Рэжысёр Аляксей Палуян, вядомы па фільмах «Смеласць», «Возера радасці», «Край жанчын», здыме сваю першую поўнаметражную мастацкую стужку пра спадчыну беларускай аўтакратыі. Грошы на фільм удалося знайсці ў Германіі. «Наша Ніва» распытала Аляксея падрабязней пра сюжэт будучай гульнявой сямейнай драмы пад назвай «Спадчына» (Legacy).

Фота: асабісты архіў Аляксея Палуяна
Працаваць над сцэнаром «Спадчыны» Аляксей пачаў яшчэ ў 2020 годзе падчас ковіду. З таго моманту сцэнар стужкі перапісваўся з дзясятак разоў — у ім змяніўся галоўны герой і акцэнты.
«Я пачаў пісаць трытмэнт, гэтакі эскіз на 20 старонак, у першы месяц пандэміі. Спачатку хацеў зняць гісторыю пра сям’ю чыноўнікаў, і менавіта чыноўнік мусіў быць галоўным героем. Але потым адбылася наша рэвалюцыя, падзеі на Плошчы Перамен, пачатак поўнамаштабнай вайны... Гэта была для мяне такая метафара грамадства, якое хоча развівацца, а яму не даюць, і я зразумеў, што мне цікава гэта звязаць. Плюс я спрабаваў дадаць асабістую гісторыю (мае бацькі жылі ў ГДР, і я там ледзь не нарадзіўся), але потым адмовіўся ад гэтай лініі, бо з такой гістарычнай часткай патрабавалася б яшчэ больш грошай.
Агулам за пяць гадоў працы над сцэнаром і пошукаў фінансавання я пайшоў на столькі кампрамісаў, я сам настолькі змяніўся, жыццё змянілася, вайна паспела пачацца, што ад першай версіі засталося зусім мала», — расказвае рэжысёр.

Фота: Sonja Schwarz & Jason Sellers
Галоўным героем будучага кіно будзе 30‑гадовы Павел, які ўдзельнічае ў пратэстах 2020-га. Яго бацька ў 1990‑я таксама змагаўся з аўтарытарызмам, але прайграў. Цяпер ён сам — актыўны ўдзельнік сістэмы.
«Нехта можа запытаць, чаму я зноў звяртаюся да тэмы 2020 года? Таму што, акрамя выдатнай стужкі Мары Тамковіч «Пад шэрым небам», больш не было мастацкіх фільмаў пра тыя падзеі. Нам усім патрэбна асэнсаванне з мастацкімі сродкамі, а не тэлевізійная інфармацыя, нешта асэнсаванае, атмасфернае», — тлумачыць абраны фокус Аляксей.
«Новая стужка будзе пра спадчыну, якую наша пакаленне атрымала ад бацькоў. І менавіта супраць яе людзі выходзяць на вуліцы, пратэстуюць, іх арыштоўваюць і нават забіваюць. І па выніку ад гэтай спадчыны прыходзіцца бегчы — ці ў эміграцыю, ці ў турму, ці на вайну. Мне заўжды было цікава паставіць майго героя перад выбарам: «Як далёка ты пойдзеш за свае каштоўнасці, калі ведаеш, што кожны твой крок руйнуе тваю сям’ю, хай яна і з’яўляецца часткай сістэмы?»
Дадаткова рэжысёр бачыць важным чарговы раз нагадаць такім чынам еўрапейцам пра сітуацыю ў Беларусі.
«Беларуская тэма ў сусветным кантэксце сышла, яна асабліва і не пратрымалася — можа, пару месяцаў пасля жніўня 2020‑га і ўсё. У свеце з таго моманту адбылося столькі падзей, што ўжо вельмі многім трэба тлумачыць кантэкст наноў. Але маё кіно не толькі для беларусаў, гэта ўніверсальная гісторыя для ўсяго свету.
І гэта атрымалася данесці нямецкаму міністэрству культуры і польскім партнёрам. Важна адзначыць, што нямецкія кінафонды разумеюць, што такая стужка будзе карысная і іх грамадству, бо яны ці праходзілі такія працэсы, ці праходзяць, ці могуць праходзіць у будучыні».
Асаблівасці беларускай сітуацыі прыходзілася тлумачыць нават палякам, якія лепш за ўсё пагружаныя ў нашы абставіны.
«Яны ўсё параўноўваюць з камуністычным часам. Маўляў, мы ўсё гэтае ведаем, у нас гэтак жа было ў 80-я. Але не, цяпер — іншы час, іншая, мадэрновая дыктатура. І ў камуністычнай сістэме людзі верылі ў ідэю. У Беларусі ж ніякай ідэі няма. Ёсць загад, ёсць страх, ёсць вертыкаль і кампраматы — на гэтым будуецца сістэма».
Фота: Зміцер Брушко
Рэжысёр прызнаецца, што часам ужо не верыў, што ўдасца адшукаць патрэбны аб’ём фінансавання. У 2024 годзе праект атрымаў важны еўрапейскі кінагрант у памеры 120 тысяч еўра ад фонду Media Creative Europe, пасля вытворчасць фільма падтрымалі нямецкія кінафонды Hessen Film und Medien і MOIN. Таксама «Спадчына» была адабраная на прэстыжную праграму развіцця праектаў TorinoLab сярод дзесяці праектаў з усяго свету. Але каб зняць поўны метр якасна, гэтых фінансаў не хапала.
«За пяць гадоў працы над сцэнаром прыходзілі думкі, што гэты праект ніколі не будзе рэалізаваны. Але тут мы атрымалі фінансаванне ад нямецкага Міністэрства культуры (500 тысяч еўра. — НН). Дагэтуль цяжка паверыць, што фільм пра беларускую рэвалюцыю і часткова на беларускай мове пераадолеў жорсткую канкурэнцыю ў некалькі дзесяткаў сур’ёзных кінапраектаў і ўвайшоў у фінальны спіс з 9 кінапраектаў, якія атрымаюць фінансаванне ад нямецкага Міністэрства культуры.
Каб вы разумелі, там звычайна вельмі гучныя імёны спаборнічаюць — на апошнім коле, напрыклад, быў Фолькер Шлёндарф, уладальнік першага нямецкага «Оскара». І ўсё атрымалася ў часы, калі ў той жа Германіі фінансаванне скарачаецца, калі на культуру маштабна зразаюць грошы».
Рэжысёр адзначае, што пасля сусветнай прэм’еры фільма «Смеласць» на Берлінале і пасля таго, як за «Смеласць» ён атрымаў Гесенскую кінапрэмію для маладых талентаў, думаў, што перад ім будуць адчыненыя пэўныя дзверы. Яно так і было, але досыць кароткі перыяд часу.
«Пасля ад цябе ў пяць разоў больш чакаюць, і менавіта тут пачынаецца прафесіяналізм, характар, вытрымка. Зрабіць не на каленцы, падрыхтавацца так сур’ёзна і якасна, каб стрэліла, бо сур’ёзныя еўрапейскія прадзюсары чытаюць сцэнар усяго адзін раз».
Здымкі «Спадчыны» плануюць пачаць у жніўні 2026 года, пры гэтым здымкі фільма будуць весціся інтэнсіўна — не больш за два месяцы. Мінск будзе здымацца ў Варшаве, а беларуская вёска — на Падляшшы. Плануецца ўзнавіць вельмі маштабныя, масавыя сцэны — напрыклад, пратэсты на Стэле 9 жніўня. Таму рэжысёр будзе ўдзячны беларусам, які гатовыя будуць паздымацца ў масоўцы.
Ужо вядома, што адну з роляў у стужцы выканае заслужаны артыст Беларусі, які сёння грае ў трупе «Вольныя Купалаўцы», Ігар Сігоў. Акцёры, якія сыграюць галоўных герояў, яшчэ не знойдзеныя — кастынг працягваецца, і ў ідэале рэжысёр хацеў бы задзейнічаць у здымках максімум беларусаў. Але некаторыя баяцца здымацца з прычын бяспекі.
«Таму я разумею, што хутчэй у нас будзе інтэрнацыянальны ансамбль — найперш акцёрскі, бо ў нас запланаваныя дзве вялікія, масавыя сцэны. Заяўкі на кастынг падала шмат літоўцаў, латышоў, палякаў, украінцаў».
Што тычыцца тэхнічнай каманды, аператарам фільма стане знаны польскі кінааператар, дакументаліст, прафесар кінашколы Лодзі Войцех Старань. За прадзюсаванне з нямецкага боку адказная кампанія Tamtam Film, з польскага — кінакампанія Lava Film. Апошняя, напрыклад, вядомая па фільме «Дзяўчына з іголкай», які трапіла ў шортліст «Оскара-2025».
Паралельна Аляксей працуе яшчэ над адным новым мастацкім праектам «Інкубатар». Абраная тэма нечаканая — сурагатнае мацярынства.
«Мне вельмі хацелася зняць пра беларускую жанчыну, якая чакае мужа-палітвязня. Што значыць — чакаць? Вядома, што гэта цяжка, і жонкам палітвязняў часам у разы складаней за саміх зняволеных. Я доўга не знаходзіў форму, у якой мог бы небанальна раскрыць гэтую тэму, і ў галаву прыйшла адна ідэя. Мы тут ужо працуем з немцамі і французамі, гатовая першая версія сцэнара».