• budzma.by
  • Пра нас
  • Крама
Будзьма беларусамі! Будзьма беларусамі!
telegram www.instagram.com/budzma/ Facebook.com vk.com twitter.com youtube.com
  • Актуаліі
  • Меркаванні
  • Гісторыя
  • Літаратура
  • Гатуем з «Будзьма!»
  • «Разумняты»
  • Словы мацней
  • Вандруем разам
  • Афіша
17.05.2022 | Гісторыя Літаратура

Паэт, краязнаўца, перакладчык і гісторык літаратуры. След Уладзіслава Сыракомлі

«Народная Воля» працягвае публікаваць фрагменты з кнігі «250 асоб з Беларусі ў дыялогах культур». Гэтым разам аповед пойдзе пра паэта — Уладзіслава Сыракомлю.


Уладзіслаў Сыракомля (29 верасня 1823 г. — 15 верасня 1862 г.) 

000.jpg

Уладзіслаў Сыракомля (сапраўднае імя — Людвік Кандратовіч) — паэт.

Нарадзіўся ў фальварку Смольгава (Смальгоў, Смолькава) на мяжы былых Бабруйскага і Слуцкага паветаў (цяпер Любанскі раён) у сям’і шляхціца-арандатара Аляксандра Кандратовіча, побыт у якой нямногім адрозніваўся ад сялянскага. Вядомы шведскі лінгвіст Юзаф Трыпуцька сцвярджае: «Можна катэгарычна гаварыць аб тым, што Сыракомля з дзяцінства быў двухмоўны, гэта значыць, што павінен быў валодаць беларускай мовай у такой жа ступені, як і польскай». Гэта ж засведчыў і сам паэт. У рэцэнзіі на беларускі зборнік Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча «Вечарніцы» ён пісаў у 1855 годзе на старонках «Gazety Warszawskiej» («Варшаўскай газеты»): «У мае дні маладыя, у мае шчаслівыя дні і я апрацоўваў наднёманскую ніву, і я навучыўся крывіцкае мовы і гаварыў на ёй з пэўнай элегантнасцю з сумленнымі сялянамі Жукавага Барка». Гаворка тут ідзе пра вёску, у якой жыў сябра паэта Адам Плуг, таксама двухмоўны пісьменнік. Яна знаходзілася ў Панямонні побач з фальваркам Залуча, дзе некалькі гадоў жыла сям’я Сыракомлі.

000.png
  А. Шэмеш. Партрэт Уладзіслава Сыракомлі.

Добрая палова жыцця «вясковага лірніка» прайшла ў вандроўках па розных фальварках Беларусі і Літвы: Яськавічы, Кудзінавічы, Мархачэўшчына, Залуча, Барэйкаўшчына, — дзе спачатку арандатарам быў яго бацька, а потым ужо ён сам. Былі і перыяды, праведзеныя ў горадзе, на службе: Нясвіж, Вільня. Але горад паэт не любіў, імкнуўся на вёску. Ад рамантызму ішла любоў «вясковага лірніка», як звалі Сыракомлю, да народнага жыцця і народнай паэзіі, да гістарычнага мінулага свайго краю. Ад рамантычнай балады вядзе сваю радаслоўную сыракомлеўская «гавэнда» (гутарка), дзе апавяданне часцей за ўсё вядзецца ад імя простага чалавека, які многае пабачыў і многае па-філасофску разумее. Рэальнае, бытавое ў «гавэндах» спалучаецца з ірэальным, казачным, народжаным народнай фантазіяй. У гутарцы «Кавалак хлеба» ён пісаў, што мог бы па водары распазнаць беларускія лугі, па шуме — дрэвы з палескіх бароў, па смаку — нёманскую вадзіцу, і нават ветрык з паднёманскіх ваколіц лёгка адрозніць ад вятроў з чужых краёў. Перакананы беларускі («тутэйшы») патрыятызм быў вызначальнай рысай творчасці Ул.Сыракомлі.

001.jpg
   Смольгаў, месца нараджэння Л. Кандратовіча. Літаграфія з мал. Н. Орды

Першым вершам, які прынёс паэту вядомасць, быў «Паштальён», напісаны на аснове канкрэтнага трагічнага здарэння (апавяданне пра яго аўтар пачуў у мястэчку Мір, суседнім з Залучам). Юзаф Крашэўскі надрукаваў яго пад крыптанімам NN у віленскім часопісе «Athenaeum». Потым Леанід Трэфалеў пераклаў верш на рускую мову, невядомы кампазітар напісаў музыку — і стаў «Паштальён» шырока вядомай рускай народнай песняй «Ямщик». Потым пайшлі іншыя публікацыі, зборнікі гутарак і вершаў, якія выдаваліся ў Вільні. Пісаў Сыракомля і творы на беларускай мове: у 1848 годзе адгукнуўся на рэвалюцыйныя падзеі ў Еўропе вершам «Добрыя весці» (у 1861 годзе ён быў выдадзены нелегальнай брашурай), а на весткі аб адмене прыгону і магчымым паўстанні прарэагаваў васьмірадкоўем, якое пачынаецца са слоў «Ужо птушкі пяюць усюды». Беларускіх вершаў ва Ул.Сыракомлі было значна больш. Калі яго сакратар і вучань Вінцэсь Каратынскі хацеў апублікаваць свае беларускія творы, «вясковы лірнік» параіў яму пачакаць, каб аб’яднаць з яго беларускамоўнымі вершамі і выдаць усё ў супольным зборніку. Але гэты план не здзейсніўся.

Жывучы ў Залучы, а потым у Барэйкаўшчыне пад Вільняй, Ул.Сыракомля не раз прыязджаў у Мінск, дзе сустракаўся з Дуніным-Марцінкевічам, Плугам, іншымі беларуска-польскімі пісьменнікамі. Наладжваліся літаратурна-музычныя вечары, завязвалася літаратурнае жыццё, якое набывала характар працэсу. Творы пачынаюць узаемна ацэньвацца, рэцэнзавацца. Пачынаецца літаратурнае краязнаўства. Кніга Ул.Сыракомлі «Вандроўкі па маіх былых ваколіцах» падрабязна расказвае пра звычаі, абрады, вопратку, ежу, жыллё беларускага сялянства, цікавым з’яўляецца таксама нарыс «Мінск». Піша ён і гістарычныя паэмы («Маргер») і гутаркі («Хадыка»). Пры ўсёй іх арыгінальнасці ў гэтых творах адчуваецца ўплыў А.Міцкевіча.

З узмацненнем рэвалюцыйнай сітуацыі ў краі больш радыкальнымі становяцца і погляды «вясковага лірніка». У 1857 годзе ён накіроўваецца ў першае сваё замежнае падарожжа — Познань, Вроцлаў і Кракаў, якія тады знаходзіліся пад уладай Прусіі і Аўстрыі. Паездка садзейнічала кансалідацыі патрыятычных сіл. У Познані, пасля заканчэння пастаноўкі п’есы Ул.Сыракомлі ў тэатры, моладзь наладзіла аўтару гарачую авацыю, спявала забароненыя песні. Даведаўшыся вясной 1861 года пра тое, што ў Варшаве забіты пяць дэманстрантаў, Сыракомля едзе туды з Дуніным-Марцінкевічам, па дарозе чытае, паводле даносаў агентаў, «складзеныя ім абураючыя вершы». На зваротным шляху з Варшавы паэта арыштавалі і пасадзілі ў віленскую цытадэль. Згадалі і тое, што ў 1858 годзе ён не падпісаўся ў альбоме, які ўручаўся ў Вільні цару Аляксандру II. Сябрам удалося замяніць турму на высылку пад нагляд у Барэйкаўшчыну.

002.jpg
Дом, у якім памёр Уладзіслаў Сыракомля. Н. Орда, 1875

Хворы на сухоты, засмучаны пераследам улад і сямейнымі трагедыямі, Ул.Сыракомля памёр у Вільні, дзе і пахаваны на могілках Росы.

003.jpg
Магіла Уладзіслава Сыракомлі. Ігнацы Хелміцкі. 1869

У вершы «Пахавальны картэж» паэт песімістычна прарочыў, што на яго хаўтуры прыйдуць толькі трое тых, хто яго кахаў, трое недругаў ды яшчэ ветрык з роднай нівы і дождж са свойскага неба. Аднак на могілкі Росы Сыракомлю суправаджалі тысячы і тысячы жыхароў Вільні, сялян у беларускіх нацыянальных строях з навакольных вёсак. Ля помніка з надпісам «Сканаў, граючы на ліры» выступілі, нібы сімвалізуючы еднасць трох суседніх народаў, літовец Эдвард Даўкша, паляк Тамаш Снарскі і сын беларускага селяніна Вінцэсь Каратынскі, які сказаў: «Сэнс жыцця нябожчыка можна выказаць коратка: усю душу ён аддаваў дабру суайчыннікаў, думаючы пра іх, забываў аб іншым».

Апошняе ў рубрыцы:

valiancina_shauchenka
Культура Беларуская мова

Павел Севярынец за кратамі стварыў віктарыну на 330 пытанняў

Павел Севярынец стварыў хрысціянскую віктарыну. Павел складаў віктарыну каля двух год, седзячы на Валадарцы, у Магілёве...

valiancina_shauchenka
Грамадства

Як адвесці вайну ад Беларусі?

Нягледзячы на тое, што на тэрыторыі нашай краіны не адбываюцца ваенныя дзеянні, Беларусь, можна сказаць, апынулася...

valiancina_shauchenka
Грамадства

Прайшоў год пасля затрымання эксперткі Таццяны Кузінай. Сутнасць абвінавачванняў дагэтуль невядомая

Сёння год, як у турме знаходзіцца палітолаг, даследчыца, адна з заснавальніц праекта SYMPA (Школа маладых менеджараў...

valiancina_shauchenka
Культура Грамадства

Цэнтр новых ідэй аб’яўляе набор на курс Belarus Urban Fellowship

Цэнтр новых ідэй аб’яўляе набор на Belarus Urban Fellowship 2022 Што такое Belarus Urban Fellowship? Гэта курс анлайн-навучання...

Апошнія навіны

    Культура Беларуская мова
    Павел Севярынец за кратамі стварыў віктарыну на 330 пытанняў
    Грамадства
    Як адвесці вайну ад Беларусі?
    Грамадства
    Прайшоў год пасля затрымання эксперткі Таццяны Кузінай. Сутнасць абвінавачванняў дагэтуль невядомая
    Культура Грамадства
    Цэнтр новых ідэй аб’яўляе набор на курс Belarus Urban Fellowship
    Грамадства Гісторыя
    У Крэўскім замку знайшлі тунэль XIV стагоддзя. Чым карысная гэтая знаходка?
    Грамадства Вандруем разам
    Мар­шрут па Ку­па­ла­вым краі
    Грамадства
    Актывістка Бондарава зноў вядзе вайну з кнігамі. На гэты раз — у краме «Green»
    Культура Грамадства Музыка Беларусы свету
    «Всё, что было, разделилось на до и после». Гурт «Би-2» выпусціў антываенны кліп на песню «Калыханка»
    Культура Літаратура Беларуская мова
    Бог беларускай паэзіі, які абудзіў краіну. Андрэй Хадановіч выпусціў новае відэа, прысвечанае Янку Купалу
    Спорт
    Галоўныя фаварыты Кубка Беларусі пацвердзілі свой статус
    Грамадства Гісторыя
    20 страчаных помнікаў архітэктуры Беларусі (з ілюстрацыямі!)
    Грамадства
    Звольнілі дырэктара бібліятэкі Акадэміі навук Аляксандра Грушу
    Навіны "Будзьма!" Гісторыя
    Як і чаму ўзніклі першыя дзяржавы беларусаў. 11-ы выпуск «Гісторыі за 5 хвілін»
    Культура Грамадства
    Паміж судом і «Славянскім базарам»: куды і навошта коціцца афіцыйная культура
    Культура Літаратура
    «Вялікае наша гора»

Афіша

  • 29.06

    ПАДЗЕЯ ДНЯ: Лекцыя Уладзімера Арлова «Стагоддзе змагання. Ад Агінскага да Багушэвіча» ў Варшаве

  • 29.06 — 24.07Выстава Марка Шагала ў Варшаве
  • 29.06 — 30.06Творы Руфіны Базловай на выставе «The Medium is the Message: Flags and Banners» у ЗША
  • 29.06 — 30.07Выстава «Янка Купала і Якуб Колас. Досціпы ад класікаў» у Мінску
  • 29.06 — 30.06Выстава маляванак па матывах твораў Марка Шагала ў Мінску
  • 29.06 — 14.08Фотавыстава Віталя Бутырына «Паэтыка фотаграфікі» ў Мінску
  • 29.06 — 30.06Выстава разьбяра па дрэве Барыса Васількова ў Гомелі
  • 29.06 — 10.08Спаборніцтва па спартыўным арыентаванні Street-O ў Гродне

УСЕ ПАДЗЕI

Рассылка навінаў

Важнае пра нас

  • Што такое "Будзьма беларусамі!"
  • Рэкламадаўцам
  • Асобы кампаніі
  • Усе праекты "Будзьма!"
  • Рэдакцыйная пошта: razam@budzma.org

Папулярнае

    • «Дзейнічай як ЕГУ»: студэнтка ЕГУ абвесціла сухую галадоўку ля ўваходу ва ўніверсітэт
    • «Беларускі пісьменнік Васіль Быкаў уварваўся ва Украіну ў складзе расійскага войска?..» Адкрыты ліст Уладзіміра Някляева міністру адукацыі і навукі Украіны
    • Усё можна перажыць, калі падабраць правільную песню: ТОП-5 беларускіх трэкаў ад Сяргея Башлыкевіча
    • Здзек з Васіля Быкава
    • Актывістка Бондарава зноў вядзе вайну з кнігамі. На гэты раз — у краме «Green»
© Грамадская культурніцкая кампанія «Будьма беларусамі!», 2008-2019.
Логотип
Распрацавана і звярстана Логотип компании IBWM