Сёмы паказ “Чарадзея”: 9 прычынаў наведаць!

03.10.2018 Музыка

27 кастрычніка фольк-рок оперу “Чарадзей” аб прыгодах славутага полацкага князя Усяслава Чарадзея пакажуць сёмы раз, гэтым разам – на сцэне Маладзёжнага Тэатра Эстрады (вул. Маскоўская 18а)

Чарадзей-2

У Мінску гледачы змогуць цалкам пабачыць твор у пяты раз, бо два паказы “Чарадзей” вытрымаў у польскім Бельску падчас польскіх  гастролей праекта ў травені 2017 года.

Музыку, тэксты і лібрэта напісаў Раман Арлоў, вядомы таксама як аўтар цыкла дзіцячых музычных спектакляў  пра прыгоды літары У нескладовае (казкі, дарэчы, выйшлі 9цю паказамі за 9 месяцаў, у Менску і іншых гарадах Беларусі).

Фабула музычна-тэатральнага перфоманса  круціцца вакол дзівоснага вызвалення Чарадзея з кіеўскай вязніцы у 1068 годзе, не без дапамогі таямнічай госці з сучаснай Беларусі, дзяўчыны Касі.

“Мы лічым, што праект, акрамя эстэтычнай,  мае і адукацыйную функцыю, таму заклікаю дырэктараў школ і гімназій, а таксама класных кіраўнікоў,  наведаць “Чарадзея” хаця б адзін раз, як гэта ўжо зрабіла 100 вучняў 10х і 11х класаў Ліцэя БДУ” – адзначае Раман Арлоў.

А вось 9 прычын, паводле якіх варта наведаць паказ “Чарадзея” 27 кастрычніка:

  1. Новы дуэтны нумар Чарадзея і Касі, якога ў спектаклі раней не было.
  2. Новы галоўны герой.
  3. Апошні паказ з скрыпачкай Глафірай Жур, якая ад’язджае на сталае жыхарства ў Швэцыю.
  4. Новы склад ХОРА.
  5. Новы склад БАЛЕТА.
  6. Новыя аранжыроўкі часткі нумароў, часам з напалову акустычным цёплым “лямпавым” гучаннем.
  7. Слайды і анімацыя медыямастачкі Насці Данілковіч у якасці замены традыцыйным дэкарацыям.
  8. Дадаткова запрошаныя музыкі ў рок-гурт “У нескладовае”, які выконвае ў праекце ролю АРКЕСТРА.
  9. І проста цудоўная магчымасць разам з сябрамі (а магчыма нават і замежнымі) цудоўна прабавіць відаць што не самы цёплы (у сэнсе тэмпературы на двары) вечар суботы.

А ў самых бліжэйшых планах “Чарадзея” – пераклад на ангельскую мову і тур па Беларусі.

Квіткі ўжо можна набыць анлайн.