Пад Ружанскім палацам адкрыліся невядомыя раней сутарэнні — яны вытрымалі пажары і цяжкую будаўнічую тэхніку

У адной з галоўных турыстычных жамчужын Беларусі звычайная пракладка інжынерных камунікацый ператварылася ў маштабнае даследаванне, якое дазволіла археолагам зазірнуць углыб стагоддзяў. Спецыялісты не толькі знайшлі падмуркі страчанай рэзідэнцыі Сапегаў XVII стагоддзя, але і выявілі ідэальна захаваныя падземныя залы пад палацам, пра існаванне якіх дагэтуль было невядома, піша «Наша Ніва» са спасылкай на «Пружаны ТБ».

Ruiny Ružanskaha pałaca Руіны Ружанскага палаца хаваюць яшчэ шмат таямніц. Фота з сацсетак

Раней паведамлялася пра тое, што на тэрыторыі Ружанскага палацавага комплексу выявілі фрагменты падмуркаў будынкаў XVII стагоддзя, якія маглі адносіцца да сядзібнай забудовы часоў Льва Сапегі, задоўга да таго, як архітэктар Ян Самуэль Бекер стварыў знакаміты палацавы ансамбль у канцы XVIII стагоддзя. Знаходкі былі зафіксаваныя падчас археалагічнага нагляду за пракладкай інжынерных камунікацый.

Каманда спецыялістаў з Інстытута гісторыі Акадэміі навук і Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. С. Пушкіна пад кіраўніцтвам прафесара Аляксандра Башкова не толькі ўдакладніла лакалізацыю старажытных збудаванняў, але і выявіла добра захаваныя падзямеллі, пра існаванне якіх раней не было дакладных звестак.

Што хавалася пад зямлёй

Самыя цікавыя знаходкі чакалі даследчыкаў на паўночны ўсход ад галоўнага корпуса. Экскаватар адкрыў падмуркі двух капітальных будынкаў, якія ўражваюць сваёй магутнасцю. Шырыня апорных сцен тут дасягае 85 сантыметраў, што сведчыць пра тое, што гэта былі не гаспадарчыя прыбудовы, а сур’ёзныя, мабыць, шматпавярховыя аб’екты.

Skrynšot
Скрыншот відэа

Skrynšot
Паказальна, што на такім важным помніку, як Ружанскі палац, камунікацыі пракладаліся ўсляпую, без увагі на археалогію. Да прыезду археолагаў будаўнікі выканалі пастаўленую перад імі задачу, цалкам зрыўшы кавалак захаванага ў зямлі мура. Скрыншот відэа

Спецыялістаў асабліва зацікавіла спецыфічная тэхніка муроўкі, характэрная менавіта для пачатку XVII стагоддзя. Будаўнікі таго часу выкарыстоўвалі своеасаблівы «слоены пірог»: два шэрагі цэглы чаргаваліся з шэрагамі апрацаваных валуноў. Усё гэта змацоўвалася трывалым вапнавым растворам. Такая тэхналогія не толькі эканоміла дарагую цэглу, але і рабіла сцены надзвычай устойлівымі і візуальна выразнымі.

«Słojenaja» muroŭka
«Слоеная» муроўка ў аснове адной з выяўленых пабудоў. Скрыншот відэа

Яшчэ адным маркерам эпохі стала знойдзеная ў вялікай колькасці цэгла-«пальчатка». Старшы выкладчык БрДУ Віталь Піліповіч патлумачыў, што гэта тыповы матэрыял для XVII стагоддзя, які лёгка пазнаць па глыбокіх падоўжных баразёнках на паверхні. Пальцы майстра пакідалі гэтыя сляды на сырой гліне не дзеля прыгажосці, а каб павялічыць плошчу счаплення цэглы з растворам і зрабіць мур трывалейшым.

Kontrfors
Выяўлены контрфорс невядомай пабудовы. Скрыншот відэа

На адным з адкапаных кутоў будынка археолагі выявілі масіўны канструктыўны элемент, які выступае вонкі прыкладна на 70 сантыметраў. Навукоўцы мяркуюць, што гэта контрфорс — вертыкальная апора для ўзмацнення сцяны. Наяўнасць такога элемента ўскосна пацвярджае, што будынак быў высокім і, мусіць, меў цяжкія скляпенні, гарызантальнае распіранне якіх і павінен быў гасіць контрфорс.

Археолагі адзначаюць, што частка знойдзеных збудаванняў можа адносіцца не толькі да сапегаўскага перыяду. Паводле іх слоў, яшчэ да таго, як Ружаны ў 1598 годзе перайшлі да Сапегаў, маёнтак належаў роду Тышкевічаў.

Менавіта з гэтым, больш раннім этапам, даследчыкі звязваюць гіпотэзу пра існаванне першапачатковай сядзібы, лакалізацыю якой доўгі час не ўдавалася дакладна вызначыць. Выяўленая цяпер канцэнтрацыя культурнага пласта і фрагменты капітальных збудаванняў адкрываюць магчымасць удакладніць межы і структуру гэтай дасапегаўскай забудовы, аднак такая версія пакуль разглядаецца як навуковая гіпотэза і патрабуе далейшага пацвярджэння.

Звыштрывалыя сутарэнні

Vyjaŭlenyja niekranutyja sutarenni pałaca Sapiehaŭ
Выяўленыя некранутыя сутарэнні палаца Сапегаў. Скрыншот відэа

Сапраўдная архітэктурная сенсацыя чакала даследчыкаў унутры галоўнага корпуса палаца, які цяпер рыхтуецца да кансервацыі. Падчас расчысткі шматгадовых завалаў смецця адкрыліся аўтэнтычныя скляпеністыя падвалы. Іх стан літаральна ўразіў археолагаў.

Нягледзячы на тое, што палац стаяў у руінах больш за стагоддзе і перажыў некалькі разбуральных пажараў, асабліва ў часы, калі тут размяшчалася суконная фабрыка роду Пінесаў, цагляная муроўка скляпенняў засталася амаль ідэальнай.

Skrynšot
Тэхніка, якая працуе на раскопках унутры палаца. Скрыншот відэа

Аляксандр Башкоў адзначае неймаверную трываласць канструкцыі: па паверхні над гэтымі падзямеллямі сёння ездзіць цяжкая будаўнічая тэхніка, але старажытныя скляпенні нават не трашчаць.

Больш за тое, у муроўцы захаваліся і спраўна працуюць старадаўнія вентыляцыйныя каналы. Гэта сведчыць пра высокі ўзровень праектавання: будаўнікі Сапегаў яшчэ 400 гадоў таму паклапаціліся пра мікраклімат у падземных памяшканнях.

На сценах падвалаў бачныя сляды агню. Сажа — гэта маўклівы сведка фабрычных пажараў XIX стагоддзя, якія, аднак, не змаглі знішчыць майстэрскую працу дойлідаў XVII стагоддзя.

Гербавая кафля і старажытныя манеты

Архітэктурныя адкрыцці былі падмацаваныя багатай калекцыяй артэфактаў, знойдзеных у культурным пласце побач са сценамі. Менавіта гэтыя прадметы дазваляюць не толькі датаваць пабудовы, але і звязаць іх з канкрэтнымі гістарычнымі асобамі.

Frahmient hieraldyčnaj kafli z nadpisami
Фрагмент геральдычнай кафлі з надпісамі. Скрыншот відэа

Сярод знаходак вылучаюцца фрагменты геральдычнай кафлі з радавым гербам Сапегаў «Ліс». На некаторых кавалках выразна чытаюцца лацінскія літары «S» і «C», а таксама фрагменты даты «...ROKU». Віталь Піліповіч мяркуе, што гаворка можа ісці пра 1630‑1640‑я гады — часы Казіміра Льва Сапегі.

Frahmient palivanaj hieraldyčnaj kafli z hierbam «Lis» Sapiehaŭ
Фрагмент паліванай геральдычнай кафлі з гербам «Ліс» Сапегаў. Скрыншот відэа

Frahmient palivanaj kafli
Фрагмент паліванай кафлі. Скрыншот відэа

Нумізматычная калекцыя ахоплівае перыяд ад канца XVI да сярэдзіны XX стагоддзя. Тут і шэлегі Жыгімонта III Вазы, і манеты Яна Казіміра, і рыжскія соліды, што сведчыць пра актыўны гандаль і няспыннае жыццё ў рэзідэнцыі. Бытавы бок жыцця палаца ілюструюць сотні фрагментаў керамікі, сярод якіх цікавасць выклікаюць ножкі рынак. Рынка — гэта гліняная патэльня на трох ножках, якая ставілася непасрэдна ў вуглі.

Frahmienty palivanaj kafli
Фрагменты паліванай кафлі. Скрыншот відэа

Таксама знойдзены кавалкі застылай глазуры, што можа сведчыць пра існаванне ўласнай майстэрні па вытворчасці кафлі непасрэдна пры двары.

Што чакае Ружанскі палац далей

Дырэктар музея Алена Кубарка мяркуе, што археолагі маглі натрапіць на рэшткі той самай першапачатковай сядзібы Льва Сапегі, пра якую вядома з архіўных інвентароў. У дакументах згадваецца, што апроч абарончага замка ў маёнтку існавалі «тры дамы: вялікі, малы і сярэдні», аднак дакладнае месца іх знаходжання доўгі час заставалася загадкай. Цяпер гэтая загадка, падобна, пачынае знаходзіць сваё тлумачэнне.

Ružanski pałac
Сённяшні стан Ружанскага палаца. Скрыншот відэа

Ružanski pałac
Сённяшні стан Ружанскага палаца. Скрыншот відэа

Усе знойдзеныя аб’екты зафіксаваныя і нанесеныя на тапаграфічны план, а артэфакты папоўняць музейныя фонды. Даследчыкі падкрэсліваюць, што гэтыя знаходкі не толькі дазваляюць удакладніць межы і структуру ранняй рэзідэнцыі, але і адкрываюць новыя перспектывы для далейшых археалагічных даследаванняў.

Ružanski pałac da pierabudovy mieŭ viežu na hałoŭnym fasadzie i vuhłavuju piacivuholnuju viežu-alkoŭ z tylnaha boku
Ружанскі палац да перабудовы меў вежу на галоўным фасадзе і вуглавую пяцівугольную вежу-алькоў з тыльнага боку. Фота: sources.ruzhany.info

У перспектыве навукоўцы разлічваюць пашырыць раскопкі і звярнуцца да вывучэння ключавых элементаў абарончай архітэктуры замка. Раней ужо згадвалася пра планы археалагічнага вывучэння цэнтральнай квадратнай вежы, якая ў сапегаўскі перыяд прымыкала да галоўнага фасада і мела капліцу на другім паверсе, а таксама пяцікутнай вежы-алькова каля паўночна-ўсходняга вугла ўсходняга крыла.

А ў знойдзеных сутарэннях так і просіцца размясціць ці рэстаран, ці музейныя залы.