– Я нарадзіўся ў Беларусі, а потым на тры гады з’ехаў у Літву. Там хадзіў у дзіцячы садок і скончыў два першых класы школы. У школе вывучаў літоўскую мову. Потым зноў вярнуўся ў Беларусь і жыў у Браслаўскім раёне. Калі я вярнуўся на радзіму, то пайшоў у трэці клас ужо беларускай школы. За ўвесь трэці клас, на індывідуальных занятках з маёй настаўніцай беларускай мовы, я прайшоў увесь папярэдні курс. Я памятаю, што было вельмі цяжка, але я даў гэтаму рады. Спачатку ў нас была беларускамоўная школа, але потым праз нейкую рэформу выкладанне ў школе перавялі на расійскую. Я пачаў забывацца на беларускую мову, звычайна размаўляў па-расійску. У дзевятым класе я ўжо вырашыў, што буду паступаць на гістарычны факультэт. Беларускую гісторыю я вельмі любіў і добра яе ведаў, таму без перашкодаў паступіў. Маёй спецыялізацыяй сталася этналогія, этнаграфія і антрапалогія. Я вывучаў этналогію Беларусі, сам пачаў займацца даследаваннямі. Так вось і стаў беларусам. Сям’я ў мяне вельмі талерантная. Асабліва яна на мяне не ўплывала. У сям’і размаўляюць па-расійску. Але ў ніякім разе не перашкаджаюць мне размаўляць па-беларуску.
Для мяне быць беларусам – гэта жыць тут і любіць тое, што звязана з гэтай зямлёй.
Я скончыў гістарычны факультэт БДУ, маю вялікую колькасць цікавасцяў і хобі, сярод якіх значнае месца займае музыка.
Сяргей Бурак, музыка, гітарыст, Відзы