Гомельскі паэт Сяргей Балахонаў прэзентаваў у сеціве альбом меладэкламацый «Дзеванькі і шавурма».
Рэліз складаецца з дзесяці трэкаў. Усе вершы пісаліся адмыслова для гэтага альбома цягам года. У якасці музычнага аздаблення ўзятая музыка для некамерцыйнага выкарыстання з сайта jamendo.com. Выніковыя запісы збольшага вытрыманы ў стылістыцы lo-fi, адметны акцэнт робіцца на голасе аўтара.
Вершы, якія ўвайшлі ў альбом, умоўна могуць быць акрэслены як любоўная лірыка. Умоўна, бо самому аўтару карціць дадаць прыстаўку «пост-» ці то да слова «любоўная», ці то да слова «лірыка». Бо як ты ні круці тыя вершы, усё адно выходзіць нешта не так.
Не толькі цнота з гарэзіяй, як іранічна раіў у адным са сваіх вершаў Янка Купала, спрытна намяшаны ў лірыцы альбома «Дзеванькі і шавурма». У ім горыч і сарказм, настоеныя на азяблых кветках помнага лета і гербарыях «Літоўскае метрыкі», разліваюцца па бясчассі гомельскае восені. У ім масавая культура, прыхапіўшы сёе-тое з гісторыі і геаграфіі пэўных віртуальнасцяў, фірмова цалуецца з гібрыднаю вайною за феод спляжанага пустатой сэрца.
Не спяшаючыся даваць ясную адгадку, назву альбома Сяргей Балахонаў тлумачыць наступным чынам: «Аднойчы на творчай сустрэчы мяне спыталі: “У вас вершы пра дзевак ды пра дзевак. А пра мову і Радзіму не пішаце?”. “А хіба дзеўкі не Радзіма?”, – знайшоўся тады я, а значна пазней падумаў, што яны і Радзіма, і чужына, і шавурма».
Спампаваць усе трэкі і тэксты вершаў (34,54 Мб)
Сяргей Балахонаў вядомы таксама як празаік і перакладчык песеннае лірыкі. Яго кніга містыфікацый «Зямля пад крыламі Фенікса» увайшла ў шорт-ліст літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройца па выніках 2012 г. Дзякуючы ягоным перакладам, па-беларуску загучалі песні гуртоў Naka, Нестандартный Вариант, 5diez ды інш. З 2011 г. ён займаецца ўласным музычным праектам пераважна ў жанры dark ambient.