Для многіх музыка Балканаў – гэта разгульныя спевы Брэгавіча, а жыццё – шалёнае баляванне пасярод палёў, як у фільмах Кустурыцы. Кніга «Іншала, Мадона, іншала» сербска-баснійскага пісьменніка Міленкі Ергавіча, пераклад якой на беларускую мову прэзентаваўся ў кнігарні «логвінаЎ», шматкроць пашырае гэтыя ўяўленні. Балканы маюць іншыя песні і іншае жыццё, трагічнае, супярэчлівае і пярэстае, даводзіць нам перакладчык Сяргей Шупа.
Пра Міленку Ергавіча Сяргей Шупа даведаўся гадоў 7 таму, калі вывучыў харвацкую мову. «Мне прынеслі кнігу Ергавіча «Арэхавы палац», яна мяне проста пераарала, я зразумеў, што гэта мой пісьменнік, я закахаўся ў ягоную творчасць і цяпер сачу за кожнай ягонай літарай», – гаворыць перакладчык. Міленка Ергавіч нарадзіўся ў Сараева, пачынаў як паэт, у 1993 годзе з’ехаў у Заграб, за што цяпер часта падвяргаецца крытыцы, з таго часу працуе журналістам, піша палемічныя і вострыя артыкулы, вельмі актыўны як пісьменнік – кнігі выходзяць літаральна штогод.
Сёння ягоныя творы перакладзеныя больш як на 20 моваў свету, колькасць перакладаў сягае сотні, але на постсавецкай прасторы пра яго практычна нічога не вядома – у Расіі і ва Украіне былі толькі часопісныя публікацыі. Такім чынам, з постсавецкіх краінаў толькі ў Літве, а цяпер і ў Беларусі, ведаюць Міленку Ергавіча. Раней у часопісе «ARCHE» таксама ў перакладзе Шупы ўжо выходзіў зборнік яго апавяданняў «Сараеўскае Мальбара» пра жыццё падчас вайны ў Босніі.
«Я ўжо кніжак 20 ягоных прачытаў. І для мяне гэтая проза становіцца адным суцэльным эпасам, бяскрайняй ракой. Ён вельмі таленавіты наратар у такой народнай традыцыі, калі сядзіць дзядзька і проста бясконца цікава распавядае. Прычым ніводная гісторыя не ўзятая з рэчаіснасці жыўцом, усе сюжэты ён знаходзіць у сваёй душы», – заварожвае Сяргей Шупа прысутных на абавязковае прачытанне кнігі, пасля чаго зачытвае некалькі ўрыўкаў, часам абіраючы даволі крывавыя моманты.
Сам Міленка Ергавіч вельмі хацеў прысутнічаць у Мінску на прэзентацыі, але сямейныя абставіны змусілі яго памяняць планы. Таму да беларускага чытача ён звярнуўся праз скайп, расказаўшы, што гэты пераклад для яго асабліва каштоўны.
Сярод гасцей іспрэзы быў галоўны балканазнаўца, прафесар Іван Чарота, які расказаў, што беларуска-югаслаўскія літаратурныя сувязі ўвогуле вельмі кволыя: калі беларускую паэзію можна перастварыць паводле падрадкоўнікаў, то з перакладам нашай прозы зусім бяда.
Дарэчы, з вызначэннем мовы кнігі Міленкі Ергавіча, якога патрабавала ад выдаўца Змітра Коласа Нацыянальная кніжная палата, таксама былі праблемы. «Сказаць, што гэта харвацкая мова, нельга, бо дзеянне адбываецца ў Босніі, ды і баснійскасць мовы пераканаўчая – людзі, якія выраслі ў Харватыі, казалі, што яны яе не разумеюць. Напісаць, што сербска-харвацкая, – неяк несалідна. У выніку, напэўна, гэта першая кніга ў Беларусі, дзе пазначана «пераклад з баснійскай». Хоць мы разумеем, што палітычна гэта правільна, а лінгвістычна – вельмі ўмоўна», – тлумачыць Сяргей Шупа.
«Іншала, Мадона, іншала» – зборнік апавяданняў, навеяных аўтару 16 баснійскімі народнымі песнямі сеўдалінкамі – гарадскім мусульманскім фальклорам, а таксама трыма далмацкімі песнямі. Самі тэксты песень і іх падрадкоўныя пераклады Сяргей Шупа таксама вырашыў уключыць у выданне, чаго няма ў арыгінале, каб беларускі чытач лепш уяўляў фальклорную тканку твора. А для глыбейшага пагружэння клапатлівы перакладчык раздаваў на прэзентацыі ўсім пакупнікам кнігі самаруч запісаныя дыскі з баснійскай музыкай. А сапраўды атмасферным складнікам вечарыны сталі балканскія спевы ад гурта “Alta Mente” і Кацярыны Ваданосавай.
Пісьменнік Альгерд Бахарэвіч, які выступіў на мерапрыемстве як чытач, перабіраючы ружанец, выдаў медыцынскі рэцэпт на чытанне зборніка: ужываць па адной таблетцы, дакладней, па адным апавяданні перад сном.
Аляксанда Дорская
Фота: Зарына Кандрацьева