Сярога. Гомельскае паўстаньне 2015-га году

Рэпер запісаў альбом “Фэнікс” – працу моцную, вытачаную ў музычным пляне і вытанчаную ў пляне лірыкі.

Назва новага альбому як бы сымбалізуе паўстаньне зь небыцьця колісь папулярнага на ўвесь постсавок выканаўцу “спартовых частушак”, які, паводле ўласнага выразу, быў сем год у чыл-аўце. Уласна пра сваё перанараджэньне Сярога абвесьціў двума магутнымі рэлізамі летась – “50 оттенков Серого”  і сайд-праектам “Туфлі гну”. Пархоменка гэты час правёў яўна з карысьцю – не па танных кабаках і настальгічных дыскачах сьпяваў “Чорнага бумера”, а заняўся самаўдасканаленьнем. Па выніку ягоная фірмовая пацанская кепка разам зь іншымі прыкметамі стылю была адпраўленая на сьметнік гісторыі. Сярога пачаў чытаць – нават не чытаць, а вяшчаць – на тэмы “я і Сусьвет”, “я і яны”, “я і рэп”.  Вядома ж, са звыклымі шпількамі ў бок адэптаў стылю (“В игре бардак, мурчание ягнят и модная бурда…”), зь неўласьцівым яму раней корпаньнем у сабе. Выйшла так, што ён у пэўны момант замаўчаў і толькі слухаў, мацнеючы ў гэтым сваім маўчаньні, а потым выкінуў назапашаныя эмоцыі. Легенда выдатная, яна агучваецца ў праграмным трэку “Тестамент”. Толькі што яе не прадасі. І ў тым, уласна, яе каштоўнасьць.

https://cs425429.vk.me/v425429384/991c/yY2mNHzi6CM.jpg

З выхадам “Фэнікса” Сярогу будуць чакаць папрокі (найперш, канечне, з боку тых, у каго ён асацыюецца з аўтарам гімна пра папулярнае аўто) у поўнай няздатнасьці стварыць гіт. Тут іх сапраўды няма. Тут ёсьць проста ашаламляльны трэк, у якім Сярога размаўляе з самім сабой пра экзістэнцыйныя рэчы (“Фэнікс”), чыста баявая лірыка па канонах стылю (“Эверлэст”),  дзіўная тэма-каляж пра Маскву, складзеная з цытатаў са “Зверей”, “Бумбокса”, Летава і Цоя, і песьня, якая пяецца рыхтык голасам Талькова (“Музей мадам Тюссо”). А вось гіта няма. Пацаны ў шоку. Намінаваць на “залаты грамафон”  і ўзяць на рынгтон няма чаго. І дзякуй за гэта.

“Фэнікс” – праца моцная, вытачаная ў музычным пляне і вытанчаная ў пляне лірыкі. Тэматычна гэты альбом працягвае “50 адценьняў…”. Асабліва трэк “В теме” – фактычна працяг загалоўнага нумару з папярэдняга дыску. Але ўсё ж гэтая праца саступае папярэдняму альбому, дзе практычна кожны нумар – хук з найярчэйшым прадакшнам і прамоўшнам. “Фэнікс” у гэтым пляне ўсё ж не такі аб’ёмны і калярытны, ён сыраваты, нібы кінуты на нейкай стадыі рэалізацыі. Затое ў пляне пранізьлівасьці, адкрытасьці і гранічнай шчырасьці не саступае. Як каго цікавіць такі варыянт экзістэнцыйнага рэпу – дык гэта ягоны ўзор.

Ідэя: 8
Выкананьне: 8
Тэксты: 8
Запіс: 7
Аздабленьне: 7
Сяргей Будкін