Сёмы з’езд беларусаў свету адбудзецца 15–16 ліпеня 2017 года ў Мінску. Дату і месца правядзення зацвердзіла Малая Рада Згуртавання на пасяджэнні, якое адыблося 15 снежня. Таксама Рада прыняла шэраг важных рашэнняў, сярод якіх найпершае – вызначэнне тэмы З’езду: “Беларуская нацыя, беларуская дзяржаўнасць, беларускае замежжа – выклікі сучаснасці і стратэгія развіцця”.
Гэтая тэма дазваляе засяродзіць увагу на праблеме захавання дзяржаўнага суверэнітэту Беларусі, што ў святле геапалітычных працэсаў апошняга часу набывае ўсё большую актуальнасць, а таксама разгледзець па-ранейшаму надзённыя праблемы, звязаныя са слабай нацыянальнай ідэнтычнасцю як сярод беларусаў замежжа, гэтак і ў самой Беларусі. Важным аспектам працы З’езду стане выпрацоўка рэкамендацый адносна практычных крокаў для паглыблення ўзаемадзеяння паміж Беларуссю і беларусамі замежжа.
Як вядома, З’езды беларусаў свету ладзяцца Згуртаваннем раз на чатыры гады, пачынаючы ад 1993 года. І кожны з’езд рабіўся важнай падзеяй, этапам у развіцці стасункаў паміж Беларуссю і беларусамі замежжа. Менавіта з ініцыятывы Згуртавання “Бацькаўшчына”, агучанай на Трэцім з’ездзе, пачалі фарміравацца прапановы для законапраекта “Аб беларусах замежжа” і дзяржаўнай праграмы “Беларусы ў свеце”. З прыняццем гэтага закона ў 2014 годзе быў юрыдычна замацаваны статус “беларус замежжа” і закладзеная заканадаўчая база для супрацоўніцтва з беларускай дыяспарай, якую цяпер трэба пашыраць і напаўняць практычнымі крокамі.
Чакаецца, што прапановы адносна ўзаемадзеяння беларускай дыяспары і Беларусі будуць абмеркаваныя як на пленарным пасяджэнні, так і падчас працы секцый. На сёння Малая Рада зацвердзіла 4 секцыі, з якіх Вялікая Рада (куды ўваходзяць прадстаўнікі і кіраўнікі беларускіх арганізацый у замежжы) абярэ тры.
На галасаванне Вялікай Рады вынесены наступныя тэмы секцый:
1. Гістарычныя карані беларускай дзяржаўнасці.
2. Беларуская дыяспара і Беларусь: стратэгія ўзаемадзеяння ў сучасных умовах.
3. Беларуская мова і культура як падмурак дзяржаўнай незалежнасці.
4. Хрысціянства ў Беларусі ў святле 500-годдзя выдання Бібліі Скарыны.
Малая Рада даручыла Управе сфармаваць Арганізацыйны камітэт і Працоўную групу па падрыхтоўцы Сёмага з’езду беларусаў свету, а таксама вызначыць нормы прадстаўніцтва дэлегатаў. Дзеля высвятлення найбольш важных надзённых пытанняў, якія хвалююць арганізацыі беларусаў замежжа, было вырашана правесці апытанне, у якім сабраць прапановы, скіраваныя як да беларускай дзяржавы, так і да грамадскасці. Анкеты будуць дасланыя ў шматлікія беларускія суполкі за мяжой. Каб улічыць меркаванне як мага больш шырокага кола тых, хто займаецца беларускай справай па ўсім свеце, неўзабаве на сайце “Бацькаўшчыны” з’явіцца электронная форма апытання.
За падрабязнасцямі падрыхтоўкі да Сёмага з’езду беларусаў свету сачыце на сайце zbsb.org.