У межах праекту “Тузін. Перазагрузка” інтэрнэт-парталу “Тузін Гітоў” і грамадскай кампаніі “Будзьма беларусамі!” гурт “Сердце дурака” прадстаўляе сваю беларускамоўную песню “Маці”. Лідэр гурта Цімафей Яравікоў адмовіўся спяваць перакладную версію свайго хіта “Пропасть” і запісаў свой першы беларускамоўны твор. “Яна напісалася не спецыяльна, гэта быў унутраны парыў, што нарадзіўся пасля доўгіх размоваў са свядомымі беларусамі”, – кажа аўтар.
Цімафей упарціўся пераасэнсаваньню сваёй “Пропасти” ад самага пачатку ўдзелу ў праекце. Пераклад песні, які зрабіў Алесь Камоцкі, магілёўскага рокера не пераканаў у адваротным. “Упершыню бачыў пераклад уласнага твора і хачу падзякаваць перакладчыку, несумненна таленавітаму чалавеку, але гэты тэкст не магу прыняць”, – так адрэагаваў Цімафей. Потым ужо ён патлумачыць больш канкрэтна: “Па-першае, лічу, што немэтазгодна перакладаць песні з расійскай на беларускую ў краіне, дзе кожны першы валодае расійскай мовай. Па-другое, у мяне занадта высокія патрабаванні да перакладу, каб я паставіў там сваё імя. Па-трэцяе, я наогул не праспяваў бы “Пропасть” не толькі па-беларуску, але і на хоць якой іншай мове свету, бо з вялікай асцярожнасцю стаўлюся да сваіх твораў”.
У выніку “Сердце дурака” запісала для праекту “Перазагрузка” ўласную кампазіцыю. Першую песню, якую Цімафей напісаў па-беларуску. “Яна напісалася не спецыяльна, гэта быў унутраны парыў, што нарадзіўся пасля доўгіх размоваў са свядомымі беларусамі”, – апавядае аўтар і дадае, што менавіта праект “Перазагрузка” даў жыццё гэтаму твору: “Інакш бы ён проста згінуў”.
Сердце дурака – Маці (музыка і словы – Ц. Яравікоў)