Мерапрыемствы распачынаюцца ўвечары 21 красавіка. Міжнародная акцыя ў падтрымку чытання «Бібліяноч» прымеркавана да Сусветнага дня кнігі і аўтарскага права, які адзначаецца з 1995 года.
Бібліятэкі працуюць з 19:00 да 23:00, пашыраецца фармат працы — пройдуць кніжныя выставы, публічныя чытанні, акцыі і іншае.
У Цэнтральнай навуковай бібліятэцы НАН Беларусі акцыя мае назву «Тэрыторыя навукі» — адзінаццаць інтэрактыўных выстаў з экскурсаводамі, музыка, арт-лабараторыя, музей займальных навук.
«Можна будзе здзейсніць займальнае падарожжа ў далёкае мінулае і вывучыць экспанаты археолага-антрапалагічнай выставы «Скура ды косткі», — абяцаюць арганізатары мерапрыемства, — адчуць сябе сапраўднымі даследчыкамі мікрасвету і каталізатараў, а таксама дакрануцца да таямніц хімічных з’яў. Чапаць рукамі не толькі не забараняецца, а вельмі нават дазваляецца... экспанаты інтэрактыўнай выставы музея займальных навук «ЭКСПИРИмЕНтуС»! Незвычайную калекцыю галаваломак з усяго свету высока ацэняць аматары інтэлектуальнага вольнага часу».
Таксама прапануюць блок навукова-папулярных лекцый. Антраполагі распавядуць аб тым, як змяняліся людзі на працягу апошняй 1000 гадоў. Гісторык Алег Дзярновіч раскажа пра фрэскі Крэўскага замка. Аляксандр Доўнар распавядзе пра мастацкае аздабленне старажытных рукапісаў. Таццяна Даўгач — пра эпідэміі ХІХ стагоддзя. Вадзім Урублеўскі пазнаёміць з кнігамі па генеалогіі Беларусі.
Нацыянальная бібліятэка Беларусі праводзіць бібліяноч пад назвай «БібліяІмпульс».
Спачатку тэатралізаванае адкрыццё «Гаворыць і паказвае...» з удзелам студэнтаў рэжысуры Беларускага ўніверсітэту культуры і ўдзельнікаў студыі танца ліцэю БДУ «Глорыя».
Будзе працаваць дабрачыннай пляцоўка «#БольшеЧемМожешь» сумесна з арганізацыяй «Эгіда».
Можна патрапіць на QR-экскурсію «Беларусь мая сінявокая...», пабываць на майстар-класах «Выцінанка», «Макрамэ», «Скрапбукінг» і інш, наведаць «Літаратурны салон» у залі перыёдыкі.
Пройдзе сустрэча з пісьменніцай і паэткай Ірынай Карнавухавай.
Для аматараў шашак і шахматаў (класічных, японскіх і кітайскіх) пройдзе цэлы шэраг майстар-класаў, сеансаў адначасовай гульні і турніраў.
Таксама прапануюцца актыўныя квесты ад кампаніі «Квесторыя», настольныя гульні ад Hobby World, этнавечарына з фолк-гуртом Guda і капэлай традыцыйнай музыкі «Анягож», лекцыі адваката, астрапсіхолага, астролага, нутрыцыёлага, імідж-стыліста, майстар-класы па фантастычнай ілюстрацыі, сучасных бальных танцах, індыйскаму танцу, выступіць хор кітайскіх студэнтаў.
Для маленькіх наведвальнікаў будзе аквагрым, майстар-класы і ўзорны тэатр лялек «Васілёк», арт-тэатр Vershina, цыркавая студыя Fantasy, творчыя сустрэчы з дзіцячай пісьменніцай Аленай Масла і пазнавальная IT-праграма ад вучэбнага цэнтра «Айціландыя».
На першым і другім паверхах Нацыянальнай бібліятэкі будуць працаваць буфеты.
Спіс бібліятэк, што бяруць удзел у «Бібліяночы»
У Мінску:
Нацыянальная бібліятэка Беларусі (пр. Незалежнасці, 116), тэма «БібліяІмпульс»;
Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа НАН Беларусі і Беларуская сельскагаспадарчая бібліятэка імя І. С. Лупіновіча НАН Беларусі (вул. Сурганава, 15), тэма «Тэрыторыя навукі»;
Рэспубліканская навуковая медыцынская бібліятэка (вул. Фабрыцыуса, 28), тэма «Начны абанемент»;
Цэнтральная дзіцячая бібліятэка імя М. Астроўскага (пр. Газеты «Праўда», 20а), тэма «Бібліяпрыцемкі «Кніга і кампанія»;
Цэнтральная бібліятэка імя Янкі Купалы (вул. В. Харужай, 16), тэма «Традыцыі. Тое, што нас аб’ядноўвае»;
Бібліятэка № 13 (вул. Народная, 43а), тэма «Кніга. Музыка. Тэатр».
У рэгіёнах:
Навуковая бібліятэка Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы;
Астравецкая раённая бібліятэка;
Цэнтралізаваная сістэма дзяржаўных публічных бібліятэк Магілёва;
Сетка бібліятэк Кіраўскага раёна;
Бібліятэчная сетка Клічаўскага раёна;
Бібліятэчная сетка Крычаўскага раёна;
Цэнтралізаваная сетка публічных бібліятэк Слаўгарадскага раёна;
Бібліятэчная сетка Хоцімскага раёна;
Цэнтралізаваная бібліятэчная сетка Шклоўскага раёна.
Уваход на ўсе мерапрыемствы вольны.