыю спрабуем працягваць.
Таму пакуль мы ўсе жывыя — Беларусь будзе жыць. Тое, што з’ехала столькі людзей, думаю, толькі павялічыць рэсурс беларускай дыяспары.
Беларуская глеба, фактычна, сама заўсёды народзіць новых беларусаў. Успомніце 1944 год, Беларусь засталася абяскроўленая татальна, з’ехалі не толькі нейкія палітычныя дзеячы, сотні тысяч сялян з’ехалі, здавалася, нічога беларускага не застанецца, прыехала мноства людзей з усяго СССР, русіфікацыя была проста неверагодная. Прайшло літаральна дзесяць гадоў, гэтыя бацылы, споры беларускасці недзе лёталі — і зноў спарадзілі беларускае пакаленне. (...)
Так, свет змяніўся радыкальна, мы жывем у новай рэальнасці, і тое, што беларуская мова не толькі выжыла, а... Літаратура — сведчанне таго, што мова запатрабаваная. Толкіен выходзіць, ці вось людзі сто разоў прачыталі таго Гары Потэра ўжо, а стаяць у чэргах, каб купіць яго па-беларуску. Не буду казаць усе сакрэты. Але:
вы яшчэ здзівіцеся, колькі сёння робіцца працы. Падтрымання беларускай мовы ў такім высокім культурна-літаратурным тонусе — якога яна не мела, пэўна, ніколі за ўсю сваю гісторыю».
Тэкст: Рыгор Сапежынскі. Фота: Стах Войтаў, Budzma.org