
— Для мяне быць беларусам — гэта адчуваць сабе жыхаром сваёй краіны, разумець і любіць краіну, у якой я жыву. Мая маці, якая паходзіць з Украіны, скончыла МДУ і прыехала ў Беларусь у 1987 годзе, каб працаваць па размеркаванні ў адным з мінскіх навукова-даследчых інстытутаў. Дарэчы, там яна працуе па сённяшні час. Падчас распаду СССР яна па сваім жаданні атрымала беларускае грамадзянства. Праз некалькі гадоў у Беларусь прыехалі мы з татам. Мне тады было тры гады. Я рос у Беларусі і сярод беларусаў, разам з іншымі вучнямі наведваў школу, вывучаў мову і літаратуру.
Аднойчы я зацікавіўся гісторыяй і культурай Беларусі, завёў знаёмствы з людзьмі з падобнымі цікавасцямі. Тады ж спазнаў творчасць беларускіх рок-гуртоў “НРМ”, “Крама” ды іншых. Я хутка палюбіў мілагучнасць мовы, помнікі беларускай літаратуры, захапляльную трагічнасць гісторыі, самабытнасць культуры. У сям’і размаўляў па-ўкраінску і па-расійску, беларускую мову практыкаваў з сябрамі ды знаёмымі.
Праз пэўны час я зразумеў, што не здольны адмяжоўваць сябе ад усяго гэтага. Хутка ўцяміў, што завяз у гэтым усёй душой, што цяпер я — беларус.
На дадзены момант я не ўяўляю сябе жыхаром нейкай іншай краіны.
Гэтая мая школьная зацікаўленасць перарасла ў сур’ёзнае захапленне. Я, пакуль што на аматарскім узроўні, займаюся музыкай. У мінулым годзе я пазнаёміўся з таленавітымі музыкамі з мінскага гурта “Пераплут”, які грае пераважна аўтэнтычны беларускі фольк. На сённяшні момант наш гурт ладзіць канцэрты па Беларусі ды краінах Усходняй Еўропы. Мы самі адшукваем ноты ды тэксты старажытных беларускіх песняў. Частку з іх наш дудар прывёз з этнаграфічных экспедыцыяў па цяжкадасяжных месцах нашай краіны. Там, сярод сталага пакалення, засталіся яшчэ старыя паданні, казкі ды неабсяжная музычная спадчына.
Нягледзячы на тое, што у маіх венах не цячэ аніводнае кроплі беларускае крыві, я лічу сябе беларусам і ганаруся сваёй новай радзімай.