— Падабаецца ці не – адчуваеш сэрцам. Напрыклад, табе прыносяць нейкую рэч, няхай музычны інструмент. І ты адчуваеш, што гэты інструмент не твой, табе на ім не граць. Тое ж і з мовай краіны, дзе нарадзіўся.
Яшчэ гэта прыйшло праз музыку. Калі слухаеш італьянскую музыку, то не разумееш тэксту, але тэмбр голасу, тое, як яны спяваюць на італьянскай, падабаецца. І тое ж самае з беларускай мовай: калі пачынаеш на ёй размаўляць, у цябе ў галаве ўсё ідзе зусім па-іншаму. Па-іншаму пачынаеш разумець свет, адкрываеш яго для сябе як чалавек, які жыве і нарадзіўся на гэтай зямлі. Так беларуская мова прыйшла ў маё жыццё.
І літаратура таксама. Тое, што мы чыталі ў школе, мне не падабаецца: паны, сяляне… Паны – дрэнна, сяляне – крута. На мой погляд, Караткевіч – найлепшы беларускі аўтар. Ён перадаваў тую гісторыю, якой мы можам ганарыцца. Апроч прыгоннага ладу на Беларусі была і свая культура.
Мае бабулі-дзядулі – з вёскі. Якое раней было падзяленне? Каталік – паляк, праваслаўны – рускі. І таму маё выхаванне ў дзяцінстве было больш польскае: вершы, малітвы па-польску, уся гэтая касцёльная культура. А бацькі не перашкаджалі развівацца маёй беларускасці. У мяне сям’я інтэрнацыянальная: дзядуля рускі, бабуля з Заходняй Беларусі. І такі інтэрнацыянал выключае развіццё агрэсіўнага нацыяналізму. У нашай сям’і ёсць павага да думкі іншага чалавека, да яго нацыянальнасці. І сям’я выхоўвала ўва мне гэтую павагу. Яны развівалі мяне ў плане культуры. А для культурнага чалавека, які жыве на Беларусі, ведаць беларускую мову – нармальна.
Сымон Пазняк, студэнт